Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зоська Верас памерла, не адчуўшы незалежнасьці


Зоська Верас у лясной хатцы
Зоська Верас у лясной хатцы

Хутка 25 гадоў, як мы пахавалі ў Вільні Зоську Верас. Яна дажыла да 99-ці.

Драма была ў тым, што марачы аб незалежнасьці Беларусі, яна ўжо не ўсьвядоміла, што гэта нарэшце адбылося, што Беларусь стала самастойнай дзяржавай пад бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй. Там, у Вільні аб гэтым сказаў прафэсар Пяткевіч. Зрок і слых былі вельмі кволыя, яна проста дажывала.

Мы паехалі з Горадні на пахаваньне сваім клюбам «Паходня». Былі ў жалобным доме. Нехта заўважыў, што яна ляжыць на баку ў труне, нібы заснула. Хавалі ў прадмесьці Вільні, у Верхніх Панарах. Потым бачыў фільм на БТ: мы несьлі труну, запомнілася, што Дубавец, я, а іншых ужо ня памятаю.

Пасьля пахаваньня паехалі на месца спаленага ляснога дамка Зоські Верас. Відовішча было смутным. Выглядала, што пасьля пажару там ніхто ня быў. Друз кафлянае печкі. Збуцьвелыя нямецкія кніжкі. Выбралі пару кафляў, адшукалі дзьве патэльні, серп. Для Гудзевіцкага музэю. Знайшлі студню з дажджавой вадою. Калі Зоська Верас жыла там у лесе, у яе не было сапраўднай студні.

Мы пачалі езьдзіць да яе зь Менску ў першай палове 1980-х, калі вучыліся на журфаку. Зь Сяргеем Дубаўцом, часам быў Анатоль Сідарэвіч, ён загадваў у «ЛіМе» аддзелам крытыкі. Хатка Зоські Верас была сапраўдным беларускім архівам.

Ліставаліся час-часам. Мая дыплёмная праца пра газэту «Свабода» – тэма, якая была белай плямай, зьвестак было вобмаль. І зьвесткі былі супярэчлівыя. Газэту нібы выпусьціў зь сябрамі Вацлаў Іваноўскі. Дапамаглі мне віленчукі: Лявон Луцкевіч, Ніна Ляшкевіч і сама Зоська Верас. Ёй удалося знайсьці ў сваім архіве канвэрт з паштовым адрасам Іваноўскіх. Апроч маёнтка Лябёдка, указвалася чыгуначная станцыя Скрыбава, сёньняшнія Скрыбаўцы. У 1913 годзе пасьля заканчэньня ў Варшаве курсаў садоўніцтва, агародніцтва і пчалярства Зоська Верас праходзіла практыку ва ўзорнай гаспадарцы Іваноўскіх.

Шчыра кажучы, мне самому павучыцца было б у Зоські Верас – як утрымліваць свае паперы. На ўпарадкаваньне заўжды не знаходзіў часу. Але пачаў шукаць, і трапіўся ліст ад яе часоў пошукаў зьвестак аб «Свабодзе».

«27/ХІ.83. Вільня

Паважаны Сяргей Аляксандравіч. З прыемнасьцю Вам адказваю. Аб апошнім часе жыцьця Вацлава Іваноўскага больш за мяне ведае мой зяць Лявон Ант. Луцкевіч. Але гэта тэма не для карэспандэнцыі, тым больш што часта лісты гінуць. Зяць прапануе Вам прыехаць у Вільню і пагаварыць асабіста».

Ліст даволі вялікі, на тры з паловай старонкі. Зоська Верас расказвае аб братах Іваноўскіх і аб тым, як трапіла на практыку ў Лябёдку. З Варшавы яна пісала ў «Нашу Ніву» і расказала, што трэба знайсьці месца для практыкі. Рэдактар Аляксандар Уласаў параіў Лябёдку і даў рэкамэндацыю, пісала яна мне. Зьвярнулася ў маёнтак і адразу атрымала адтуль адказ заказным лістом.

У яе засталося ўражаньне, што Леанард Іваноўскі, бацька Вацлава, ведаў Аляксандра Ўласава. Бо калі яна паведаміла, што магчыма зь ёю зьбярэцца на практыку сяброўка з курсаў, то ён запытаўся — ці яна таксама «з рэдакцыі Ўласава»?

Самога Вацлава Іваноўскага яна бачыла толькі раз у Пецярбургу ў 1916 годзе: «Мяне зь ім пазнаёмілі на вуліцы. Што ён там рабіў, ня ведаю».

Пасьля ўнівэрсытэту Дубаўца паслалі ў Гомель, мяне — у Горадню. Часам мы дамаўляліся: сядалі кожны ў свой начны цягнік і ранкам сустракаліся на вакзале ў Вільні. Як настальгічна гэта ўспомніць! Гулялі па Вільні, а потым ехалі да Зоські Верас. Мы і з жонкай бывалі ў яе таксама, прыяжджалі тым жа начным цягніком.

Для мяне было важна, што Зоська Верас была актыўнай удзельніцай дарэвалюцыйнага Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі і пакінула аб ім успаміны. Яна мне дала матэрыялы. Але адразу ў мяне не атрымалася іх выкарыстаць? Бо куды рэальна можна было даць пра ГГБМ у 1985 годзе? Нарэшце ўдалося іх выкарыстаць у літаратурнай перадачы на абласным тэлебачаньні. Перадачу бачыў Алесь Белакоз, ён даслаў захоплены водгук самой Зосьцы Верас, яна паказвала мне ліст.

На жаль, ня трапіўся здымак: мы ў Зоські Верас. Можа пазьней знойдзецца.

Ліст ад Зоські Верас пра Іваноўскіх
Ліст ад Зоські Верас пра Іваноўскіх

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG