Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расьцём разам з Максімам»: замежныя студэнты слухалі вершы Багдановіча


Каля помніка Максіму Багдановічу прайшла акцыя «Расьцём разам з Максімам», у межах якой на працягу некалькіх гадзін студэнты, вучні і настаўнікі чыталі вершы клясыка беларускай літаратуры.

Акцыя прымеркаваная да 125-годзьдзя з дня нараджэньня Максіма Багдановіча.

Студэнтка філялягічнага факультэту БДУ Валерыя Краўчанка прыехала ў Беларусь з Кіева. Кажа, што вывучала творчасьць Багдановіча на першым курсе і моцна ўпадабала яе:

«У мяне ёсьць беларускія карані. І я памятаю, як у дзяцінстве бабуля размаўляла са мной па-беларуску. Калі я прыехала на вучобу ў Менск, было адчуваньне, што я вярнулася ў дзяцінства. Сёньня я з задавальненьнем прыйшла, каб прачытаць верш Максіма Багдановіча па-беларуску».

Валерыя Краўчанка — зьлева
Валерыя Краўчанка — зьлева

Валерыя дзівіцца, што ў Менску ў параўнаньні з Кіевам вельмі мала імпрэз, якія ладзяцца па-беларуску:

«У Кіеве вельмі шмат імпрэз, дзе адбываецца абмен мовамі. Тут прысутнічаюць замежныя студэнты, якія мала што разумеюць з таго, што адбываецца на гэтай акцыі. Я б параіла беларусам ладзіць вечарыны, дзе замежнікі маглі б больш даведацца пра Беларусь, навучыцца гаварыць па-беларуску, хаця б нейкі мінімальны запас слоў асвоіць. Гэта вельмі важна. Добра, што сёньня ладзіцца гэтая акцыя, але гэтага мала, трэба нашмат большы маштаб. Таксама вельмі важна, каб былі кнігі на беларускай мове. Гэта таксама вельмі важна для таго, каб адрадзіць мову. Я магу гаварыць гэта, таму што бачу, як гэта адбываецца ва Ўкраіне, дзе апошнім часам усё вельмі моцна расквітнела, у дзіцячых садках, школах і ВНУ ўсе размаўляюць выключна па-ўкраінску. Беларусам трэба імкнуцца да таго самага. Мова — гэта надзвычай важна».

На імпрэзе прысутнічалі студэнты з Туркмэністану, якія таксама вучацца на філялягічным факультэце БДУ — вучаць італьянскую і ангельскую мовы. Кажуць, што беларускую мову ім не выкладаюць, таму зразумець вершы Максіма Багдановіча ня могуць:

«Я зь дзяцінства марыла вучыцца за мяжой. Родзічы мне параілі, што можна атрымаць адукацыю ў Беларусі. Я вельмі задаволеная. На імпрэзу нас запрасілі. Тут адзначаюць дзень народзінаў беларускага паэта Максіма Багдановіча. Мы, туркмэнскія студэнты, не разумеем беларускую мову, нам яе не выкладаюць. Ну, ведаем „калі ласка“ і „дзякуй“. Але ведаем расейскую мову, таму праблем для камунікацыі няма. Пра сытуацыю зь беларускай мовай скажу так: гэта ваша родная мова, і кепска, што вы не размаўляеце на ёй. Але для замежнікаў, як мы, гэта добра — бо мы цалкам можам камунікаваць з вамі па-расейску», — сказала Свабодзе студэнтка з Туркмэністану Кунча.

Студэнт 5 курсу філфаку Яўген Чарнышоў лічыць, што колькасьць людзей, якія сёньня сабраліся на акцыю, не адпавядае значнасьці падзеі і ўнёску, які зрабіў Максім Багдановіч. Але гэта ўсё роўна вельмі добра, што яна адбываецца:

«Гэта папулярызацыя беларускай культуры, і Максіма Багдановіча ў прыватнасьці, які зьяўляецца яе волатам. Добра, што гэта ня зальная імпрэза і людзі могуць далучыцца ці хаця б пабачыць, што тут адбываецца. Вельмі не хапае беларускай культуры, такіх імпрэзаў павінна праводзіцца нашмат больш. Разам з тым я б сказаў, што апошнім часам сытуацыя разьвіваецца і робіцца лепш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG