Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі патрабуюць, каб бяздомныя плацілі за рэгістрацыю ў прыватным прытулку


Аляксей Шчадроў, каталіцкі вернік, які ўтрымлівае прыватны прытулак для бяздомных людзей

Аляксей Шчадроў, каталіцкі вернік, які ўтрымлівае прыватны прытулак для бяздомных людзей

На бяздомных у прыватным прытулку Аляксея Шчадрова ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну паскладалі пратаколы за пражываньне без дакумэнтаў і рэгістрацыі. Чыноўнікі патрабуюць ад Шчадрова выселіць усіх бяздомных.

Паводле Аляксея Шчадрова, прадстаўнік аддзелу грамадзянства і міграцыі Шчучынскага РАУС, які днямі наведаў прытулак, склаў пяць пратаколаў на бяздомных, якія жывуць у прытулку, за тое, што яны ня маюць рэгістрацыі, а ў дваіх яшчэ і няма пашпартоў.

Шчадроў патлумачыў, што, акрамя гэтага, цяпер ён штомесяц павінен плаціць у бюджэт па 105 тысяч рублёў за пражываньне ў яго бяздомных. Іначай, як папярэдзіў міліцыянт, усіх чакаюць штрафы ў памеры чатырох базавых велічынь. Шчадроў сказаў Свабодзе, што ўжо звыкся з прычэпкамі да яго з боку ўладаў, але ўсё роўна яму вельмі крыўдна, што чыноўнікі, бачачы бяздомных і нікому не патрэбных людзей, так да яго ставяцца.

— Чыноўнікі мне заўсёды спасылаюцца на тое, што ў нас, маўляў, такія законы. А дзе ўзяць бяздомнаму, кінутаму чалавеку грошы на рэгістрацыю — на такое пытаньне законы не даюць адказу? Дзе мне ўзяць такія грошы, калі мы жывём пераважна на ахвяраваньні добрых людзей? Улады ніводнага разу нічым нам не дапамаглі. І гэтыя бяздомныя людзі кінутыя валяюцца па вуліцах у гарадах, пра іх ніхто ня дбае.

Хатка, у якой жывуць бяздомныя

Хатка, у якой жывуць бяздомныя

Шчадроў кажа, што міліцыянт прапаноўваў, каб бяздомныя ехалі ў Горадню, а там, маўляў, ёсьць спэцыялізаваны дзяржаўны дом, дзе яны могуць прыходзіць і начаваць. Але, паводле Шчадрова, той дом на летнія месяцы зачыняецца на рамонт, дый можна там толькі пераначаваць. А дзе нямогламу чалавеку бавіць цэлы дзень, што есьці, у што апранацца?

— Вось давай, каб іх не было тут, і ўсё, і болей нічога ня хочуць слухаць. А лёсы людзкія — гэта так, дзеля паметкі? У нас вось нядаўна харчы былі скончыліся, дык давялося тэлефанаваць да знаёмых, то людзі прысылалі пасылкамі, грошы перасылалі. Проста звычайныя людзі гэта рабілі, якія праз СМІ даведаліся пра нашы праблемы. А ўлады прысылаюць штотыдня толькі праверкі. Нікому ў голаў нават не прыходзіць, каб хоць нечым дапамагчы кінутым людзям. Але ня трэба іх дапамогі, абы яны не перашкаджалі.

Цікаўлюся ў Аляксея — ці робяць дабрачынныя ахвяраваньні беларускія прадпрыемствы і арганізацыі? Магчыма, прыватныя?

— Ды ніхто і ніколі. Хаця ў цяжкія часы не адзін ліст напісалі з просьбамі. Дапамога прыйшла аж са Швайцарыі — ад дабрачыннай арганізацыі, якая дапамагае бяздомным. Яны прачыталі пра нас у СМІ, у тым ліку і ваша Радыё Свабода шмат нам дапамагло сваімі публікацыямі. За гэтыя сродкі мы і вокны ў доме зьмянілі, і дзьверы, і харчаваньне куплялі, і адзеньне, і іншае...

Да размовы далучаецца адзін зь бяздомных — Васіль. Ён застаўся адзін, і ад людзей аж на Віцебшчыне пачуў пра прытулак Шчадрова і сам сюды дабраўся. Гэта яшчэ даволі малады чалавек, ня вельмі гаваркі. Кажа, што дапамагае Шчадрову па гаспадарцы, сячэ дровы, косіць траву, палівае гародчык.

Зьвяртаю ўвагу, што трава каля дома абкошаная, у садку таксама, гародзік праполаты — усё як мае быць у гаспадароў.

Спадар Васіль дабраўся ў прытулак зь Віцебшчыны

Спадар Васіль дабраўся ў прытулак зь Віцебшчыны

— Ведаеце, калі чыноўнікі даведаліся, што сюды швайцарцы прыяжджалі, то яны пачалі зайздросьціць Шчадрову, што тыя яму дапамаглі грашыма. Думаюць, што Шчадроў на іх шыкуе. А ён усё траціць на нас усіх. Але ніхто зь іх ня бачыць, як ён нам купляе і шкарпэткі, і трусы, і харчы. Вось калі прыяжджалі чыноўнікі, то я ім казаў: дзе мне лепш — ці хадзіць па падʼездах уначы шукаць, дзе паспаць, ці я тут спакойна і папрацую, і адпачну? Я ім прапаноўваў: калі мы ня можам тут жыць, то няхай нас пазабіраюць па сваіх кватэрах. Але чамусьці мне на гэта нічога не адказвалі. Ці, можа, нам у іх пад дзьвярыма ляжаць і спаць? Ім гэта кажаш, але ўсё ня мае ніякага сэнсу. Кажуць, што ў нас законы такія...

Бяздомны Юры 13 год адбыў у вязьніцы. Распавядае, што апошнія два гады наагул начаваў у лесе, толькі на дзень выходзіў у горад, каб пашукаць нешта паесьці. Працы знайсьці немагчыма, бо няма рэгістрацыі.

Спадар Юры апавёў, што да прытулку жыў два гады ў лесе

Спадар Юры апавёў, што да прытулку жыў два гады ў лесе

— Такіх, як мы, ужо некалькі адсоткаў насельніцтва хутка будзе, і ніхто пра нас ня дбае. У Горадні пусьцяць пераначаваць чалавек 20, а астатнія — хто дзе можа, там і начуе. А цэлы дзень дзе боўтацца і што рабіць? Тут вось неяк жывем, спакойна пасьпім, устанем папрацуем. Мясцовыя людзі часта прыходзяць, просяць нешта зрабіць. Тут неяк жыцьцё пачынае станавіцца з сэнсам. Але, бачыце, то мясцовае начальства з праверкамі, то раённае...

У прытулку жыве і адна жанчына — спадарыня Данута. Яна завіхаецца на кухні, поле гарод, глядзіць за ляжачым хворым, які ня можа хадзіць.

Спадарыня Данута і спадар Іван

Спадарыня Данута і спадар Іван

— Я задаволеная тутэйшай атмасфэрай: тут усё спакойна, кожны нечым сваім заняты, прырода вунь якая добрая, асабліва цяпер, улетку. Аляксей стараецца, каб мы тут галодныя не заставаліся. Я тут з задавальненьнем праводжу час. А ўлады — ды што тыя ўлады? Яны ніколі і нічым не дапамаглі. Я вунь засталася безь нічога ў жыцьці, як кажуць людзі, засталася жыць пад плотам. Але ад гэтага ніхто не забясьпечаны. І ў мяне ў жыцьці так выйшла. Ну, але ж жыву...

Гародчык бяздомных

Гародчык бяздомных

Аляксей Шчадроў кажа, што пакуль ня вырашыў, як будзе рэагаваць на складзеныя пратаколы. Ён кажа, што надалей моліцца і верыць, што Бог дасьць розум і чыноўнікам.

Інвалідная каляска для тых, хто ня можа сам хадзіць

Інвалідная каляска для тых, хто ня можа сам хадзіць

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG