Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да ўпарадкаваньня мэмарыялу ў Курапатах далучыліся чыноўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі, якія ў мінулыя выходныя там правялі суботнік.

Пра гэта паведаміла Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Дар’я Ляпешка:

«Суботнік сапраўды быў, ён праводзіўся ў межах кампаніі „Тыдзень лесу — 2016“. Прыбіралі хмызьняк у Курапацкім лесе і ня толькі там. Аднак непасрэдна ў Курапатах працавалі не супрацоўнікі самога міністэрства, а чыноўнікі з падпарадкаваных нам рэспубліканскіх арганізацыяў, як „Белдзяржлес“ ды іншых».

Парадкаваньне Курапацкага лесу зьвязанае са зьменай гаспадара:

«Гэтая тэрыторыя з 1 студзеня адышла да Міністэрства лясной гаспадаркі, а раней яна належала Менскай паркавай гаспадарцы. Вось мы на нашых новых тэрыторыях і наводзім парадак. Непасрэдна за лесам будзе глядзець Бараўлянскі спэцлесгас, яны там цяпер і працуюць».

Цяпер па пэрымэтры Курапацкага лесу ўздоўж дарог накіданыя велізарныя кучы высечанага хмызьняку, ствалы паваленых дрэў, сабранае ў лесе сьмецьце. У некаторых месцах Курапацкі лес праглядаецца на дзясяткі мэтраў углыб. Мяркуючы па аб’ёме праведзеных працаў, у лесе працавалі некалькі дзясяткаў чалавек. У панядзелак там працавала адну брыгаду з 7–8 супрацоўнікаў Бараўлянскага лесгасу.

«Мы тут прыбіраем, зносім хмызьняк да дарог, але ў самім лесе на трактары ня езьдзім, тут забаронена. І крыжоў ня валім, а якія паламаныя, акуратна складаем, каб потым іх аднавілі. Тут у суботу прайшоў вялікі суботнік, чыноўнікі з нашага міністэрства прыяжджалі, гэта яны насеклі хмызьняку, а мы цяпер яго цягаем. А будуць тут які парк рабіць ці яшчэ што, нам нічога не сказалі», — распавёў працаўнік пра сваю працу ў Курапатах.

Лясьнічы з Бараўлянскага спэцлесгасу праз тэлефон адразу папрасіў кантактныя тэлефоны актывістаў КХП-БНФ, якія наглядаюць за Курапатамі. «Справа агульная, будзе ў чым супрацоўнічаць», — сказаў лясьнічы. Паводле суразмоўцы, ягоныя падначаленыя скончаць прыбіраць у Курапацкім лесе за 2–3 дні.

«Ніякага аўралу няма, плянавае прыбіраньне лесу. Высякаем хмызьняк, але ялінкі пакідаем, думаем пра тое, які лес будзе потым», — патлумачыў лясьнічы.

Актывісты апазыцыі больш за 20 гадоў апякуюцца Курапатамі, ставяць на тэрыторыі мэмарыялу памятныя крыжы і бароняць статус Курапатаў у дзяржаўных установах. Сябра КХП БНФ Алесь Чахольскі гэтак ацаніў суботнік Мінсельгаса ў Курапатах:

«Вядома, што прыводзяць лес у адпаведны, прыстойны выгляд, — гэта добра. Але трэба ўсё рабіць з розумам, трэба разабрацца, што трэба прыбраць, а што пакінуць. Бо як мы пакуль бачым, адначасова зьнішчаюць усе маладыя дрэвы, у тым ліку рабінкі, іншыя добрыя пароды, а ня толькі асіны. Арэшнік мы адмыслова пакідалі, калі рабілі свае прыборкі, а яны ўсё запар могуць павысякаць — ёсьць у нас такая перасьцярога.

А галоўнае — не павінна гэтае месца быць мэмарыяльным паркам. Гэта мэмарыял, гэта іншы ўзровень, гэта помнік першай катэгорыі. А перарабляць Курапаты ў мэмарыяльны парк недапушчальна, гэта не адпавядае статусу Курапатаў. Курапаты і Хатынь — гэта сымбалі дзьвюх таталітарных сыстэм, гітлераўскай і сталінскай, і таму нельга прыніжаць узровень Курапатаў, рабіць зь іх просты парк. Калі гэта будзе адбывацца, мы будзем з гэтым змагацца. І таму вельмі ашчадна трэба ставіцца да таго, што там расьце, што будзе расьці і як гэта будзе выглядаць. Абавязкова ў лесе павінен быць падрост, асабліва ёлкі і сасны. Туды тэхніка ня зойдзе, а мы гатовыя ўручную гэта зрабіць, гатовыя дапамагчы, быў бы пасадачны матэрыял», — сказаў актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG