Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у адміністрацыі Першамайскага раёну Менску: чыноўнікі абвясьцілі пра зьмену дзяржаўнай сымболікі


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«У сувязі са зьменай дзяржаўнай сымболікі Рэспублікі Беларусь да 1 чэрвеня 2015 году да 12:00 прадставіць інфармацыю пра зробленую працу», — такое распараджэньне за подпісам намесьніцы адміністрацыі Першамайскага раёну Алены Асадчай атрымалі мясцовыя прадпрыемствы.

Копія дакумэнту зьявілася ў сацыяльных сетках і адразу абрасла камэнтарамі і домысламі. «Пагоню вяртаюць!» — жартавалі інтэрнэт-карыстальнікі.

Сама адміністрацыя выставіла дзьве розныя вэрсіі паходжаньня распараджэньня. Выканаўца дакумэнту — супрацоўнік аддзелу ідэалёгіі адміністрацыі па прозьвішчы Півавараў — заявіў, што ў Беларусі зьмяніўся сьцяг.

«Сьцяг у нас трохі зьмяніўся. Цяпер прыводзім у адпаведнасьць. Вы паглядзіце на сайце Адміністрацыі прэзыдэнта, як выглядае цяпер сьцяг», — сказаў ён Радыё Свабода.

Апошнія зьмены ў выгляд дзяржаўнага сьцяга былі афіцыйна ўнесеныя ў 2012 годзе. Тады зьмяніўся выгляд арнамэнту каля дрэўка. Малюнак узбуйнілі і спрасьцілі.

Арнамэнт беларускага сьцягу ў розныя пэрыяды

Арнамэнт беларускага сьцягу ў розныя пэрыяды

У прэсавай службе Адміністрацыі прэзыдэнта нічога пра зьмены дзяржаўнай сымболікі ня ведаюць.

Сама Алена Асадчая, якая, сярод іншага, курыруе пытаньні ідэалёгіі, кажа, што пад «зьменай дзяржаўнай сымболікі» мела на ўвазе «замяніць сьцягі на чыстыя»:

«Я хачу, каб сьцягі ў Першамайскім раёне былі чыстыя. Яны тыдзень у нас адвіселі. Мы просім, каб людзі, калі могуць, іх замянілі. Наперадзе 3 ліпеня. Проста прыводзім іх у парадак».

Чыноўніцкі ляп не застаўся незаўважаным. У канцылярыі адміністрацыі пацьвердзілі, што па гэтым пытаньні звоняць вельмі часта.

Незалежнай Беларусі пасьля рэфэрэндуму 1995 году дзяржаўны сьцяг дастаўся ў спадчыну ад БССР. Сьцяг з арнамэнтам быў зацьверджаны ў 1951 годзе. Яго намаляваў Міхаіл Гусеў.

А арнамэнт трапіў на сьцяг зь вясельнага ручніка сястры знанага беларускага этнографа Міхала Кацара. Пра гэтую гісторыю Радыё Свабода распавяла мастачка Наста Глушко:

Наста Глушко

Наста Глушко

«Міхаіл Кацар уваходзіў у мастацкі камітэт. Ён узяў прыклад для арнамэнту на сьцяг з тканага вясельнага ручніка сваёй сястры Матроны Маркавец. Мы ў экспэдыцыі натрапілі на іхную вёску. І там нам пацьвердзілі, што на сьцягу арнамэнт зь вясельнага ручніка».

Мастачка кажа, што, натуральна, на вясельных ручніках ніякіх кепскіх сымбаляў не пакідалі.

Бел-чырвона-белы сьцяг афіцыйна і легальна лунаў над Беларусьсю з 25 жніўня 1991 году па 7 чэрвеня 1995-га. Пасьля рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году сьцяг ізноў зьмянілі на чырвона-зялёны. Ад савецкага яго адрозьнівала адсутнасьць сярпа, молата і зоркі і перамены ў арнамэнце. Першапачаткова на савецкім сьцягу быў белы арнамэнт на чырвоным фоне.

«А ўжо пасьля рэфэрэндуму арнамэнт стаў чырвоны на белым фоне. Насамрэч у беларускім традыцыйным ткацтве і вышыўцы ўсе рэчы двухбаковыя. І ў пазытыве, і ў нэгатыве гэта будзе адзін і той жа арнамэнт, — распавядае Глушко. — Мне здаецца, што памянялі проста таму, каб сьцяг адрозьніваўся ад савецкага».

Сьцяг БССР у Менску, 2011 год

Сьцяг БССР у Менску, 2011 год

У 2012-м арнамэнт памянялі яшчэ раз. Паводле Насты, самы першы, савецкі варыянт сапраўды бліжэйшы да ручніка. «Захаваныя палосачкі па баках, як у ткацтве. Зь цягам часу яго трансфармавалі, выцягвалі, рабілі шырэйшым. Апошні варыянт (пасьля 2012 г. — РС) — проста расьцягнулі ўшыркі, ён зьмяніў сваю правільную рамбічную кампазыцыю».

Наста Глушко кажа, што прыпісваць нейкія схаваныя сэнсы арнамэнту на сьцягу ня варта: «Усе гэтыя зьмены ня сэнсавыя, а чыста візуальныя. Арнамэнт гэты ўжо не рэалізуе свой зьмест і сэнс, які быў у яго на вясельным ручніку», — кажа яна.

«А наагул мне падабаецца гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг, — падсумоўвае Наста Глушко. — Вельмі падобны да традыцыйнага народнага мастацтва. У нас ва ўсіх вышыўках пераважае белы і чырвоны колер. Ён яркі, кантрасны. І ў сэрцы нараджае ўзьнёслыя матывы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG