Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўніцкая кар’ера Рудніка: Ад кіраўніка вобласьці да кіраўніка прадпрыемства


Belarus - Peter Rudnik, Chairperson of the Mahilyou Regional Executive Committee, undated

Belarus - Peter Rudnik, Chairperson of the Mahilyou Regional Executive Committee, undated

Аляксандар Лукашэнка звольніў з пасады кіраўніка Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка. Пра прычыны адхіленьня чыноўніка ад пасады пакуль не паведамляюць. 23 сьнежня Рудніка прызначылі генэральным дырэктарам акцыянэрнага таварыства «Хімвалакно». Чым запомніўся Пётар Руднік на пасадзе старшыні аблвыканкаму? Якія прычыны сталі падставаю для вызваленьня яго ад пасады кіраўніка вобласьці? Хто яго заменіць?

Шасьцігадовае кіраваньне Пятра Рудніка Магілёўскай вобласьцю ня стала часам сацыяльна-эканамічнага росквіту рэгіёну. Гэтак лічыць эканаміст Пётар Мігурскі. На ягоную думку, гэтая адстаўка — заканамерная і чаканая многімі. Кандыдат эканамічных навук зазначае, што, паводле паказчыкаў, сельская гаспадарка рэгіёну цяпер цягнецца апошняй сярод усіх абласьцей краіны. Тое ж, адзначае Мігурскі, тычыцца і прамысловасьці, паказчыкі якой другі год падаюць:

«А колькі правалаў у інвэстыцыйнай дзейнасьці менавіта аблвыканкаму — паколькі ў нас чыноўнік вызначае, куды ўкладаць грошы, а не эканоміка. Напрыклад, магілёўскае «Хімвалакно», якое на пачатку ягонага кіраваньня можна было закрыць, альбо прадаць, альбо ўсё ж праводзіць больш эфэктыўную эканамічную палітыку. Тая ж сытуацыя на „Белшыне“».

Тое, што сытуацыя ў эканоміцы рэгіёну кепская, прызнаваў на нарадах у аблвыканкаме і сам Пётар Руднік. Гэтак, падводзячы вынікі першага сёлетняга паўгодзьдзя, ён адзначыў, што гэтак званы валавы рэгіянальны прадукт ня выкананы. Паводле Рудніка, прычына ў неэфэктыўнай працы валаўтваральных прадпрыемстваў. Палова зь іх дапусьціла падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці:

«Пры гэтым з трыццаці — восем маюць звышнарматыўныя запасы гатовай прадукцыі. Гэта кажа пра тое, што прадукцыя сёньня неканкурэнтаздольная і яна наагул нікому не патрэбная».

Будынак аблвыканкаму. У ім знаходзілася працоўнае месца Пятра Рудніка.

Будынак аблвыканкаму. У ім знаходзілася працоўнае месца Пятра Рудніка.

Пра заняпад рэгіянальнай эканомікі казалі і мінакі Магілёва. На пытаньне, чым ім запомніўся Пётар Руднік, многія гэтак і ня здолелі прыгадаць нечага істотнага.

«Нічым асаблівым. Прадпрыемствы Магілёва амаль усе банкруты. Грошы ўсе праседжваюцца. Ініцыятывы на карані высякаюцца — тыя, якія моладзь вылучае», — выказваецца малады спадар.

«Мне нічога не запомнілася, што Руднік для вобласьці зрабіў», — заяўляе спадар сталага веку.

«Мне падаецца, што ўсё ў яго па накатанай дарожцы ішло», — тлумачыць суразмоўца, для якога ў памяці застаўся былы кіраўнік вобласьці Барыс Батура:

«Пры ім горад, вобласьць былі ў руху. А тут во нават, калі прыяжджаў Лукашэнка, тэрыторыя не была ўпарадкаваная. Гэта таксама паказчык. Таму зьняцьцё Рудніка — гэта лягічнае завяршэньне ягонага кіраваньня».

Мне нічога не запомнілася, што Руднік для вобласьці зрабіў

Імя былога кіраўніка аблвыканкаму мінакі называлі ня раз, праўда, сярод іх пераважалі людзі сталага веку:

«Батура зрабіў шмат добрага. І заасфальтаваў дарожкі. А гэты — нічога. Наагул, яны як пабудуць у крэсьле — то пра людзей забываюць. Усё робяць, каб ім было добра».

Наступным старшынём аблвыканкаму магілёўцы хацелі б бачыць больш маладога, як яны выказваліся, кіраўніка. Заяўлялі, што цяпер на гэта скіраваная палітыка Лукашэнкі.

Некаторыя пры гэтым адзначалі, што ад жаданьня людзей тут мала што залежыць, бо людзі іх не выбіраюць:

«Нават ня ведаю, якія якасьці павінны быць у чыноўніка, каб ён зрабіў тое, што ад яго народ чакае. Нам іх прызначаюць. Мы зусім нічога пра іх ня ведаем. Ня ведаем іхных дзелавых якасьцяў, чаму іх прысылаюць да нас зь іншых рэгіёнаў, і што яны павінны тут рабіць».

Пётар Руднік, фота bykhov.by

Пётар Руднік, фота bykhov.by

Да прызначэньня на пасаду старшынём аблвыканкаму, Пётар Руднік кіраваў магілёўскім заводам «Ліфтмаш». Пакуль чыноўнік быў пры высокай пасадзе, пра завод афіцыйна казалі пераважна добрае. Пару месяцаў таму звольніўся генэральны дырэктар прадпрыемства. Цяпер яно мае праблемы праз рэзкую дэвальвацыю расейскага рубля.

У 2009 годзе Пётар Руднік падпісаў комплекс першачарговых захадаў па папулярызацыі беларускай мовы, чыноўнікам было рэкамэндавана карыстацца беларускай мовай у службовых справах. Пра вынікі чатырохгадовай праграмы афіцыйна так і не паведамілі.

Беларускамоўны плякат у Магілёве

Беларускамоўны плякат у Магілёве

Два тыдні таму Пётар Руднік назіраў за спаборніцтвамі па стральбе з табэльнай зброі сярод камандаў кіраўнікоў рэгіянальных структураў сілавога блёку. Сам страляў і выказаў сваё бачаньне чалавека з табэльнай зброяй у грамадзтве:

«Сёньня ў нашым грамадзтве чалавек з табэльнай зброяй успрымаецца не як фактар небясьпекі, а як чалавек, які надзелены ўладай і які закліканы абараняць грамадзтва ад усялякай пошасьці, якая можа ўзьнікнуць».

Пятра Рудніка сёньня прызначылі кіраваць магілёўскім «Хімвалакном». Яго папярэдніка Сяргея Пузевіча звольнілі з пасады генэральнага дырэктара гэтага прадпрыемства, бо ён не зрабіў своечасовых захадаў па мадэрнізацыі вытворчасьці, што прывяло, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, да нізкай канкурэнтаздольнасьці выпушчанай прадукцыі і невыкананьня прагнозных паказчыкаў. Пятру Рудніку даручана выправіць сытуацыю на найбуйнейшым прадпрыемстве Магілёва..

XS
SM
MD
LG