Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апублікаванай прамежкавай справаздачы назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных стандартах і правах чалавека АБСЭ беларуская выбарчая кампанія ацэнена як непрыкметная. Але, вось жа дзіва, палітычныя жарсьці кіпяць. Найбольш на інтэрнэт-форумах, сярод апазыцыйнай часткі грамадзтва. І тычацца найперш тэмы байкоту.

Але і на процілеглым палітычным флянгу неспакойна. Па ўскосных прыкметах можна меркаваць, што і там кіпяць жарсьці, хоць, здавалася б, зь якой нагоды? Усё ж пад кантролем. Але — тым ня менш.

Вось чыста выпадкова журналісты «Комсомольской правды» даведаліся, што кіраўніцай перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі стала міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна. І гэта стала пэўнай нечаканасьцю.

Вядома, што кіраўніком ініцыятыўнай групы дзейнага кіраўніка дзяржавы быў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Міхаіл Арда. Ён кіраваў зборам подпісаў. І вынік быў фармальна вельмі пасьпяховы. Ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі здала ў Цэнтравыбаркам 1 761 000 подпісаў. То бок фактычна за яго вылучэньне падпісаўся кожны чацьвёрты выбаршчык у краіне.

Міхаіл Арда ўвесь час, пакуль зьбіраліся подпісы, камэнтаваў гэты працэс, быў галоўнай мэдыйнай фігурай кампаніі Лукашэнкі. Менавіта ён прадстаўляў дзейнага кіраўніка дзяржавы на працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, выступаў на цырымоніі ад ягонага імя.

І раптам мы даведваемся, што Арда больш не кіраўнік перадвыбарчага штабу Лукашэнкі, гэтую пасаду заняла Марыяна Шчоткіна.

Больш за тое, старшыня ФПБ ня трапіў нават у сьпіс давераных асобаў Лукашэнкі. Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа сыходзіць. За што такая няласка?

Калі ў 2013 годзе на касмадроме «Байканур» развалілася, толькі што стартаваўшы, расейская ракета «Протон-М», разгублены рэпартэр тэлеканалу «Вести-24», які вёў рэпартаж у жывым эфіры, выціснуў зь сябе фразу, якая стала гістарычнай: «Штосьці, падобна, пайшло ня так».

Вось і ў нашым выпадку, мусіць, нешта пайшло ня так.

Зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ вось які момант. Сьпіс давераных асобаў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі даволі своеасаблівы. З пункту гледжаньня эфэктыўнасьці агітацыйнай кампаніі было б лягічна, каб туды ўключылі вядомых усёй краіне людзей. Але не. Там няма папулярных артыстаў, сьпевакоў, прадстаўнікоў культуры. Хоць бы дзяжурных Ігара Лучанка, Анатоля Ярмоленку ці Аляксандра Ціхановіча ўключылі. Нават штатны агітатар за «стабільнасьць» Мікалай Чаргінец туды ня трапіў. Няма знакамітых спартсмэнаў, кшталту Дар’і Домрачавай, Вікі Азаранкі ці хаця б вэтэрана спорту Аляксандра Мядзьведзя. Толькі малавядомая гімнастка Любоў Чаркашына ўдастоілася гонару трапіць у гэты сьпіс.

Больш за тое, у складзе давераных асобаў Лукашэнкі няма ня толькі Міхаіла Арды, але і ўвогуле кіраўнікоў самых масавых праўладных арганізацыяў: старшыні «Белай Русі» Аляксандра Радзькова, лідэра БРСМ Андрэя Белякова. Пра кіраўнікоў бізнэс-структураў ужо і гаворкі няма.

Абсалютная большасьць давераных асобаў — невядомыя насельніцтву людзі. Хто яны? У асноўным гэта кіраўнікі рэгіёнаў, чыноўнікі, дырэктарат, часткова дэпутаты. То бок людзі, якія кантралююць правядзеньне працэдуры галасаваньня і падвядзеньне вынікаў выбараў. Інакш кажучы, гульня ў дэмакратыю, апора на прафсаюзы скончылася, агітацыя цяпер Аляксандру Лукашэнку ня надта патрэбная. І грамадзкія арганізацыі, выканаўшы сваю ролю ў якасьці дэкору, адышлі ўбок. На першы плян выходзіць адміністрацыйны рэсурс. Кіраўнікі рэгіёнаў — ваш выхад. Таму і перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі ўзначаліў не кіраўнік грамадзкай арганізацыі (ФПБ) — на чале яго стала міністар. Утрыманьне ўлады — справа дзяржаўная.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG