Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адметны візыт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь?


Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка

Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка

Завяршыўся трохдзённы візыт у Менск кіраўніка Кітая. Якое месца займае Беларусь у замежнай палітыцы КНР? Якія вынікі візыту ў Беларусь? Ці моцна дапамогуць беларускай эканоміцы кітайскія крэдыты?

Удзельнікі: аналітык зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў і прафэсар Барыс Жаліба.

Чым Беларусь важная для Кітая?

Валер Карбалевіч: «Візыт Сі Цзіньпіна ў Беларусь — гэта сапраўды значная і знакавая палітычная падзея. Кіраўнік такой вялікай дзяржавы ладзіць трохдзённы візыт у Беларусь — гэта заўважна. Кіраўнікі Расеі, здаецца, ніколі не прыяжджалі сюды на тры дні. Чым гэта патлумачыць? Якое месца займае Беларусь у замежнай палітыцы Кітая?»

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Андрэй Елісееў: «Месца Беларусі ў замежнай палітыцы Кітая невялікае. Сі Цзіньпін прыехаў у Беларусь таму, што тут ладзяцца некалькі цікавых для Кітая праектаў: Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, „Вялікі шаўковы шлях“, імпарт беларускага калію».

Барыс Жаліба: «Гэта першы візыт у Беларусь вышэйшага кіраўніка Кітая за апошнія 14 гадоў. Нельга сур’ёзна лічыць, што Беларусь — фарпост для прасоўваньня інтарэсаў Кітая ў Эўропу. Эканамічная экспансія КНР у ЭЗ ужо даўно адбылася.

Скептычна я ацэньваю вэрсію пра Беларусь як фарпост Кітая ў прасторы Эўразійскага эканамічнага саюзу. Расея — яшчэ большы фарпост. А адносіны РФ і КНР вельмі добрыя. Казахстан мае агульную мяжу з Кітаем, кітайска-казахстанскія эканамічныя стасункі большыя, чым беларуска-кітайскія».

Якая карысьць ад кітайскіх крэдытаў?

Карбалевіч: «Якія вынікі візыту? На што б вы зьвярнулі ўвагу? Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка падпісалі Дамову аб дружбе і супрацоўніцтве паміж дзьвюма краінамі».

Елісееў: «Не адбылося прарываў у адносінах. Дамова аб дружбе і супрацоўніцтве — гэта ўвогуле крок назад у параўнаньні з тэзісам аб стратэгічным партнэрстве.

Што тычыцца тых сумаў, якія па выніках візыту Кітай укладае ў беларускую эканоміку (3–4 млрд даляраў), то гэта ня новыя грошы. Беларусь проста выбірае тую даўно абяцаную 15-мільярдную крэдытную лінію. Проста цяпер зьявіліся некалькі праектаў, якія зацікавілі Кітай. Гэта будаўніцтва горна-ўзбагачальнага калійнага камбінату, вытворчасьць беларуска-кітайскага аўтамабіля, інфраструктура беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку (БКІП).

Нечым новым у двухбаковым супрацоўніцтве можна лічыць хіба тое, што Кітай выдзяляе 4 млрд даляраў крэдытаў беларускім банкам (Банку разьвіцьця і Беларусбанку). То бок грошы даюцца не на канкрэтныя праекты, а выдзяляюцца беларускім банкам, якія будуць самі вызначаць, куды іх накіроўваць, на якія праекты.

Але ўсё ж гэтыя крэдыты зьвязаныя. Гэта значыць, што за гэтыя грошы палову матэрыялаў, абсталяваньня будуць купляць у Кітая, у іх рэалізацыі будуць удзельнічаць кітайскія работнікі. Менавіта такую форму супрацоўніцтва з КНР летась крытыкаваў Лукашэнка».

Макет беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, які паказвалі Сі Цзіньпіну

Макет беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, які паказвалі Сі Цзіньпіну

Жаліба: «Хоць крэдыты зьвязаныя, але ўсё ж яны карысныя для Беларусі. Бо палова напаўненьня гэтых праектаў за кітайскія крэдыты будзе беларуская. Крэдыты выгадныя таму, што яны доўгія, на 10 гадоў, з адтэрміноўкай плацяжоў на 5 гадоў. Параўнальна невысокі працэнт — 4,5–4,7% гадавых. За гэтыя грошы будзе будавацца інфраструктура, дарогі і іншае».

Якія пэрспэктывы Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку?

Карбалевіч: «Ужо колькі часу беларускія ўлады актыўна рэклямуюць стварэньне БКІП. І падчас гэтага візыту пра згаданы парк шмат гаварылася. Якія пэрспэктывы мае гэты праект?»

Елісееў: «Гэта доўгая песьня, нават не на сярэднетэрміновую пэрспэктыву. Толькі каля 10 кампаніяў зарэгістраваліся ў гэтым парку. Таму цяжка рабіць нейкія прагнозы. Можа, толькі пасьля 2020 году зьявяцца нейкія канкрэтныя станоўчыя вынікі».

Жаліба: «Сапраўды, гэты праект разьлічаны на 30 гадоў. Там плянуецца стварыць інавацыйную вытворчасьць. Грамадзкасьць турбуе, каб гэтая вытворчасьць не пашкодзіла экалёгіі».

Што дасьць Беларусі праект «Вялікі шаўковы шлях»?

Карбалевіч: «„Вялікі шаўковы шлях“ — новы праект Кітая. Як Беларусь можа ў яго ўпісацца?»

Жаліба: «У рамках гэтага праекту кітайцы плянуюць пабудаваць у Беларусі буйны транспартна-лягістычны цэнтар. Беларусь атрымае дывідэнды транзытнай дзяржавы».

Елісееў: «Беларусь можа разьлічваць на льготныя крэдыты для будоўлі інфраструктурных аб’ектаў: дарог, мастоў, інш. Але зьвярніце ўвагу, нават падчас гэтага візыту, які дзяржаўныя мэдыі назвалі гістарычным, Менск не дамогся атрыманьня ад Кітаю міждяржаўнага крэдыту.

Плюс кітайскіх крэдытаў у тым, што працэнтныя стаўкі ніжэйшыя за тыя, якія могуць прапанаваць расейскія і эўрапейскія банкі. Мінус — у тым, што гэтымі зьвязанымі крэдытамі з Кітая Беларусь прывязваецца да кітайскага абсталяваньня. І мэнэджмэнт гэтых праектаў не заўсёды якасны. У выніку Беларусь пагаршае свой замежнагандлёвы балянс, расьце наш замежны доўг».

Жаліба: «Важна тое, што Кітай аказаўся нейкай супрацьвагай расейскаму ўплыву. Нам трэба дывэрсыфікаваць замежнаэканамічныя стасункі. Таму ніякай шкоды ў супрацоўніцтве з Кітаем я ня бачу».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG