Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Панядзелак, 29 сьнежня, афіцыйна стаў першым працоўным днём на новых пасадах для шэрагу высокіх чыноўнікаў, пра чые прызначэньні абвясьціў краіне яе кіраўнік Аляксандар Лукашэнка. Свабода спрабавала дазнацца, з чаго пачалі сёньня свае заняткі на новай працы прэзыдэнцкія прызначэнцы.

Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся непасрэдна да новых кіраўнікоў, так патлумачыў, чаму ён зрабіў важныя кадравыя зьмяненьні, не чакаючы Новага году:

«Для таго, каб вы падумалі, як вы пачняце новы год. І адразу, без раскачкі, пачалі дзейнічаць пасьля калядных сьвятаў».

Такім чынам, як любяць казаць самі чыноўнікі, нейкі час ім даецца на тое, каб «уцягнуцца ў новую працу». З чаго сёньня пачаў гэты працэс новы прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў? На гэтае пытаньне Свабоды прэсавая сакратарка кіраўніка ўраду Вольга Доўгая сказала:

«Не магу адказаць вам на гэтае пытаньне. Я не магу нават спытацца. Першы ж працоўны дзень. І, як я разумею, працы вельмі шмат».

Выбар новага галоўнага банкіра краіны аналітыкі называюць па сваёй значнасьці другім пасьля вызначэньня старшыні Саўміну. Павал Калаўр, старшыня праўленьня Нацыянальнага банку, вяртаецца ў той самы банк, дзе калісьці працаваў намесьнікам кіраўніка. Кіраўнік прэсавай службы Нацбанку Аляксандар Цімашэнка таксама кажа, што пакуль ня меў магчымасьці паразмаўляць са спадаром Калаўрам.

Беларускую эканоміку ў год прэзыдэнцкіх выбараў давядзецца цягнуць Уладзімеру Зіноўскаму. Прэсавы сакратар Міністэрства эканомікі Віктар Еўтухоў прызнаецца:

«Шчыра кажучы, я яго яшчэ ня бачыў. У тым сэнсе, што я да новага міністра яшчэ ня трапіў. Таму пакуль нічога пра тое, з чаго ён пачаў свой першы працоўны дзень, ня ведаю».

Андрэй Кабякоў — ужо сёмы старшыня Савету Міністраў за часы Аляксандра Лукашэнкі. А пачынаў гэтую справу першым у 1994 годзе Міхаіл Чыгір. Сёньня ён сказаў Свабодзе, што ўжо добра ня памятае, з чаго пачынаўся ягоны першы працоўны дзень на пасадзе прэм’ера. А вось пэрспэктывы ўраду Кабякова Чыгір бачыць так:

«Які ёсьць плюс у гэтым прызначэньні? Кабякову будзе лягчэй дамовіцца з прэзыдэнтам, чым Мясьніковічу. Бо прэзыдэнт будзе болей давяраць Кабякову, чым Мясьніковічу.

Але ці гатовы Кабякоў рабіць сёньня тое, што патрэбна рабіць ураду? Па-першае, трэба скарачаць бюджэтныя расходы. І скарачаць значна. У нас жа падатковы ціск найбольшы на ўсёй прасторы Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Аднак ёсьць пытаньне: ці разумее новы прэм’ер, што гэта трэба рабіць? Баюся, што не. Хоць вельмі б хацелася».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG