Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чвэрць стагодзьдзя дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Польшчай: якія ўрокі?


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

2 сакавіка 2017 году спаўняецца 25 гадоў з дня ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Польшчай і Беларусьсю. Чаму Варшава першай палітычна прызнала незалежную Беларусь? Сумесная гісторыя дапамагала ці перашкаджала добрасуседзтву? Чым тлумачацца ўзьлёты і падзеньні ў двухбаковых адносінах?

Удзельнікі: журналіст польскага выданьня Gazeta Wyborcza Анджэй Пачобут і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Чаму Польшча зацікаўленая ва ўмацаваньні незалежнасьці Беларусі?

Валер Карбалевіч: «Нагадаю гісторыю. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР абвясьціў пра незалежнасьць. І ўжо 31 жніўня парлямэнт Польшчы прыняў пастанову, у якой адзначалася, што „Сэйм Рэспублікі Польшча з радасьцю вітае абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі“. Гэты факт можна лічыць палітычным прызнаньнем незалежнай Беларусі. Хоць першай краінай, якая юрыдычна прызнала Беларусь, стала Турэччына.

2 сакавіка 1992 году, падчас візыту міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі ў Польшчу, ён са сваім польскім калегам Кшыштафам Скубішэўскім падпісалі ў Варшаве пагадненьне аб усталяваньні дыпляматычных адносін паміж дзьвюма краінамі. Чаму менавіта Польшча была моцна зацікаўленая ў існаваньні незалежнай Беларусі?»

Анджэй Пачобут: «Для дэмакратычнай Польшчы галоўнай праблемай бясьпекі стала пытаньне адносін з усходнімі суседзямі: Літвой, Беларусьсю, Украінай. Іх незалежнасьць — гарант незалежнасьці Польшчы. Бо краінай, якая часта ў гісторыі пагражала незалежнасьці Польшчы, была Расея».

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Прыкладна ў той жа час Польшча прызнала незалежнасьць і іншых краін постсавецкай прасторы. Тады Польшча кіравалася стратэгіяй, якую сфармуляваў знакаміты Ежы Гедройць: трэба падтрымліваць краіны, якія знаходзяцца паміж Польшчай і Расеяй, уцягваць іх у эўрапейскую цывілізацыйную супольнасьць, каб нэўтралізаваць непажаданыя захады Масквы».

Сумесная гісторыя дапамагала ці перашкаджала добрасуседзтву?

Карбалевіч: «Беларускі і польскі народы некалькі вякоў жылі ў адной дзяржаве. Але ў гістарычнай памяці беларусаў захаваўся пэрыяд 1921–1939 гг., калі Заходняя Беларусь была ў складзе Польшчы. Сумесная гісторыя дапамагала ці перашкаджала добрасуседзтву? Вось апошнія скандалы ў польскай Гайнаўцы, дзе пераважна жывуць этнічныя беларусы, таксама нагадваюць пра складаныя моманты ў сумеснай гісторыі».

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Пачобут: «У народаў, якія жывуць побач, у гісторыі бываюць розныя моманты. Калі рабіць акцэнт на спрэчных гістарычных момантах, то гісторыя можа перашкаджаць сёньняшнім адносінам. Але доўгачасовыя кантакты паміж суседзямі таксама могуць і спрыяць добрым дачыненьням.

Узгадаю такі прыклад. У 2005 годзе, калі ўзьнік канфлікт паміж Польшчай і Беларусьсю з прычыны Саюзу палякаў, беларускія дзяржаўныя мэдыі распальвалі антыпольскія настроі. Дык вось у заходняй Беларусі, дзе людзі мелі вялікі досьвед суіснаваньня з палякамі, часта езьдзілі ў Польшчу, гэтая мэдыйная кампанія ня выклікала асаблівага рэзанансу. А вось ва ўсходняй Беларусі, дзе кантакты з палякамі былі меншыя, гэтая кампанія мела пэўны эфэкт».

Фёдараў: «Даўняя гісторыя, пэрыяд існаваньня Рэчы Паспалітай ніякага ўплыву — ні станоўчага, ні адмоўнага — на настроі беларусаў не аказвае. Бо пра яе нічога ня ведаюць. А вось міжваенны пэрыяд і пэрыяд вайны, калі былі сутыкненьні паміж савецкімі партызанамі і Арміяй Краёвай, у гістарычнай памяці беларусаў існаваў. Але, падаецца, тыя пакаленьні сышлі ці сыходзяць. Таму гісторыя аказвае невялікі ўплыў на адносіны паміж народамі і дзяржавамі. Больш уплывае сучасная рэчаіснасьць».

Чым тлумачацца ўзьлёты і падзеньні ў двухбаковых адносінах?

Карбалевіч: «З прыходам да ўлады Лукашэнкі, асабліва ў 2000-я гады, адносіны Беларусі з Польшчай былі самыя складаныя з усіх краін ЭЗ. Вы, Анджэй, нават у пэўным сэнсе сталі ахвярай гэтых адносін, апынуліся за кратамі. А цяпер усё наадварот. У Беларусі адносіны з Польшчай аказаліся самымі лепшымі, калі браць сярод эўрапейскіх краін. Чым тлумачыцца такія зыгзагі?»

Пачобут: «Цяперашняя палітыка Польшчы адносна Беларусі абумоўленая тымі зьменамі, якія адбыліся пасьля пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту. Гэта прымусіла Захад іншымі вачыма глядзець на Беларусь. Цяпер не Лукашэнка зь яго аўтарытарызмам, а Пуцін стаў найгоршай зьявай у Эўропе. А Менск гэта эфэктыўна выкарыстоўвае, каб наладжваць адносіны з Захадам.

Калі мы кажам пра праблемы ў адносінах, то правільней было б адрасаваць гэтыя прэтэнзіі беларускаму боку

Цягам усіх 25 гадоў Польшча імкнулася наладзіць адносіны зь Беларусьсю і з Лукашэнкам. Але ўсё разьбівалася аб пазыцыю беларускага кіраўніка. За гэты час у Польшчы шмат зьмянілася прэзыдэнтаў, прэмʼераў, міністраў замежных спраў. А зь беларускага боку застаецца адзін і той жа гулец. І калі мы кажам пра праблемы ў адносінах, то правільней было б адрасаваць гэтыя прэтэнзіі беларускаму боку.

Застаецца шмат нявырашаных праблем. Няма зруху ў пытаньні Саюзу палякаў. Пагадненьне аб малым памежным руху, падпісанае ў 2010 годзе, не рэалізуецца па віне Беларусі. А вось разьвіцьцё эканамічных сувязяў мала залежыць ад палітычных стасункаў. Але я не выключаю, што ўсьлед за адлігай у двухбаковых адносінах можа прыйсьці зіма. Усё ж Лукашэнка глядзіць на Польшчу больш як на канкурэнта ці нават ворага».

Карбалевіч: «Што далей? Якія пэрспэктывы? Вось сп. Пачобут лічыць, што ўсё ў двухбаковых адносінах залежыць ад беларускага боку. Ці так гэта? Цяперашняя Варшава стала на шлях рашучага разьвіцьця дачыненьняў з афіцыйным Менскам. Разьвіваюцца дачыненьні з парлямэнтам Беларусі, хоць дасюль ЭЗ лічыў яго нелегітымным, бо ў Беларусі няма дэмакратычных выбараў. Чаго дамагаецца Варшава такімі крокамі?»

Фёдараў: «Галоўнай праблемай у беларуска-польскіх дачыненьнях было тое, што Варшава аказвала падтрымку беларускім дэмакратычным сілам. Зразумела, гэта не магло падабацца кіраўніцтву Беларусі.

Папярэдняя адліга ў адносінах Беларусі з ЭЗ і Польшчай была ў 2008–2010 гадах. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ў Менск прыяжджаў міністар замежных спраў Сікорскі, прапаноўваў Лукашэнку вялікія грошы.

Цяпер таксама адліга, аднак іншая сытуацыя. Існуе моцная канфрантацыя паміж Расеяй і ЭЗ. Таму Беларусь разглядаецца Варшавай як нейкі барʼер. Асабліва цяпер, калі існуе пэўны канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй.

Цікава, што падчас папярэдняга знаходжаньня партыі „Права і справядлівасьць“ пры ўладзе Польшча аказвала найбольшую дапамогу беларускім дэмакратычным сілам. Цяпер пазыцыя Варшавы зусім іншая».

Пачобут: «Нагадаю, што праграма ЭЗ „Усходняе партнэрства“ была ініцыяваная Сікорскім. Наконт кантактаў зь беларускім парлямэнтам нагадаю яшчэ, што ў 2004 годзе ў Менск прыяжджаў старшыня сэнату Польшчы Пастусяк, ён адкрываў разам з старшынём Савету Рэспублікі Навіцкім помнік Адаму Міцкевічу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG