Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць праваабаронцы спынілі справу, але пакінулі яго ў статусе правапарушальніка


Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Ленінскі суд Магілёва спыніў адміністрацыйную справу супраць праваабаронцы Валадара Цурпанава. Судзьдзя Алена Літвіна палічыла, што правапарушэньне актывіста малазначнае і не нанесла шкоды. Праваабаронца, тым ня менш, застаўся парушальнікам.

З гэтым ён ня згодны і зьбіраецца абскарджваць вырак Літвіной. Разам з тым яе прысуд, кажа актывіст, дазваляе абскардзіць незаконныя дзеяньні міліцыі па яго затрыманьні і пазбаўленьні волі.

«Выкарыстаньне такой меры міліцыяй было цалкам незаконнае, і пастанова судзьдзі дае мне права зьвяртацца ў суд па абарону сваіх правоў, якія парушылі міліцыянты, затрымаўшы мяне і пазбавіўшы волі», — распавёў пра свае далейшыя дзеяньні праваабаронца Валадар Цурпанаў.

Праваабаронцу затрымалі 30 траўня ў будынку пракуратуры. У няволі ён прабыў 29 гадзін. Міліцыя адмаўлялася паведамляць, дзе трымаюць актывіста. Калі яго прывезьлі ў суд, ён заявіў, што ў міліцыі яго катавалі.

Падчас разгляду адміністрацыйнай справы ён паўтарыў сваю заяву пра катаваньні. Паводле яго, катаваньне выявілася ў тым, што яму перарывалі сон, не было пасьцельнай бялізны, не кармілі. У маленькай камэры, акрамя яго, сядзелі яшчэ трое.

Матэрыялы адміністрацыйнай справы Ленінскі суд адпраўляў на дапрацоўку чатыры разы. Цурпанаў заявіў, што суд наўмысна зацягваў з разглядам справы, каб сышоў вызначаны для гэтага двухмесячны тэрмін. На думку актывіста, гэта рабілася дзеля таго, каб ускладніць далейшае абскарджваньне незаконнага затрыманьня. Судзьдзя Алена Літвіна пакінула без задавальненьня хадайніцтва аб адводзе суду.

Што да выраку, які вынесла Літвіна, то праваабаронца ім не задаволены, бо ён застаецца правапарушальнікам.

«Паколькі суд палічыў, што шкоды няма, то і ня трэба мяне прыцягваць да адказнасьці, — заявіў Цурпанаў, калі прысуд быў агучаны.

«Такое судовае рашэньне ў маёй практыцы ўпершыню. Так бы мовіць, мяне падвесілі. Аднак такое рашэньне чаканае, бо задача сыстэмы — зьменшыць наступствы маіх захадаў у абарону маіх правоў, парушаных міліцыяй, пракуратурай і дэпартамэнтам аховы. Давядзецца абскарджваць пастанову, каб у дачыненьні да мяне быў скасаваны статус правапарушальніка ў сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня».

Пра беспадстаўныя абвінавачваньні Валадар Цурпанаў казаў і на судзе. Ён даводзіў, што ў ягоных дзеяньнях не было складу правапарушэньня. Інцыдэнт здарыўся 30 траўня, настойваў праваабаронца, і быў справакаваны памочнікам пракурора Раманам Дзьмітрычэнкам. Гэты службовец, сьцьвярджаў Цурпанаў, загадаў супрацоўнікам Дэпартамэнту аховы выклікаць міліцыю і затрымаць яго.

Будынак пракуратуры, у якім затрымалі Цурпанава
Будынак пракуратуры, у якім затрымалі Цурпанава

«Пракуратура абвясьціла на мяне паляваньне, каб нэўтралізаваць маю праваабарончую актыўнасьць у справе беларусізацыі і абароны інтарэсаў грамадзян», — заяўляў у судзе Цурпанаў, абвінавачаны ў адміністрацыйным правапарушэньні. Ён казаў, што рэгулярна піша скаргі і звароты ў дзяржаўныя органы, у тым ліку і ў пракуратуру.

У дзень затрыманьня Цурпанаў прынёс у пракуратуру чарговую скаргу. На ўваходзе ў будынак паставая міліцыянтка запатрабавала ў яго дакумэнты і паспрабавала дазнацца, да каго ён прыйшоў і дзеля чаго. Актывіст палічыў, што гэтыя патрабаваньні незаконныя, і сказаў пра гэта супрацоўніцы Дэпартамэнту аховы. Але тая настаяла, каб ён прад’явіў пашпарт, зьвесткі зь якога яна занесла ў адмысловы журнал.

Супрацоўніца Дэпартамэнту аховы Крысьціна Цітова, якая ў судзе выступала сьведкай, заявіла, што ня раз спрабавала спыніць Цурпанава, але той не падпарадкоўваўся і «прарваўся» ў пракуратуру. Свае патрабаваньні наведніку яна выстаўляла, кіруючыся службовай інструкцыяй па ахове адміністрацыйных будынкаў. Міліцыянтка прызналася, што празь нястачу досьведу памылкова зрабіла пазнаку ў журнале пра візыт Цурпанава.​

Будынак Ленінскага суду Магілёва. У ім судзілі праваабаронцу
Будынак Ленінскага суду Магілёва. У ім судзілі праваабаронцу

Ейны непасрэдны начальнік, камандзір узводу Дэпартамэнту аховы Ўладзімер Сяргееў, які таксама знаходзіўся ў будынку пракуратуры, на пытаньні судзьдзі, ці папярэджвалі Цурпанава пра адміністрацыйную адказнасьць, калі ён «прарываўся» ў пракуратуру, адказаў адмоўна. Сяргееў прызнаў, што ён і ахоўніца нічога не зрабілі, каб папярэдзіць правапарушэньне, а толькі казалі Цурпанаву, што праход у пракуратуру забаронены без дазволу.

З тлумачэньняў памочніка пракурора Дзьмітрычэнкі вынікала, што ў Цурпанаву ён угледзеў пагрозу. Службовец прызнаўся, што ня бачыў, як Цурпанаў парушаў парадак праходу ў будынак нагляднага органа. Пра гэта яму паведаміў Сяргееў. Дзеяньні Цурпанава супрацоўнік пракуратуры назваў правакацыйнымі. Такую выснову ён зрабіў, убачыўшы, як Цурпанаў патрабаваў ад сакратаркі выдаць яму кнігу скаргаў і прапановаў. Паколькі гэтай кнігі ў прыёмнай не было, то Цурпанаў меў намер зафіксаваць парушэньне -- што яе ня выдалі па першым патрабаваньні, -- і выклікаць міліцыю. Паводле Дзьмітрычэнкі, такі інцыдэнт з Цурпанавым у пракуратуры ўжо здараўся. Цяпер Дзьмітрычэнка, каб запабегчы канфлікту, сам выклікаў міліцыю і загадаў Сяргееву арыштаваць наведніка пракураты. Сяргееў падпарадкаваўся.

Валадар Цурпанаў даводзіў, што інструкцыя, паводле якой у наведнікаў пракуратуры патрабуюць дакумэнты і не прапускаюць у будынак да супрацоўнікаў нагляднага органа, супярэчыць шэрагу артыкулаў Канстытуцыі і іншым законам. Сытуацыю з пропускам грамадзян да пракурорскіх работнікаў ён назваў «увядзеньнем ваеннага становішча на абмежаванай тэрыторыі».

Праваабаронца настойваў, што лічыць абразьлівым для сябе як грамадзяніна, калі супрацоўнікі пракуратуры прымаюць звароты ці скаргі на першым паверсе будынку пракуратуры.

«Прымаюць заявы, парушаючы права на канфідэнцыйнасьць, у ганебным кутку», — абураўся Цурпанаў.

Ён прасіў суд, каб той вынес прыватнае азначэньне кіраўніцтву Ленінскага аддзелу міліцыі, Дэпартамэнту аховы і пракуратуры, бо ў супрацоўнікаў гэтых установаў бракуе юрыдычных ведаў і кваліфікацыі.

Справу разьбіралі на беларускай мове. Судзьдзя, тым ня менш, не задаволіла хадайніцтва праваабаронцы, каб на судзе быў перакладчык, які б перакладаў тлумачэньні сьведак. Цурпанаў другі раз заявіў пра адвод суду, бо ўгледзеў у адмове даць перакладчыка парушэньне сваіх правоў. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва. Службовыя асобы з пракуратуры і Дэпартамэнту аховы на просьбу Цурпанава гаварыць па-беларуску адказалі, што будуць даваць тлумачэньні на расейскай мове.

Разглядалі справу Цурпанава тры дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG