Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль банкі змагаюцца з будучыняй, дзяржава можа ўкараніць краўдфандынг, — CrowdConference у Менску


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Другая канфэрэнцыя «Новая рэальнасьць: выклікі для Беларусі» стартавала ў Менску 30 верасьня. Сярод яе ўдзельнікаў — адзін з «бацькоў краўдфандынгу» Слава Рубін, які ўпершыню прыехаў у Беларусь з тых часоў, як ягоная сямʼя эмігравала ў ЗША.

Падчас канфэрэнцыі выступоўцы часта выкарыстоўвалі словы з прыстаўкай crowd (натоўп): краўдфандынг, калі карыстальнікі «скідваюцца» на паслугу ці прадукт, але не становяцца саўладальнікамі вытворцы (напрыклад, фінансуюць музычны альбом, новую мадэль тэлефона ці навуковае дасьледаваньне); і краўдсорсінг, калі выканаўцамі паслугі масава становяцца простыя карыстальнікі (так Uber набірае таксістаў, Wikipedia — аўтараў, Bitcoin — шыфравальнікаў грашовых пераводаў). Іншымі тэмамі былі «разумныя гарады» і інтэрнэт рэчаў, калі кожная рэч ад тостэра да сьвятлафора «разумная» і падключаная да інтэрнэту, бесьпілётнікі і штучныя суразмоўцы-боты ў мэсэнджэрах.

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Мерапрыемства, як і летась, зладзіў Белгазпрамбанк. Старшыня праўленьня банку Віктар Бабарыка тлумачыў на выступе, што банк арганізоўвае канфэрэнцыю ў тым ліку для сябе. Наўрад ці ў кампаніі на сёньня знойдуцца людзі, якія разумеюць тэхналёгію ланцужку блёкаў транзакцыяў (на якой працуе Bitcoin і іншыя віртуальныя крыптавалюты) настолькі, каб укараніць яе ў штодзённы бізнэс.

А вучыцца трэба, падкрэсьлівае Бабарыка, бо банкі, якія змагаюцца з новымі тэхналёгіямі замест таго, каб спрабаваць іх узначаліць, могуць хутка памерці. Сёньня шмат якія банкі ўжываюць з новых тэхналёгіяў хіба інтэрнэт-банкінг і электронныя чэргі. Менавіта змаганьнем з новымі тэхналёгіямі і жаданьнем банкаў пакінуць кантроль над звыклымі працэсамі ён растлумачыў адсутнасьць у Беларусі плацёжных тэхналёгіяў кшталту ApplePay і SamsungPay, няпэўную сытуацыю з PayPal.

Слава Рубін

Слава Рубін

Самым знакамітым выступоўцам быў адзін з «айцоў краўдфандынгу», сузаснавальнік першай буйной краўдфандынг-пляцоўкі Indiegogo, Слава Рубін. На гэтай пляцоўцы пасьпяхова зьбіралі грошы і на практычныя рэчы кшталту пчаліных вульлёў новага тыпу (рэкорд Indiegogo — 13 млн даляраў), і на навуковыя дасьледаваньні (сам Рубін, чый бацька памёр ад раку, запусьціў кампанію «Музыка супраць міелёмы»), і на фільмы (так, беларускі дакумэнтальны фільм «Песьні старой Эўропы», прафінансаваны на Indiegogo, перамог на Creation International Film Festival у ЗША), і на новага чалавека (сямʼя не магла завесьці дзяцей, але шанец на ўласнае дзіця дала апэрацыя, на якую «скінуліся» на сэрвісе).

Рубін пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што ўпершыню прыехаў у Менск з таго часу, як яго сямʼя эмігравала зь Беларусі ў ЗША, калі ён быў дзіцём. Цяпер ён прыехаў з маці і хоча выправіцца на экскурсію па Менску. Але часу паглядзець Беларусь ён ня меў, бо ягоны самалёт прызямліўся за тры гадзіны да выступу. Ды пра эканоміку і тэхналёгіі ў Беларусі крыху чуў:

«Я думаю, у Беларусі ёсьць добрыя тэхналёгіі, тэхнічныя таленты, людзі аналітычнага розуму, таму ня дзіва, што тут узьнікаюць цудоўныя кампаніі», — кажа ён у адказ на згадку Wargaming і Viber.

Ён упэўнены, што краўдфандынг як зьява будзе ня толькі расьці, але і пашырацца: напрыклад, выкарыстоўвацца ўладамі, каб будаваць паркі ці стадыёны:

«Такая будучыня, я думаю. Гэта простая рэч: пачынаецца зь фільму ці песьні, потым прыходзяць кампаніі, а далей будуць большыя рэчы, як урады».

Рубін не сумняваецца, што выкарыстаньне вялікіх плятформаў кшталту Indiegogo заўжды будзе лепшым варыянтам за самастойны збор грошай на праект (як, напрыклад, рабіў Лявон Вольскі, які сабраў грошы на новы альбом праз уласны сайт), бо такія плятформы даюць большую, міжнародную аўдыторыю.

У Беларусі ж ёсьць уласныя, меншыя краўдфандынг-плятформы Talaka і Ulej, а таксама сайт дабрачынных аўкцыёнаў MaeSens. За 2015 год беларусы на гэтых сайтах ахвяравалі 3 млрд недэнамінаваных рублёў на дабрачынныя і камэрцыйныя праекты, фільмы, кнігі і музычныя альбомы.

Прычым MaeSens працуе ў Расеі і ЗША пад назвай Goodwillion. А заснавальнік «Талакі» Яўген Клішэвіч апавядае, што яго плятформа плянуе ў наступным годзе выйсьці ў іншыя краіны і ўжо рабіла тэставыя запускі ў некаторых гарадах СНД.

Канфэрэнцыя працягваецца 1 кастрычніка лекцыямі і круглымі сталамі.

XS
SM
MD
LG