Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы «расчараваная» барацьбой Менску з карупцыяй


Беларусь спрабуе змагацца з карупцыяй, але вынікі рэалізацыі папярэдніх рэкамэндацый Рады Эўропы адносна гэтага змаганьня «выразна расчароўваюць».

Гэткая ацэнка знаходзіцца ў рэзюмэ канфідэнцыйнага дакладу аб ажыцьцяўленьні Беларусьсю рэкамэндацый Рады Эўропы па барацьбе з карупцыяй. Рэзюмэ было апублікаванае сёньня ў Стразбуры адмысловай Групай Рады Эўропы па барацьбе з карупцыяй.

Група прыйшла да высновы, што ў Беларусі рэалізуецца здавальняюча або разглядаюцца здавальняючым чынам толькі чатыры з дваццаці чатырох рэкамэндацый, якія былі прынятыя ў 2012 годзе.

«Група Рады Эўропы па барацьбе з карупцыяй выказвае асаблівую занепакоенасьць тым, што ў шэрагу сфэраў, дзе гэта абсалютна неабходна, не было ні абвешчана ні заплянавана ніякіх ініцыятываў. У выніку, выканаўчая галіна ўлады (асабліва прэзыдэнцкая) захоўвае паўнамоцтвы, якія несувымерныя з дэмакратыяй» — гаворыцца ў дакладзе.

Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, але ўдзельнічае ў шэрагу канвэнцый гэтай арганізацыі, у тым ліку ў Канвэнцыі аб грамадзянска-праўнай адказнасьці за карупцыю і Канвэнцыі аб крымінальнай адказнасьці за карупцыю. Група Рады Эўропы па барацьбе з карупцыяй кантралюе выкананьне антыкарупцыйных інструмэнтаў арганізацыі ўсімі дзяржавамі-ўдзельніцамі.

Менск не пагадзіўся на публікацыю поўнага дакладу аб змаганьні з карупцыяй у Беларусі, і Група Рады Эўропы па барацьбе з карупцыяй вырашыла апублікаваць толькі яго рэзюмэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG