Амэрыканскі сэнатар Марка Рубіё прапанаваў назваць вуліцу насупраць амбасады Расеі ў Вашынгтоне імем забітага апазыцыянэра Барыса Нямцова. Падрыхтаваны ім законапраект апублікаваны на афіцыйным сайце сэнатара.
Рубіё падкрэсьліў, што вуліца Барыса Нямцова павінна пастаянна нагадваць «рэжыму Пуціна і народу Расеі» пра тое, што «галасы абаронцаў свабоды нельга абарваць».
Напярэдадні Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заклікаў урад Расеі дамагчыся правасудзьдзя для тых, хто нясе адказнасьць за забойства Барыса Нямцова. Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Тэфт наведаў месца забойства апазыцыянэра на Вялікім Маскварэцкім мосьце і ўсклаў кветкі да арганізаванага там народнага мэмарыялу.
Барыс Нямцоў быў застрэлены 27 лютага 2015 году недалёка ад Крамля. У мінулыя нядзелю і панядзелак у многіх гарадах Расеі прайшлі акцыі, прысьвечаныя памяці апазыцыйнага палітыка. Суд у справе аб забойстве Нямцова працягваецца.