Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты на пасады ў адміністрацыі Трампа чакаюць зацьвярджэньня Сэнату


Кандыдат на пасаду дзяржсакратара ЗША Рэкс Тылерсан на слуханьнях у сэнацкім камітэце па міжнародных справах
Кандыдат на пасаду дзяржсакратара ЗША Рэкс Тылерсан на слуханьнях у сэнацкім камітэце па міжнародных справах

Белы дом назваў затрымку з зацьвярджэньнем дырэктара ЦРУ палітыканствам з боку дэмакратаў.

На гэтым тыдні Сэнат правядзе галасаваньне па зацьвярджэньні новых чальцоў кабінэту прэзыдэнта Дональда Трампа, надаючы асаблівую ўвагу камандзе, якая адказвае за нацыянальную бясьпеку. Ключавыя рэспубліканскія сэнатары заявілі пра сваю падтрымку былога кіраўніка нафтавай кампаніі Рэкса Тылерсана, які вылучаны на пасаду дзяржсакратара.

Празь некалькі гадзін пасьля таго, як Дональд Трамп прынёс прысягу прэзыдэнта, Сэнат пераважнай большасьцю галасоў (98 супраць аднаго) зацьвердзіў прапанаваных ім кандыдатаў на пасады міністраў абароны і нацыянальнай бясьпекі. Зараз большасьць рэспубліканцаў гатовая падтрымаць кіраўніка кампаніі ExxonMobil Рэкса Тылерсана, чые цёплыя стасункі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным выклікалі ваганьні ў некаторых заканадаўцаў.

«Гэта быў нялёгкі выбар, — заявіў сэнатар Джон Маккейн. — Але я таксама лічу, што, калі ўзьнікаюць сумневы, новы прэзыдэнт атрымлівае карысьць ад гэтых сумневаў».

Першым выпрабаваньнем для Тылерсана стане галасаваньне ў камітэце Сэнату ў пытаньнях міжнародных дачыненьняў.

Тым часам у зале пасяджэньняў Сэнату рэспубліканцы, якія складаюць большасьць, будуць дамагацца зацьвярджэньня Майка Пампэо дырэктарам ЦРУ. Той факт, што галасаваньне ягонай кандыдатуры не адбылося ў пятніцу, выклікаў раздражненьне ў адміністрацыі Трампа, якая прыйшла ў Белы дом.

«Дэмакраты ў Сэнаце зацягваюць намінацыю Майка Пампэо і займаюцца палітыканствам, калі гаворка ідзе аб нацыянальнай бясьпецы. Вось пра што, хлопцы, вам варта пісаць і асьвятляць гэта», — сказаў журналістам прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсэр.

«Мы ўсіх іх правядзём, але для некаторых гэты працэс зойме трохі больш часу, чым для іншых», — падкрэсьліў прэзыдэнт Трамп.

Рэспубліканцы адзначаюць, што папярэднія прэзыдэнты прыходзілі ў Белы дом зь большай колькасьцю зацьверджаных кандыдатаў, чым атрымаў Трамп.

«Я добра памятаю, як у студзені 2009 году Сэнат у дзень інаўгурацыі зацьвердзіў сем чальцоў кабінэту. Сем, ня два. Чаму ж мы ня можам проста працягнуць працу і забясьпечыць прэзыдэнта ягонай камандай у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, калі яна нам патрэбна больш, чым калі-небудзь у нядаўняй гісторыі?» — так ахарактарызаваў сытуацыю Джон Маккейн.

«Гаворка ідзе пра тое, ці будзе Сэнат проста штампаваць рашэньні і ці адмовіцца ён фактычна ад сваіх кантрольных абавязкаў», — заявіў сэнатар Рон Уайдэн.

Дэмакраты сьцьвярджаюць, што кандыдаты, вылучаныя Трампам, не сьпяшаліся раскрываць фінансавую інфармацыю і праходзіць этычныя праверкі.

«Калі калі-небудзь была група чальцоў кабінэту, якая проста напрошваецца на дбайную праверку, то гэта той самы выпадак, — лічыць сэнатар-дэмакрат Чак Шумэр. — Кабінэт абранага прэзыдэнта — гэта балота, якое кішыць мільярдэрамі і банкірамі, у якіх — куды ні паглядзі — канфлікты інтарэсаў і этычныя парушэньні».

Зацьвярджэньня чакаюць таксама кандыдаты на пасады міністраў фінансаў, энэргетыкі, аховы здароўя і сацыяльных службаў, а таксама кіраўніка Агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG