Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Церашковіч: ЭГУ хоча палепшыць імідж пасьля масавых рэпрэсіяў супраць іншадумцаў


Павал Церашковіч

Павал Церашковіч

Сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту рэкамэндаваў рэктару пачаць працэдуру афіцыйнага падпісаньня Вялікай унівэрсытэцкай хартыі.

Вялікая хартыя эўрапейскіх унівэрсытэтаў (Magna Charta Universitatum) — гэта дэклярацыя асноватворных прынцыпаў акадэмічных свабодаў, этыкі і якасьці, прынятая ў 1988 годзе падчас сьвяткаваньня 900-годзьдзя Балёнскага ўнівэрсытэту.

Дагэтуль Хартыю падпісалі 802 унівэрсытэты з 85 краін. Далучыўшыся да Хартыі, ЭГУ стане першым прыватным унівэрсытэтам Літвы і другім беларускім унівэрсытэтам, які гэта зробіць. Першым у Беларусі Хартыю падпісаў Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО».

«Факт прыняцьця Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам Вялікай хартыі сьведчыць пра ўсёахопную і гістарычную прыхільнасьць унівэрсытэту да правоў чалавека, свабоды думкі і найвышэйшых стандартаў сапраўды вольнай адукацыі», — адзначыў у афіцыйным паведамленьні рэктар ЭГУ прафэсар Дэвід Полік.

Звольнены з унівэрсытэту на пачатку 2014 году старшыня Сэнату ЭГУ, прафэсар Павал Церашковіч адзначыў, што гэта не адзіны крок, які робіць унівэрсытэт для таго, каб палепшыць свой імідж пасьля звальненьняў выкладчыкаў і абраньня новага кіраўніцтва. Напрыклад, зьявіліся відэаматэрыялы, якія тлумачаць, што ЭГУ застаецца апірышчам беларушчыны за мяжой:

«Гэта добры PR-крок, скіраваны на тое, каб палепшыць імідж інстытуцыі. Добра, што кіраўніцтва ЭГУ зьбіраецца падпісваць Вялікую ўнівэрсытэцкую хартыю, але застаецца пытаньне, у якой ступені ЭГУ адпавядае яе патрабаваньням. Пасьля масавых рэпрэсіяў супраць іншадумцаў, якіх ці то звольнілі, як мяне, ці не працягнулі кантракты. Сярод асобаў, якія страцілі працу, — кіраўнікі Сэнату, кіраўнікі прафсаюзу працаўнікоў ЭГУ. Наколькі я ведаю, гэтая практыка, калі не працягваюць тэрмін кантракту, працягваецца і сёньня», — сказаў Павал Церашковіч Свабодзе.

Пасьля таго як заяўка будзе разгледжана, рэктара ЭГУ запросяць на ўрачыстую цырымонію падпісаньня Хартыі. Цырымонія пройдзе ўвосень 2017 году ў Балёньні.

XS
SM
MD
LG