Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цярпець няма сілаў!» — прадпрымальнікі каля Гомельскага аблвыканкаму


Каля 400 індывідуальных прадпрымальнікаў выйшлі ў Гомелі на пачатку 15 гадзіны да будынку аблвыканкаму на праспэкце Леніна, 2. Людзі патрабуюць адмены ўказу № 222, які спаралізаваў іхнюю працу.

Жанчына ў гадах, якая прыйшла да аблвыканкаму з сабачкам, заяўляе:

«Мы таксама хочам есьці! Прыйшлі сюды патрабаваць адмены ўказу № 222. Хочам працаваць. Мне год застаўся да пэнсіі — на працу мяне ніхто не бярэ. Што мне рабіць? Як карміць сваю сям’ю? Улады нас ня чуюць — мы вошы на целе дзяржавы».

Прадпрымальніца Аляксандра кажа, што сем’і прадпрымальнікаў засталіся бяз сродкаў да існаваньня. Працаваць яны ня могуць, бо без сэртыфікатаў і таварна-транспартных накладных прадпрымальнікам пагражаюць вялікія штрафы і канфіскацыя тавару:

«Спадзяёмся, што ўлады нас пачуюць і зразумеюць, у якім становішчы мы апынуліся».

Некаторыя прадпрымальнікі ўжо не даюць веры, што ўлады пойдуць на саступкі.

«Першае патрабаваньне — адмена ўказу № 222. Другое патрабаваньне, якое, магчыма, трэба зрабіць першым, — адстаўка Лукашэнкі. Няхай людзі вучаць гісторыю. Я прыйшоў сёньня да аблвыканкаму не таму, што тут нешта вырашыцца. Не, я прыйшоў дзеля масавасьці. Мясцовыя ўлады ніводнага з нашых пытаньняў ня вырашылі й ня могуць вырашыць, бо гэта залежыць толькі ад аднаго чалавека, які жыве ў Драздах. Нядаўна старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што прадпрымальнікі — гэта пчолы, а трутні — гэта чыноўнікі», — кажа прадпрымальнік Уладзімер.

Суразмоўца скрытыкаваў пазыцыю лідэра грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, які на форуме прадпрымальнікаў у Менску ня даў выслухаць палітыкаў — тыя прапаноўвалі выходзіць на плошчу, каб дамагацца адмены ўказу № 222 і пастановы № 666, якія завялі дробны бізнэс у тупіковую сытуацыю.

Многія прадпрымальнікі, аднак, спадзяюцца, што ўзьніклыя праблемы можна яшчэ вырашыць. Але рабіць гэта трэба як мага хутчэй, бо запасы, на якія жывуць беспрацоўныя прадпрымальнікі, хутка мялеюць.

«Калі сем’і карміць ня будзе чым, тады прадпрымальнікі й будуць гатовыя да актыўнага пратэсту. І гэта ўжо не за гарамі. Чаму? Ды таму, што мы цяпер рэальна сядзім бяз справы і праядаем грошыкі, які калісьці зарабілі. Але ж яны заканчваюцца», — заяўляе прадпрымальнік сярэдняга веку, які назваўся Сяргеем.

А палове на 15 гадзіну да пратэстоўцаў выйшаў намесьнік старшыні аблвыканкаму Баляслаў Пірштук. Яго сустрэлі стрымана. Адзін з прадпрымальнікаў гучна патлумачыў чыноўніку, што цярпець ужо няма сіл.

Да прадпрымальнікаў выйшаў намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Баляслаў Пірштук

Да прадпрымальнікаў выйшаў намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Баляслаў Пірштук

Баляслаў Пірштук нагадаў, што пасьля таго, як прадпрымальнікі мінулым разам прыйшлі да аблвыканкаму, сфармавана працоўная група зь ліку прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў улады дзеля ўзгадненьня пазыцыяў. І прапанаваў пратэстоўцам кіравацца ў палац творчасьці дзяцей і моладзі «Юнацтва», каб працягнуць размову.

Усё, хто сабраўся каля аблвыканкаму, рушылі ў палац — літаральна за дзьвесьце мэтраў ад галоўнага «вэртыкальнага» будынку абласнога цэнтру.

Пірштук патлумачыў журналістам, што сапраўды ёсьць пытаньні з атрыманьнем прадпрымальнікамі дакумэнтаў нават у суседняй Расеі, ёсьць пытаньні наконт празьмерных адміністрацыйных санкцыяў. Над гэтым адпаведныя службы працуюць, каб нармалізаваць сытуацыю.

«Цярпеньне, канечне, можа скончыцца... Мы й мінулы раз казалі пра гэта. Ёсьць розныя групы прадпрымальнікаў — адны маюць дакумэнты, яны мацней стаяць на нагах. І ёсьць праслойка, якая, мякка кажучы, працуе слабавата ў пляне набыцьця дакумэнтаў. Мы цяпер вывучаем досьвед Менску — там вастрыні няма. Горад велічэзны, шмат гандлёвых комплексаў, а вастрыні няма. Пытаньне: чаму? Яны езьдзяць на такія ж рынкі Расейскай Фэдэрацыі, у іх ёсьць дакумэнты, і яны працуюць спакойна. Гэта сьведчыць пра тое, што існуюць шляхі выйсьця. Трэба іх пашукаць разам. І рух гэты павінен быць з абодвух бакоў. Ня тое, што — нам прынясуць. Абодва бакі павінны працаваць».

Кароткі дыялёг

Кароткі дыялёг

Намесьнік старшыні аблвыканкаму прапанаваў прадпрымальнікам, перш чым гандляваць, спраўдзіць у інспэкцыі Дзяржстандарту, сапраўдныя тыя ж сэртыфікаты якасьці ці не. У сваю чаргу, прадпрымальнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што ў тэхрэглямэнце Мытнага саюзу пазначана: сэртыфікаваць прадукцыю могуць толькі вытворцы ды імпартэры. Прадпрымальнікі легальна набываюць тавар у той жа Расеі, плацяць за яго свае грошы, а таксама 20-працэнтны падатак на дададзеную вартасьць за ўвоз тавару ў Беларусь. І калі пасьля гэтага яны самі бяруцца нешта сэртыфікаваць, то гэта выглядае як сэртыфікацыя кантрафактнай прадукцыі. Беларусь усе нестыкоўкі павінна ўрэгуляваць на міждзяржаўным узроўні, бо іначай навошта той Мытны саюз, ад якога стогнуць дзясяткі тысяч прадпрымальнікаў?

Масавая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла сёньня ў Гомелі, — другая па ліку за апошнія сем гадоў. 18 студзеня, пасьля таго як да аблвыканкаму выйшлі некалькіх сотняў прадпрымальнікаў, была створана сумесная працоўная група па вырашэньні спрэчных пытаньняў. Аднак выглядае, што ў гэтым напрамку яна пакуль не прасунулася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG