Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка скардзіцца ў Вярхоўны суд на падлог


Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

16 верасьня Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць скаргу былога кандыдата на прэзыдэнта Віктара Цярэшчанкі, якога Цэнтральная выбарчая камісія не зарэгістравала ў якасьці афіцыйнага прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду.

Сёньня спадар Цярэшчанка сказаў Свабодзе, што мэта звароту ў вышэйшую судовую інстанцыю — выявіць факты падлогу з боку тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, якія правяралі сапраўднасьць подпісаў, сабраных за яго вылучэньне. Палітык патрабуе прызнаць рашэньне ЦВК аб адмове яму ў рэгістрацыі несапраўдным. Ён лічыць, што падлог быў да таго ж пры праверцы, якую праводзілі абласныя і менская гарадзкая камісіі.

Раніцай 15 верасьня Віктар Цярэшчанка зноў быў пад кропельніцай. Але ён спадзяецца, што стан здароўя дазволіць яму заўтра асабіста ўдзельнічаць у судовым працэсе.

14 верасьня спадар Цярэшчанка адчуваў сябе лепей. Скарыстаўшыся гэтым, ён сустрэўся з кіраўніком місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі францускім дыпляматам Жакам Форам. Беларускі эканаміст падараваў спадару Фору сваю новую кніжку «Выхад з крызісу знойдзены. Ці пасьпеем выйсьці?». У размове Віктар Цярэшчанка назваў цяперашнія прэзыдэнцкія выбары «несвабоднымі», а ўмовы для кандыдатаў «няроўнымі». Са словаў спадара Цярэшчанкі, Жак Фор паабяцаў яму папрысутнічаць на пасяджэньні Вярхоўнага суду.

Ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала на праверку каля 130 тысяч подпісаў. Але, паводле ЦВК, зь іх сапраўднымі былі прызнаныя менш за 7 тысяч.

Віктар Цярэшчанка 9 верасьня заявіў, што выходзіць з прэзыдэнцкай кампаніі. Адначасова ён заклікаў трох кандыдатаў, якія застаюцца патэнцыйнымі супернікамі Аляксандра Лукашэнкі, «ня пэцкаць сваё чэснае імя і зьняць свае кандыдатуры з будучых фальшаваных выбараў». Аднак Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч кажуць, што зьбіраюцца працягваць выбарчую гонку.

Сваё рашэньне спыніць прэзыдэнцкую кампанію Віктар Цярэшчанка тлумачыць тым, што вымушаны зрабіць гэта ў сувязі з рэальнай пагрозай для свайго жыцьця і пагрозамі на адрас сям’і. Паводле ягоных словаў, на яго і на сябраў ягонай каманды ідзе вельмі моцны ціск, «у тым ліку і празь непасрэдныя пагрозы фізычнай расправы і крымінальнага перасьледу з боку ўлады».

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй.

Спадар Цярэшчанка сказаў Свабодзе, што канкрэтнага дыягназу лекары яму дагэтуль не паставілі. А ў бюлетэні, які ён атрымаў, напісана — «агульнае захворваньне».

Акрамя цяперашняй выбарчай кампаніі, Віктар Цярэшчанка спрабаваў балятавацца на пасаду прэзыдэнта на выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў. Аднак толькі ў 2010 годзе быў зарэгістраваны кандыдатам. Тады, паводле афіцыйных дадзеных Цэнтравыбаркаму, за яго прагаласавалі 1,19% выбарцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG