Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: Колькі б ня ставілі ля абменьнікаў людзей у пагонах — бескарысна


Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

Рэзкае падаражэньне валюты ажыятаж ня спыніла: людзі гатовыя набываць даляры ці эўра нават па дэвальвацыйных коштах, але ў абменных пунктах ахвотным прадаюць толькі тое, што здаюць іншыя кліенты. Зрэшты, паўтараецца сытуацыя трохгадовай даўніны — валюту перахопліваюць саматужныя пасярэднікі, якія даюць на 3-4 тысячы рублёў за даляр больш, чым выстаўляюць банкі.

Пры канцы мінулага тыдня старшыня праўленьня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова запэўніла, што на пачатку тыдня валюта ў абменных пунктах абавязкова зьявіцца — маўляў, падвышаны попыт павінен зьбіць абавязковы банкаўскі збор, які пераўтварае цяперашні афіцыйны курс з 11 тысяч рублёў за даляр у больш чым 14 тысяч.

Аднак на ўласныя вочы давялося пераканацца, што абяцаныя самалёты з валютай у Беларусі так і не прызямліліся. У офісным комплексе Sky Towers месьцяцца офісы шэрагу банкаў, на першым паверсе працуюць іх абменныя пункты. Некалькі чалавек пры мне запыталіся, ці можна набыць даляры альбо эўра «з нацэнкай», але ў адказ гучала адно — пакуль яшчэ ніхто не здаваў. Выглядае, што задача перанакіраваць валютныя рэзэрвы ў касы не стаіць, задаволіць попыт мусяць самі ж кліенты. Зрэшты, гэта пацьвердзіў і прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч, які напярэдадні заявіў, што няма мэты забясьпечыць валютай усіх, хто кінуўся штурмаваць банкаўскія ўстановы. Ахвочых прадаць банкам валюту па сабекошце не відаць.

Дык ці дзейсныя захады ўраду і Нацбанку, якія нібыта стрымліваюць дэвальвацыю, але не вырашаюць праблему панічных настрояў у грамадзтве? Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка перакананы, што чарговым экспэрымэнтам наканаваны гучны правал:

Колькі б там ня ставілі ля кожнага пункту людзей у пагонах, людзі ўсё роўна будуць мяняць па знаёмстве, па суседзях

«Урад разам з Нацбанкам за многія гады так і не стабілізавалі грашова-крэдытную палітыку: мае месца дэвальвацыя, абясцэньваньне ў адносінах да замежнай валюты. Таму можна казаць пра няздольнасьць гэтых структураў хоць нешта зрабіць. А зайздрасьць, якая прысутнічае ў чыноўнікаў, самі разумееце, завязаная на тое, каб неяк узяць у людзей, але не аддаваць ім. І гэта толькі адзін са спосабаў. Хочаш паехаць па прадукты харчаваньня ці вопратку ў Літву — мяняй рублі на замежную валюту. Дарэчы, відазьмененая пошліна, якую ў розных варыянтах спрабавалі ўвесьці на мяжы, на выезьдзе. Гэта абсалютнае глупства, гэта прыніжальна з боку ўлады ў дачыненьні да чалавека, гэта цалкам канкрэтны падатак. Да такога не дадумаліся нават у Зымбабвэ на поўдні Афрыкі, якая сёньня лідзіруе па дэвальвацыі нацыянальных грошай. Беларусь у асобе ўраду нічога лепшага не прыдумала, падаючы навацыі як „часовыя“. Але паглядзіце сацыяльны бок, агульны настрой у грамадзтве. Беларусы ў бальшыні выпадкаў ня пойдуць у абменьнікі. І колькі б там ня ставілі ля кожнага пункту людзей у пагонах, людзі ўсё роўна будуць мяняць па знаёмстве, па суседзях, каб атрымаць беларускія рублі ці, наадварот, замежную валюту. Нічога гэта ня дасьць, і дзяржава ў бюджэт нічога не атрымае. Мякка кажучы, таго, чаго чакае».

Сёньня праваахоўныя органы паведамілі пра затрыманьне першых валютчыкаў, якіх традыцыйна спараджае фінансавы крызіс. Паўстаюць старыя і новыя інтэрнэт-пляцоўкі з прапановай валютных зьдзелак — усім вядомы «народны сайт» prokopovi.ch, які паўстаў на тле крызісу 2011 году, а таксама новыя кшталту dollarnash.com. Ці пяройдуць дарогу банкам валютчыкі ды мянялы, якія пры канцы мінулага тыдня пачыналі са сьціплых 15-20% накруткі, а цяпер узьнялі даляр да рэкордных 16 тысяч рублёў? Ці пацячэ зноў валюта паўз дзяржаўную касу? Меркаваньне выказвае фінансавы аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха

«Такі варыянт ня выключаны. Сапраўды, можа ўзьнікнуць нейкі сэгмэнт пасярэднікаў: скажам, у гэтым сэнсе ажывіць сваю працу даволі вядомы сайт prokopovi.ch. Але, зноў жа, узьнікаюць канфрантацыйныя выдаткі, паколькі сёньняшняя сытуацыя адрозьніваецца ад сытуацыі валютнага крызісу 2011 году.

Зразумела, той чалавек, які зацікаўлены прадаць замежную валюту, хоча яе прадаць па курсе, які ёсьць у абменных пунктах беларускіх банкаў, плюс, напрыклад, 20% атрымаць зьверху. Іншае пытаньне, ці захоча ўмоўны ўкладчык плаціць не плюс 30%, а хай сабе нават плюс 20%? Бо можна казаць, што фактычна гэтаксама атрымліваецца валютны збор. То бок, захоча чалавек плаціць гэтыя 20%, ці ён усё ж аднясе іх на тэрміновы ашчадны ўклад з індэксацыяй рублёвых зьберажэньняў у залежнасьці ад дынамікі абменнага курсу беларускага рубля да даляра ЗША. Зусім не другараднае пытаньне. Калі ж ён, напрыклад, пагодзіцца на плюс 10 ці плюс 15 — пытаньне, ці пагодзіцца ў дадзеным выпадку прадавец? Навошта яму рызыкаваць, калі ён можа ў нармальным рэжыме здаць у любым банку? Таму сытуацыя ўсё ж істотна адрозьніваецца ад той, якая была ў 2011 годзе».

Тым часам кіраўніцтва Нацбанку адрапартавала, што прыбытак у бюджэт ад увядзеньня 30-працэнтнага збору перавысіць 5 трыльёнаў рублёў. На чыю актыўнасьць разьлік? Эканаміст Віктар Цярэшчанка лічыць, што перадусім хочуць патрэсьці юрыдычных асобаў, а вось прыватнікі ўдзельнічаць у папаўненьні дзяржаўнай скарбонкі адназначна ня будуць:

«Так, юрыдычныя асобы будуць вымушаныя купляць, таму што па імпарце даводзіцца завозіць машыны, мэханізмы, фарбы, лекі; агулам, калі казаць пра пераўзбраеньне і г.д. За ўсё трэба плаціць валютай. Але фізычныя асобы — ня той выпадак. Разам з тым, суб’екты гаспадараньня непазьбежна пастаўкі скароцяць, бо ў выніку гэта ляжа на кошт тавару.

Ніхто з тых, хто сядзіць на пасадах, ня справіцца з тым, што адбываецца цяпер, — людзі бясконца адарваныя ад жыцьця

Вы ж разумееце, умоўна скажу: тэарэтычна ён сёньня купіць даляр за 12 тысяч, а ўводзячы яшчэ 30%, гэта будзе ўжо 15 тысяч. Значыць, гэтую розьніцу яму трэба пакласьці куды? А Мясьніковіч учора — казачнік, інакш ня скажаш — расказвае: у іх, маўляў, занадта пайшлі звышпрыбыткі — у суб’ектаў гаспадараньня, якія займаюцца прыватным бізнэсам. Міша, ідзі ў калгас „Шлях камунізму“, сядзь, падумай, што ты такое гаворыш. Разумееце, людзі, якія сядзяць на пасадах, прымаюць кіроўныя рашэньні, — разважаюць на такім папулісцкім узроўні. Ніхто зь іх ня справіцца з тым, што адбываецца цяпер, — людзі бясконца адарваныя ад жыцьця. Я найперш маю на ўвазе вось такіх кіраўнікоў узроўню Мясьніковіча».

На наваствораным сайце dollarnash.com курсы валют істотна адрозьніваюцца ад афіцыйных і ўяўляюць узор абсалютнай гнуткасьці. Удзельнікі віртуальных зьдзелак самі прызначаюць кошт валюты, якую хочуць прадаць ці набыць. Прыкладам, на даляр люфт складае ад 12000 за даляр пры набыцьці да 15000 і вышэй пры продажы. Курс, вызначаны Нацбанкам, ушчыльную наблізіўся да 11 тысяч рублёў за даляр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG