Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце набліжаюцца выбары рэктара. Цяпер шорт-ліст складаецца зь сямі імёнаў. Сярод кандыдатаў — тры беларусы (Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова), тры амэрыканцы (цяперашнія правост ЭГУ Дэвід Полік і прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс, а таксама Эдвард Рослаф), сёмы — літовец Сарунас Ліекіс. Мяркуецца, што канчатковыя рэкамэндацыі па кандыдатуры новага рэктара Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (органу, адказнаму за прыняцьце канчатковага рашэньня) будуць зробленыя да 1 сакавіка 2015 году.

У сьнежні кандыдаты на рэктара ЭГУ сустрэліся з выкладчыкамі і студэнтамі ЭГУ, ва ўнівэрсытэце адбыліся гутаркі, дыскусіі. Цяпер кандыдаты абвяшчаюць свае праграмы. 5 студзеня сваю перадвыбарчую праграму абнародаваў Аляксандар Мілінкевіч. 9 і 10 студзеня Студэнцкае прадстаўніцтва і Асацыяцыя выпускнікоў ЭГУ ладзяць міжнародную канфэрэнцыю «Беларускі ЭГУ: 10 год у Літве». Адна з мэтаў канфэрэнцыі — паўплываць на выбар рэктара. Запрошаныя сем кандыдатаў на пасаду рэктара. На дадзены момант свой удзел пацьвердзілі Аляксандар Мілінкевіч і Дарыюс Удрыс. Да абмеркаваньняў мусяць далучыцца і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, грамадзянскай супольнасьці.

Паводле арганізатараў, канфэрэнцыя ладзіцца ў такі хуткі тэрмін, каб ня страціць шанец паўплываць на канчатковае рашэньне наконт абраньня рэктара. Прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніс Кучынскі тлумачыць:

Дзяніс Кучынскі

Дзяніс Кучынскі

«Галоўная мэта канфэрэнцыі — стварыць дакумэнт, каб мы маглі мець яснае, зразумелае ўяўленьне пра тое, куды мы хочам крочыць. Таму што праз новага рэктара будзе і адмысловая палітыка ўнівэрсытэту. Я спадзяюся, што гэты дакумэнт і наагул гэтая канфэрэнцыя змогуць дапамагчы і паўплываць слушна на выбары рэктара».

Карэспандэнтка: «І вы верыце, што студэнцкая супольнасьць можа паўплываць і павінна ўплываць на выбары рэктара?»

«Ведаеце, калі б я ня верыў, я б гэтага не рабіў. Я хачу падкрэсьліць яшчэ адзін прынцыповы момант: гэта не чарговыя інтэрвію з кандыдатамі, хоць яны там будуць прысутнічаць».

Меркаваньні экспэртаў і грамадзкасьці падзяліліся: адны лічаць, што толькі беларус зможа ачоліць ЭГУ, каб там застаўся, так бы мовіць, беларускі дух, прыярытэты. Вядомыя грамадзкія дзеячы Беларусі, сярод якіх Алесь Бяляцкі, Уладзімер Арлоў, Радзім Гарэцкі, Уладзімер Колас, Івонка Сурвіла, Вінцук Вячорка, Уладзімер Някляеў, Сьвятлана Алексіевіч і іншыя (усяго 37 чалавек), заклікалі выбраць рэктарам грамадзяніна Беларусі. Некаторыя іншыя лічаць, што ня мае значэньня, кім па нацыянальнасьці будзе новаабраны рэктар — галоўнае, каб у яго была пэўная стратэгія, скіраваная на Беларусь.

Выкладчыца дэпартамэнту сацыяльных і палітычных навук ЭГУ Тацяна Чуліцкая не хавае, што сама яна вызначылася з кандыдатурай. Называць прозьвішча свайго абраньніка ня стала. Выказала такое меркаваньне:

Шчыра кажучы, я ня думаю, што альбо чорнае, альбо белае, альбо беларус, альбо амэрыканец

«Я лічу, што лепш за ўсё — гэта ўсё ж такі чалавек, які зьвязаны з унівэрсытэтам, які разумее, што такое ЭГУ. Шчыра кажучы, я ня думаю, што альбо чорнае, альбо белае, альбо беларус, альбо амэрыканец. Што, маўляў, калі будзе беларус, то будзе ўсё беларускае, калі ня будзе беларус — то ня будзе беларускага. Пытаньне ў стратэгіі для ўнівэрсытэту. Абраньне рэктара для ЭГУ — гэта важны момант для выйсьця з гэтага складанага пэрыяду ваганьняў, дыскусій, скандалаў, якія нікому не патрэбныя і перашкаджаюць, каб інстытуцыя стабільна працавала, каб яна функцыянавала як акадэмічная менавіта інстытуцыя. Так што я ня думаю, што ў пытаньні „ці амэрыканец, ці беларус“ адно перакрэсьлівае другое».

На думку прэзыдэнта Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніса Кучынскага, чыста фармальна і амэрыканец можа накіраваць унівэрсытэт у беларускі напрамак. І ў праграмах, матывацыях некаторых замежных кандыдатаў гэта ёсьць. Да прыкладу, у Дарыюса Удрыса, кажа Дзяніс:

«Ведаеце, проста выракаць праз нацыянальнасьць — гэта не зусім слушна нават і з чалавечага, і з прававога пункту гледжаньня. Зразумела, што чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, жыў у Беларусі, ведае беларускі кантэкст, ён праз гэтыя зразумелыя чыньнікі лепш разумее сытуацыю. Пры гэтым ня ўсе беларускія кандыдаты знаёмыя з кантэкстам зь сярэдзіны ЭГУ, знутры. Прыкладам, гэта крыху было бачна падчас інтэрвію з Алесем Краўцэвічам, якога як гісторыка, як чалавека зь ягоным імпэтам можна зразумець. Студэнты былі вельмі прыемна ўражаныя пасьля Мілінкевіча. Ён вельмі добра разумее сытуацыю. Тое самае было з Дарыюсам Удрысам. З аднаго боку, здаецца, чалавек — не беларус, але ў яго ёсьць разуменьне кантэксту. Ну і, вядома, усе былі захопленыя Тацянай Шчытцовай, якая працуе ва ўнівэрсытэце з 1994 году, і яна ўсё разумее».

Выбары рэктара ў ЭГУ ўскалыхнулі і выкладчыкаў, і студэнтаў. Прычым студэнты ня проста дэкляруюць, што ім неабыякава, у якім кірунку будзе разьвівацца ўнівэрсытэт, а даказваюць гэта рэальнай справай — арганізацыяй міжнароднай канфэрэнцыі, мэта якой — паўплываць на выбары рэктара, кажа выкладчыца Тацяна Чулінская:

«Самае лепшае ў тым, што цяпер адбываецца — гэта тое, што студэнты ЭГУ паказалі, якія яны актыўныя, неабыякавыя. Я на іх гляджу і па-добраму зайздрошчу, таму што я ў свой час БДУ скончыла, і ў нас такіх магчымасьцяў не было. Так упэўнена адстойваць сваю зацікаўленасьць і мець гэтую зацікаўленасьць, ім ня ўсё роўна — гэта самы пазытыўны сцэнар. І мы, „акадэмікі“, таксама разумеем, што маем такіх студэнтаў. Для мяне як выкладчыка — гэта гонар, што маладыя беларусы могуць такую ініцыятыву праявіць самі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG