Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі, калі ў гаспадара не хапала добрага сена, ён дадаваў саломы, старанна перамешваў. Карова не заўважала падману і зьядала сумесь, якую ў народзе і называлі трасянкай. Гэтае слова атрымала сваё новае значэньне ўжо як сумесь беларускай і расейскай моваў адносна нядаўна — у другой палове 1980-х гадоў, калі цэлы шэраг публікацыяў на старонках газэты «Літаратура і мастацтва» скрытыкаваў стан беларускай мовы ў савецкі пэрыяд.

Раней зьмешанае маўленьне называлася «моўнай жвачкай», «моўным гібрыдам», «моўным сурагатам», «моўнай хімэрай», «мешанінай», «ламанінай», «тарабаршчынай». Але ў сучаснай Беларусі прыжылося слова «трасянка». Прычым часьцей яно ўжываецца са знакам мінус.

Як можна вызначыць трасянку ў беларускім нацыянальна-моўна-культуралягічным дыскурсе? Што яна — сорам мовы ці яе жыцьцё? Гутарка з культуролягам, мастаком Тодарам Кашкурэвічам.

Тодар Кашкурэвіч

Тодар Кашкурэвіч

— Лічыцца, што трасянка, дый любое зьмешваньне моваў, — гэта безумоўнае «абніжэньне моўнага стылю», знак моўнай дэградацыі. Але ці існуюць сёньня мовы, так бы мовіць, у чыстым выглядзе, без запазычваньняў, бязь зьмешваньня рысаў вымаўленьня, лексыкі, а часам і сынтаксісу?

— Жыцьцё моваў — працэсы непрадказальныя, часам з адмоўным знакам, часам са знакам дадатным. Пачнём з таго, што ўсе эўрапейскія мовы — гэта ў пэўнай ступені мовы-трасянкі. Апрача, мусіць, лацінскай, грэцкай, санскрыту — моваў, якія заснавалі асновы эўрапейскай і індаэўрапейскай цывілізацыі, на якіх былі сфармуляваныя асноўныя паняцьці ў галінах тэалёгіі, філязофіі, матэматыкі, астраноміі, мэдыцыны, эстэтыкі і г.д.

Заўважце, усе згаданыя навукі маюць антычнае паходжаньне ў сваіх найменьнях. Геній антычнай цывілізацыі — бясспрэчны. Падмурак эўрапейскай ідэнтычнасьці, штуршок для фармаваньня эўрапейскіх барбарскіх народаў, у тым ліку — і літаратурных кшталтаў эўрапейскіх моваў.

— Шматкроць даводзілася чуць ад імпэрскіх расейцаў, што беларуская, украінская мовы — сапсаваная расейская мова, зьмяшаная з польскай...

— Гучала нават, што гэта мовы нейкіх базараў, на якіх нельга выказаць нешта «высокае». Маўляў, хіба можна перакласьці знакавую фразу Шэксьпіра па-ўкраінску як «Буты чы нэ буты, ось в чым заковыка».

Расейская моўная грэблівасьць палягае на субʼектыўнай стылістычнай ацэначнасьці. Зрэшты, і беларускія, і ўкраінскія моўныя пурысты грэбліва ставяцца да трасянкі і суржыку. Можна сказаць, што моўным пурыстам трэба вывучыць лацінскую мову і бяз комплексаў гутарыць на ёй, як гэта рабілі нашы продкі. Мовай навукі, міжнацыянальных зносінаў, мовай палітыкі і г. д. была лацінская мова.

Яшчэ раз падкрэсьлю, што амаль усе эўрапейскія мовы — гэта міксты. Чаго толькі вартая ангельская мова, наконт якой мовазнаўцы спрачаюцца, ці далучаць яе да раманскай, ці да германскай моўнай групы. Невыпадкова, што менавіта ангельская мова набыла статус гэткага міжнароднага «эспэранта». А само штучна створанае эспэранта не прыжылося.

Жыцьцё моваў — працэс непрадказальны. Мова жывая, калі яна натуральна нараджаецца і натуральна жыве. Жывое выбірае свае шляхі да выжываньня. Узгадайма дзьмухаўцы, што прабіваюцца праз асфальт.

— А ў славянскай групе моваў як прабіваліся праз асфальт, кажучы вашымі словамі, дзьмухаўцы? Як фармаваліся мовы, дыялекты? Што іх абʼядноўвала, чым розьніліся?

Вэрсія ўзьнікненьня славянскіх народаў як носьбітаў пэўнага моўнага «кайнэ» здаецца вельмі праўдападобнай

— Гэта самы, бадай, моўна-генэалягічны дэтэктыў — утварэньне славянскай мовы і славянскіх дыялектаў. Спасылаючыся на аўтарытэтных лінгвістаў — Мартынава, Тапарова, Іванава і іншых, можна казаць пра вэрсію ўтварэньня славянскай пра-мовы ад зьмяшэньня заходняга балцкага дыялекту, дыялектаў германскіх, кельцкіх, італійскіх, іранскіх, фіна-вугорскіх. Мова-мікст утваралася як сродак міжнацыянальных зносін у пэўнай сацыяльнай групе і ўнутры Рымскай імпэрыі, і на яе пэрыфэрыі. Вэрсія ўзьнікненьня славянскіх народаў як носьбітаў пэўнага моўнага «кайнэ» здаецца вельмі праўдападобнай.

— Давайце тут удакладнім, што грэцкае слова «кайнэ», па-беларуску «агульны», азначае былую агульную надрэгіянальную форму грэцкай мовы, якая выкарыстоўвалася ў вусным ды пісьмовым ужытку ў эліністычную эру і ў эпоху рымскага панаваньня.

— Зразумела, што рымскія патрыцыі размаўлялі «па-шляхецку» — на лаціне. Ну, а астатнія падданыя — на «трасянцы». Распаўсюджаньне хрысьціянства ў асяродзьдзі пэрыфэрыяў Рымскай імпэрыі было зьвязана і з моўнай палітыкай. Місія Кірылы і Мятода таму сьведчаньнем. Высакапарныя і шматзначныя філязофскія, тэалягічныя славянскія тэрміны, кшталту «добронравіе», «великомысліе», «благодатное» — нішто іншае, як калькі з грэцкай мовы, якія былі створаныя вышэйпамянёнымі місіянэрамі ў перакладах Сьвятога Пісаньня.

Са свайго досьведу магу распавесьці, як утвараецца за вельмі хуткі тэрмін своеасаблівае «кайнэ». Быў час, калі я ўдзельнічаў у інтэрнацыянальных скульптурных пленэрах. Рабілі з дуба капліцы ў Літве. Удзельнікамі — літоўцы, беларусы, славакі і чэхі, украінцы, палякі. Дык вось, падчас дзесяцідзённай супольнай працы ў нас сфармавалася свая мова зносінаў. Адпаведна — сумесь моваў усіх згаданых прадстаўнікоў розных краінаў. Усяго за дзесяць дзён! Што казаць пра стагодзьдзі панаваньня царквы, памешчыкаў і г.д.

— Вы хочаце сказаць, што мовы эвалюцыянуюць вельмі хутка?

— Можна прывесьці прыклад трансфармацыі мовы на працягу жыцьця аднаго чалавека. Узгадайма дзёньнік Фёдара Еўлашэўскага. Будучы юрыстам, праўнікам, ён шмат часу праводзіў пры каралеўскім двары. Дык эвалюцыя мовы адбылася на працягу жыцьця аднаго чалавека.

— Трасянка, пра якую мы сёньня гаворым, — гэта зьмешваньне расейскай і беларускай моваў, расейскага і беларускага маўленьня. Яна паўставала ўжо ў гістарычна аддаленым ад нас пэрыядзе з гвалту ці любові паміж народамі, з роўнасьці ці няроўнасьці?

Калі б ня акцыя зачысткі адукацыйнай структуры ў нашай краіне, то нашы калегіюмы і ўнівэрсытэты маглі б перарасьці ў сурʼёзныя навучальныя ўстановы, падобныя эўрапейскім Оксфардам і Гарвардам

— Доўгі пэрыяд існаваньня нашага краю ў межах расейскай імпэрыі спарадзіў і шэраг нацыянальных комплексаў, фобіяў, самаедзкіх стэрэатыпаў. Трасянкі, суржыкі недаразьвітыя... Насамрэч лінія фронту ў змаганьні з асноўным агрэсарам палягае ў плашчыні адукаванасьці альбо неадукаванасьці. Калі б ня акцыя зачысткі адукацыйнай структуры ў нашай краіне, то нашы калегіюмы і ўнівэрсытэты маглі б перарасьці ў сурʼёзныя навучальныя ўстановы, падобныя эўрапейскім Оксфардам і Гарвардам. Але ў Масковіі ані лаціны, ані грэцкай, ані іўрыту да XVIII стагодзьдзя ня ведалі і не выкладалі. Першы пятроўскі ўнівэрсытэт быў недасканалы і прымітыўны. Полацкая акадэмія сабрала ўсю навуковую езуіцкую эліту з усёй Эўропы. Ад XVI стагодзьдзя ўся літоўская шляхта валодала асновамі лацінскай мовы. У XIX стагодзьдзі прыйшла мода на францускую мову. Ажно да канца XIX стагодзьдзя француская мова нарматыўна ўжывалася ў творах расейскіх пісьменьнікаў. Калі працягваць тэму «великого русского языка», то варта прагледзець слоўнік запазычаньняў у расейскай мове. Там — 20 000 слоў!

— Такім чынам, расейская мова, якая, калі я правільна вас зразумеў, сама была трасянкай, скажам фігуральна так, апладніла беларускую мову. А беларуская ці літвінская эліта, якая валодала і лацінскай, і грэцкай мовамі, здалася ў моўным пытаньні?

— Нельга так казаць — здалася. Калі табе адбівалі мазгі 200 гадоў, то можна слушна сказаць, што ты ўжо 10 разоў памёр. Факты інтэлектуальнага, збройнага, моўнага супраціву паказваюць на пэрыяды мысьленьня тутэйшых элітаў у праблеме моўнага пытаньня. І насуперак моцнаму, агрэсіўнаму прэсінгу стварыліся oнармаваныя кшталты новабеларускай мовы.

— Сёньня існуюць два ўнармаваныz варыянты беларускай мовы — афіцыйны, які называюць наркамаўкай, і клясычны, які называюць тарашкевіцай. Гэтыя варыянты тычацца пераважна правапісу, але розьняцца і лексыкай, і маўленьнем. Вы які выбіраеце?

— Я прыхільнік унармаваных кшталтаў мовы. Выбіраю варыянт, які шматлікімі дзеячамі беларускай культуры і палітыкі грэбліва абазваны «наркамаўкай». Выбар — і субʼектыўны, і абʼектыўны. Грэшны я: не падтрымліваю апазыцыйнай «тарашкевіцы».

— А як быць з трасянкай?

— Дык гэта ў мяне, чалавека абазнанага. А што казаць пра простых людзей ракаўскіх, паміж якіх я жыву?.. І справа не ў неадукаванасьці простага люду. Ён жыве ў рэальным моўным працэсе, а ня ў схемах. Немагчыма людзям казаць слова «наогул», трэба казаць толькі — «вабшчэ». Ня «бачыў», а толькі — «відзіў». На Полаччыне — ня «хлопец», а толькі «малец», ня «вёска», а толькі — «дзярэўня». Можна спрачацца, ці гэта запазычаньні з польскай, ці расейскай, ці ўкраінскай. А можа, як той беларус сказаў, мо так і было, мо так і трэба — іржавы цьвік пад дупай? Але — свой іржавы, і пад сваёй дупай. Кожны народ выбірае свой іржавы цьвік...

Новая Атлянтыда

Легендарная "Беларуская Атлянтыда" вяртаецца. Актуальныя гутаркі пра беларускую эўрапейскасьць учора і заўтра. Вядучы Вячаслаў Ракіцкі.

Езьдзячы ў Менск на маршрутках, сутыкаючыся з паспалітымі людзьмі, я заўважыў, што знак свойскасьці паміж імі — нават ня лексыка, а фанэтыка. Была такая вось сытуацыя ў менскай культавай забягалаўцы «Пярцоўка» на вуліцы Леніна. Бамонд менскі, хто памятае, хадзіў туды каву піць. На той час у грамадзкіх месцах я размаўляў па-расейску. Гэта былі 1990-я гады. Кавярніцы-прадавачкі такія беларускія. А тут нейкія мужчыны дзіўныя, інтэлігенты. Не свае... Замаўляю каву па-расейску, але прашу «у чашачку», не філіжанку, ня кубачак. І ад гэтага слова — «чашачка» кабета расплылася ў прыязнай усьмешцы, нібыта як двое масонаў патаемных сустрэліся. І кава была — на ўзроўні! А ўсё за цьвёрдае «ч» у слове «чашка». Таму не чапайце трасянкі. У тэму да моўных войнаў цяпершчыны. Ужо для прадстаўнікоў «русского мира» беларускае цьвёрдае «ч», нават ня лексыка, — прычына для абурэньня, праз гэта могуць ня ўзяць на працу. Стала вядомым патрабаваньне да кандыдатаў на працу ў берасьцейскай расейскай фірме — «говорить без белорусского акцента».

— І будзем зноў упарадкоўваць, нармаваць ужо тую мову, якую мы сёньня называем трасянкай? Клясычная, наркамаўка, трасянка... На якой зь іх пісаць, на якой вучыць, дасьледаваць? Ці трасянка ўсё ж — масток да беларускай літаратурнай мовы?

— Частка моўных канфігурацыяў у стылістыцы, нават у творах сучаснай літаратуры і музыкі, сталася ўжо нормай. Пісьменьнікі, мастакі — Сьцяпан, Горват, Вольскі, Анэмпадыстаў, Кашкурэвіч — увялі трасянку ў культурны кантэкст. А што вы думаеце, хіба ў Вялікай Брытаніі ці Францыі — інакш?

— Ваш прагноз — які лёс чакае беларускую літаратурную мову і які лёс чакае трасянку?

— Беларускай літаратурнай мове няма чаго баяцца. Яна сфармаваная, унармаваная. Гэтулькі геніяльных твораў на ёй напісана! Яна мае статус элітнай — мастакі і пісьменьнікі на ёй размаўляюць. Для сучаснай Беларусі яна кшталту, лаціны, санскрыту. Дзякуючы беларускай мове цябе як эліту ўспрымаюць менскія таксоўшчыкі. Дый прадавачкі таксама. А трасянка? Яна як той дзьмухавец, які хоча прабіцца праз асфальт, каб падыхаць паветрам загазаваным і пабачыць сонца.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG