Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатку Эўрапарлямэнту шэсьць гадзін трымалі на беларускай мяжы


Рэбэка Хармс
Рэбэка Хармс

Дэпутатка Эўрапарлямэнту Рэбэка Хармс накіроўвалася на міжнародную канфэрэнцыю «Чарнобыль +30», якая прайшла 24 красавіка ў Менску пад эгідай таварыства «Зялёная сетка» і Беларускай партыі «Зялёныя» пры падтрымцы кіеўскай філіі Фонду Генрыха Бёля (Нямеччына), Сусьветнай асацыяцыі ветраэнэргетыкі і Эўрапейскай партыі зялёных.

Паводле паведамленьня Беларускай антыядзернай кампаніі, нямецкі палітык, кіраўнік фракцыі «Зялёныя — Эўрапейскі свабодны альянс» у Эўрапарлямэнце, якая была затрымана на памежным кантролі ў аэрапорце Менск, змагла ўехаць у беларускую сталіцу і ўзяць удзел у канфэрэнцыі.

Сваё затрыманьне Хармс, якая адкрыта крытыкуе палітыку Крамля ў ЭЗ, зьвязвае з тым, што яна ўнесеная ў сьпісы неўязных у Расею па палітычных матывах, і тлумачыць супрацоўніцтвам памежных службаў Расеі і Беларусі.

Рэбэка Хармс выступіла на канфэрэнцыі «Чарнобыль +30» па запрашэньні Беларускай партыі «Зялёныя».

«Мы ня ведаем, дзе адбудзецца наступная аварыя, — сказала дэпутат. — Я працую зь ядзернымі рызыкамі ў ЭЗ, і на маёй старонцы ёсьць дасьледаваньне баўгарскага экспэрта, дзе гаворыцца пра тое, што ў ЭЗ пасьля 2006 году мы даволі блізкія да наступнай катастрофы на АЭС, яна можа быць і ў Францыі, і ў Нямеччыне. Што мы можам зрабіць, дык гэта выйсьці зь ядзернага цыклю».

На яе думку, гэта асабліва актуальна менавіта цяпер, у сувязі з тым што тэрарысты робяць сваёй мішэньню атамныя электрастанцыі ў Эўропе. «Менавіта таму АЭС — гэта бомбы запаволенага дзеяньня», — лічыць Хармс. Як мяркуе нямецкі палітык, чарнобыльскі вопыт — добрая падстава скончыць з атамнай энэргетыкай. «Чарнобыль паўплываў на энэргетыку Нямеччыны: яна канчаткова зьмянілася і стала „зялёнай“. І калі мы кажам пра нямецкі вопыт, то эканоміка аднаўляльнай энэргіі значна лепшая, чым эканоміка ядзернай энэргетыкі», — заявіла дэпутатка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG