Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стануць карыкатуры падставай для рэпрэсіяў супраць незалежных СМІ?


Андрэй Аляксандраў

Андрэй Аляксандраў

Міністэрства інфармацыі прааналізуе рэакцыю некаторых беларускіх СМІ на тэракт у рэдакцыі Charlie Hebdo і, у прыватнасьці, публікацыю імі карыкатураў францускага штотыднёвіка на знак салідарнасьці з загінулымі карыкатурыстамі, заявіла міністар інфармацыі Лілія Ананіч. Ці можна расцаніць выказваньні спадарыні Ананіч як сьведчаньне таго, што міністэрства прыменіць нейкія карныя захады супраць тых выданьняў, якія апублікавалі карыкатуры на прарока Мухамэда? Ці можна сьцьвярджаць, што апошнім часам у незалежных беларускіх журналістаў зьявілася пэўная самацэнзура? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Андрэй Аляксандраў.

— Ці можна разглядаць гэтыя выказваньні спадарыні Ананіч як знак таго, што міністэрства можа прымяніць нейкія карныя мэтады да тых выданьняў, якія перадрукавалі карыкатуры? Ці міністар проста агучыла ў цэлым стаўленьне афіцыйнай улады да гэтай тэмы?

— Спэцыфіка працы Міністэрства інфармацыі такая, што ад яго заўсёды можна чакаць нейкіх карных захадаў. За апошнія гады мы ведаем нямала прыкладаў таго, як незалежныя СМІ былі пакараныя, задушаныя, абкладзеныя вялікімі штрафамі. Пры гэтым нагоды для гэтага міністэрства заўсёды знаходзіць.

Магчыма, і зараз мы чуем нейкі сыгнал, што будуць нейкія карныя дзеяньні. Але наша Міністэрства інфармацыі здольнае ісьці на карныя дзеяньні і без асаблівых падставаў.

— Ананіч нагадала, што ў 2006 годзе адно зь беларускіх СМІ апублікавала карыкатуры на прарока Мухамэда, і «адказны за такую публікацыю панёс пакараньне. Рашэньне суду — тры гады пазбаўленьня волі, якія на практыцы выліліся ў тры месяцы» — сказала Ананіч. Ці можна гэта ўспрымаць як сьведчаньне таго, што ўлады сур’ёзна незадаволеныя тымі выданьнямі, якія і зараз праявілі салідарнасьць з францускімі карыкатурыстамі?

— Паўтаруся, што Міністэрства інфармацыі часьцяком выконвае карныя функцыі ў дачыненьні да СМІ. А пэўныя артыкулы, карыкатуры, выказваньні, меркаваньні — гэта толькі падставы для такіх захадаў. Мы бачым, што ўлады рыхтуюцца да прэзыдэнцкай кампаніі, і гледзячы з досьведу папярэдніх палітычных кампаніяў, зачыстка інфармацыйнага поля — гэта цалкам у лёгіцы дзеяньняў улады. Мы бачым прыняцьце новых паправак у закон аб СМІ, бачым і цалкам адвольныя блякаваньні інтэрнэт-сайтаў, для чаго ня трэба было ўвогуле ніякіх законных паставаў. Ужо ня першы раз спадарыня Ананіч перадае такія пагрозьлівыя «прывітаньні» незалежным мэдыям, спрабуючы такім чынам ціснуць на іх рэдакцыйную палітыку.

— Нядаўна, у канцы сьнежня, папулярныя беларускія інтэрнэт-выданьні былі проста заблякаваныя. Па-вашаму, ці можна сьцьвярджаць, што ў выніку гэтага ў незалежных беларускіх журналістаў зьявілася пэўная самацэнзура?

— Ня бяруся казаць пра ўсіх незалежных журналістаў. Але я дакладна магу сказаць пра кампанію БелаПАН, два сайты якой былі блякаваныя, пра што ніхто дагэтуль ня даў ніякіх тлумачэньняў. Магу сказаць, што супрацоўнікі кампаніі працягваюць працаваць у звычайным рэжыме паводле стандартаў прафэсійнай журналістыкі.

Нельга сказаць, што гэтыя захады ўладаў, гэтыя «папераджальныя стрэлы» не ўплываць ніякім чынам. Але мне падаецца, што незалежныя журналісты, якія засталіся ў гэтай прафэсіі ў гэтай краіне, ужо настолькі бітыя, пужаныя, блякаваныя — што яны будуць працягваць сумленна выконваць свой прафэсійны абавязак.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG