Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпускнікі Менскага ін’язу перакладаюць у судах і мат, і феню


«Пасть порву, моргалы выколю», — ярка ўвасоблены вобраз злодзея ў законе выбралі для помніка актору Яўгену Лявонаву ў Маскве

«Пасть порву, моргалы выколю», — ярка ўвасоблены вобраз злодзея ў законе выбралі для помніка актору Яўгену Лявонаву ў Маскве

Як язык — люстэрка арганізму, гэтаксама і мова, у якой задзейнічаны язык, — гэта адлюстраваньне кагнітыўнай сыстэмы чалавека. Бо мову ня зубраць, а пазнаюць, і, акумулюючы ўласны досьвед, зьвязваюць тую ці іншую зьяву з пэўным найменьнем. Розныя людзі, якія, здаецца, гавораць на адной і той жа мове, залежна ад уплыву асяродзьдзя могуць называць адну і тую ж зьяву абсалютна па-рознаму.

Што такое мова, якую прынята называць крымінальнай або зэкаўскай? Наколькі эфэктыўнай можа быць прынятая Мін’юстам суседняй Расеі забарона на нецэнзурную лаянку (мат) ды турэмны слэнг (феню) сярод арыштантаў СІЗА — там парушальнікаў грозяцца караць 15 суткамі карцэру? Гэтыя пытаньні ў нашай праграме сёньня будуць абмяркоўваць выпускнікі Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, якія працуюць перакладчыкамі на судовых працэсах у ЗША ды Нямеччыне, а таксама былыя сядзельцы беларускіх вязьніц.

Аднак спачатку — апытаньне на магілёўскіх вуліцах:

Як мы самі ставімся да так званай турэмнай мовы?

Былы ЗК: А як вы сабе ўяўляеце зону бяз мату? «Аляксандар Пятровіч, шаноўны, калі ласка?..»

Наш сталы чытач і актыўны карэспандэнт Зьміцер Вольны адседзеў за кратамі недзе гадоў дваццаць з сваіх сарака. Пасьля апошняга вызваленьня зьехаў далёка за межы краіны. Сацыялізаваўся. Мае добрую прафэсію і сям’ю. У сваім лісьце Зьміцер вызначае мову сучасных беларускіх ЗК як феню ўперамешку з матам. Прычым мату ў няволі становіцца больш, а сапраўднай фені менш. Што тычыцца забаронаў, то да іх Зьміцер ставіцца вельмі скептычна...

«Ну як вы сабе ўяўляеце зону бяз мату? — пытаецца ён. — Калі адзін зэк кажа іншаму: „Аляксандар Пятровіч, шаноўны, ці ня знойдзецца ў вас лішняй заварачкі гарбаты, а то мае харчовыя запасы зусім канчаюцца?“ Фігня нейкая. Ну хіба што пад страхам расстрэлу зэкі ня будуць ужываць мат. Там жа ў многіх адукацыі тры клясы ці ўвогуле няма ніякай. Што тычыцца мяне, то, вядома, гады, праведзеныя там, далі пра сябе знаць. І ўжываў, і лаяўся, як той казаў. Цяпер адвык, вядома. І карыстаюся нецэнзуршчынай тады, калі па-іншаму не атрымліваецца выказаць уласную экспрэсію.

Часам можна прачытаць у некаторых публікацыях, што, згодна са зладзейскімі законамі, блатным у турмах ужываць мат забаронена. З гэтым не пагаджуся. Вядома, ужываюць. Што яны, нейкія асаблівыя? Ужываюць. Але паміж сабой. І, зразумела, ня лаюцца як рамізьнікі...

Увогуле любы нармальны ЗК, блатны ён ці не, ня будзе карыстацца матам праз слова...»

Зьміцер Вольны адзначае, што сустракаў людзей, якія ўмелі лаяцца прыгожа. Прычым ня толькі з крымінальнага сьвету. Чуў, што гэта выдатна рабіла геніяльная акторка Фаіна Ранеўская... Тое ж самае тычыцца і фені — на ёй таксама, мяркуе ён, калі размаўляеш, то трэба гэта ўмець рабіць прыгожа

«Сапраўдную феню, — працягвае ён, — чуў недзе ў 1990-х ад старых сядзельцаў. Калі нехта пачынаў гаварыць, то можна было заслухацца, бо гучала прыгожа і незвычайна. Маладзейшыя так не маглі.

Усё мяняецца — і жыцьцё, і людзі разам зь ім. Сам я на волі не ўжываю феню, дый за кратамі не сказаў бы, што ўжываў. Толькі пры неабходнасьці, каб зразумела было для суразмоўцы. А цяпер і зусім забыўся. Памятаю асобныя словы кшталту „мянты“, „чэрці“, „крытая“ (у сэнсе турма), „кулямёт“ (у сэнсе карты), „баланда“, „шлемка“ (гэта міска), „вясло“ (лыжка), „шконка“ (ложак), „кармушка“ (акенца ў дзьвярах, празь якое падаюць ежу), „кіча“ (вязьніца), „БУР“ або барак узмоцненага рэжыму. Баракаў даўно няма, цяпер гэта ПКТ (штрафное памяшканьне камэрнага тыпу), але назва засталася і ўжываецца дасюль. Далей „кум“ (апэратыўнік), „гаспадар“ ці, як правіла, прыніжана — „гаспадыня“, то бок начальнік калёніі. Калі паважаны начальнік, то будуць казаць „гаспадар“. Ну, і гэтак далей. Трэба ўспамінаць, але нешта не ўспамінаецца. Але, мне здаецца, гэтыя слэнгавыя словы ведаюць таксама і звычайныя грамадзяне. Бо ў Беларусі заўсёды было і ёсьць шмат турмаў і лягераў. Бадай у кожнай сям’і знойдуцца свае сядзельцы».

Сяргей Ямшчыкоў: Мат перакладаю, наколькі дазваляюць магчымасьці нямецкай мовы, феню — нашмат больш дакладна

Сяргей Ямшчыкоў

Сяргей Ямшчыкоў

Выпускнік Менскага інстытуту замежных моваў Сяргей Ямшчыкоў жыве ў Нямеччыне без малога 30 гадоў, ён запатрабаваны перакладчык з расейскай мовы. На пачатку 1990-х, пры амбасадару Садоўскім, перакладаў зь нямецкай на беларускую і зь беларускай на нямецкую на перамовах з рознымі віп-пэрсонамі, у тым ліку і з былым кіраўніком МЗС Нямеччыны Геншэрам. Таксама перакладаў, але ўжо з расейскай, будучую нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, працаваў з Віктарам Ерафеевым, Міхаілам Хадаркоўскім, многімі іншымі...

Сяргея Ямшчыкова нярэдка запрашаюць на судовыя працэсы ў якасьці перакладчыка па лініі абвінавачваньня ці абароны тых выхадцаў з былога СССР, якія парушылі законы ФРГ. Працуючы з гэтымі кліентамі, мусіць мець справу як з матам, так і зь феняй. З гледзішча лінгвістыкі, кажа ён, гэта не адно і тое ж. Мат належыць да сацыяльна непрымальнай табуіраванай лексыкі, аднак тым ня менш зразумелай у грамадзтве. А феня — гэта таемная мова, у якой, адрозна ад мату, сэнс сказанага шыфруецца. Гэтую мову «для ўнутранага карыстаньня» пачалі ўжываць у сярэднявечнай Русі вандроўныя гандляры (так званыя афені), а ад іх перанялі злачынцы.

І ў першым, і другім выпадку трэба перакладаць адэкватна: як форму, так і зьмест. Калі мат удаецца перакласьці сяк-так, наколькі дазваляюць магчымасьці нямецкай мовы, то пераклад крыптамовы выходзіць нашмат больш дакладны.

Сяргей Ямшчыкоў адзначае:

«Тое, што ў постсавецкіх краінах завецца феняй, у лінгвістыцы мае афіцыйную назву — арго. Не жаргон, не дыялект, а соцыялект, мова, якой карыстаецца сацыяльна замкнёная група. Прадстаўнікі гэтай групы ня хочуць, каб чужынцы разумелі, што яны кажуць. Вось гэта і ёсьць арго. А „феняй“ гэта завецца па-расейску. У нямецкіх крымінальнікаў таксама ёсьць сваё арго, свой соцыялект, ён таксама паходзіць зь сярэдніх вякоў і завецца Rotwelsch. Мяшанка нямецкай мовы,у тым ліку дыялектнай, з габрайскімі, цыганскімі ды іншымі элемэнтамі.

Што да расейскай фені, то тут лексыка збольшага расейская. Разумець яе немагчыма, калі ты не выхоўваесься і не жывеш у пэўным асяродзьдзі або рэгулярна не глядзіш каналы расейскага тэлебачаньня зь фільмамі пра якую-небудзь „маліну“... Але цяпер зьявілася нямала добрых тлумачальных аднамоўных расейскіх слоўнікаў ды падручнікаў, якія для перакладчыкаў служаць добрымі дапаможнікамі».

— Перад тым як пачаць працаваць з сваімі кліентамі, вы неяк рыхтуецеся?

Калі прэзыдэнт адной вялікай дзяржавы кажа па тым жа тэлебачаньні „мачыць у сарціры“ — а гэта нішто іншае, як феня, — дык чаго дзівіцца, што гэтая феня папулярызуецца ўсё больш і больш

― Абавязкова. Я рыхтуюся прафэсійна, як лінгвіст, але галоўным чынам эмацыйна. Бо, паверце мне, камунікацыя з гэтымі людзьмі дае ўсё што хочаце, але ня радасьць. Што тычыцца моўнага боку, то гэта праца са слоўнікамі, і да таго ж мне дасылаюць у якасьці ўзору гэтак званыя „малявы“ — цыдулкі падсудных, дзе яны паведамляюць нейкую інфармацыю на волю сваім „карэшам“ (сябрам). Такім чынам, я ўяўляю сабе, што гэта за асобы і якую мову яны будуць выкарыстоўваць. Як для прафэсіянала для мяне пераклад фені — гэта тое ж самае, што пераклад мэдычнай, будаўнічай, хімічнай і рознай іншай спэцлексыкі. Аплата гэтых перакладаў вядзецца паводле закону аб аплаце працы экспэртаў суду. Як перакладчык я лічуся экспэртам суду.

— Якім перакладчыкам даручаецца гэтая праца?

― Тым, хто даў прысягу на Канстытуцыі. Перад кожнай справай мне ў судзе зачытваюць мае правы ды абавязкі, і я прысягаю на Канстытуцыі ФРГ ні пры якіх абставінах не выдаваць інфармацыі, пра якую змагу даведацца падчас працэсу альбо падчас перакладу пісьмовых дакумэнтаў... Я не магу расказваць пра сваіх кліентаў і пра падрабязнасьці іхніх спраў.

— Крымінальнікі бываюць розныя... Нябожчык Вячаслаў Іванькоў (Япончык) трымаў у амэрыканскім судзе самае працяглае па часе апошняе слова, якое цягнулася гадзіну сорак сем хвілін. Паводле тых, хто працаваў на працэсе, гэта была стылёва ды граматычна бездакорная прамова. Гэтак жа бездакорна Япончык, сьведчылі людзі зь ягонага кола, валодаў і крымінальным арго. Крымінальнікі такога ўзроўню, разумеючы, што іх «слухаюць» ды «пішуць», адмыслова выкарыстоўваюць паняцьці, якія нават у фені маюць самае рознае трактаваньне... Зразумела, ёсьць іншыя злачынцы — тыя, хто ўжывае феню таму, што проста ня ведае, як сказаць на нармальнай мове...

— Адзначу, што ўва ўсіх злачынцаў, якія знаходзяцца пад сьледзтвам або паўсталі перад судом, толькі адна мэта — каб іх не зразумелі звонку. Параўноўваючы маіх цяперашніх кліентаў з тым жа Япончыкам, мушу адзначыць, што ў Япончыка, паводле ягоных прызнаньняў, было некалькі адукацыяў. У любым выпадку, ён нечаму вучыўся. У маёй жа цяперашняй турэмнай кліентуры ў лепшым выпадку — клясы чатыры. Узровень адукацыі, сама гаворка — проста непараўнальныя.

Мая цяперашняя кліентура — гэта так званыя позьнія перасяленцы з Казахстану і іншых частак СССР, этнічныя немцы. Яны забыліся на родную расейскую мову, а новай роднай так і ня вывучылі і размаўляюць на нейкай трасянцы з расейскай, паўнямецкай і паўфені. Дарэчы, за гэтыя амаль 30 гадоў, што я ў Нямеччыне, мне ані разу не даводзілася перакладаць крымінальнікаў зь Беларусі. Яны мне не сустракаліся.

— Многія з вашых кліентаў, як я разумею, прыехалі ў Нямеччыну зусім малымі. У прынцыпе, яны не павінны ведаць ані СССР, ані савецкіх лягераў... Адкуль у іх такая мова?

― Трэба проста паглядзець на іх сацыяльнае паходжаньне, іх сацыяльны досьвед, каб зразумець, што па-іншаму яны размаўляць ня могуць. На якой мове чалавек размаўляе дома ў сям’і, на такой мове ён будзе размаўляць, і выйшаўшы адгэтуль.

— Аднак паглядзім зь іншага боку... Чалавек выхоўваецца ў нармальнай культурнай сям’і, але, тым ня менш, ён ведае, што «маліна» — гэта ня толькі ягада, «прэс-хата» — гэта ня Дом прэсы, і г.д...

— На гэта адказаць няцяжка. Па-першае, шмат што ідзе з тэлебачаньня. Па-другое, калі прэзыдэнт адной вялікай дзяржавы кажа па тым жа тэлебачаньні „мачыць у сарціры“ — а гэта нішто іншае, як феня, — дык чаго дзівіцца, што гэтая феня папулярызуецца ўсё больш і больш.

Сяргей Ямшчыкоў, міністар замежных спраў Нямеччыны Ганс-Дытрых Геншэр, беларускі амбасадар Пётра Садоўскі, міністар замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка (зьлева направа)

Сяргей Ямшчыкоў, міністар замежных спраў Нямеччыны Ганс-Дытрых Геншэр, беларускі амбасадар Пётра Садоўскі, міністар замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка (зьлева направа)

Нямецкі судовы экспэрт Сяргей Ямшчыкоў адзначае, што ня памятае выпадкаў, каб нехта зь нямецкіх палітыкаў дазволіў бы сабе так званы Rotwelsch. Для нямецкай грамадзкасьці гэта проста непрымальна.

Паводле колішняга менчука, ні мат, ні феню забараніць немагчыма. Яны бесьсьмяротныя. Прычым ня толькі на постсавецкай прасторы, але ва ўсім сьвеце. Бо заўсёды будуць тыя сацыяльныя слаі, у якіх яны функцыянуюць.

Валеры Шчукін: Іванькоў карыстаўся самым высакамоўным, літаратурным стылем

Колішні мянчук, у мінулым выкладчык ін’язу Валеры Шчукін (падвойны цёзка беларускага грамадзкага дзеяча) зьехаў у ЗША. Трыццаць гадоў працуе судовым перакладчыкам у Нью-Ёрку. Перакананы, што ведаць крымінальнае арго і максымальна дакладна перакладаць яго на ангельскую мову — гэта галоўная ўмова ягонай працы, бо вынік суду часам можа вырашыць усяго адно дакладна ці недакладна перакладзенае слова.

Валеры Шчукін (справа) у праграме пра крымінал на расейскамоўным канале ў Нью-Ёрку

Валеры Шчукін (справа) у праграме пра крымінал на расейскамоўным канале ў Нью-Ёрку

Спадар Шчукін браў удзел у шмат якіх гучных працэсах. Сярод іх — суд над вядомым расейскім крымінальным аўтарытэтам з Масквы Вячаславам Іваньковым па мянушцы Япончык.

Гэты «злодзей у законе» пражыў 69 год. Пачынаў з кішэнных крадзяжоў. Калі распадаўся СССР, ён сядзеў. У 1991 годзе аб яго вызваленьні пачалі хадайнічаць вядомыя людзі, сярод якіх называюць сьпевакоў Ёсіфа Кабзона, Аляксандра Разэнбаўма, афтальмоляга Сьвятаслава Фёдарава.

Япончыка выпусьцілі, і ў 1992-м ён выехаў за мяжу. Неўзабаве апынуўся ў ЗША пад выглядам супрацоўніка кінастудыі Ралана Быкава. У Штатах працягнуў сваю злачынную біяграфію. У 1995-м яго арыштавала ФБР паводле абвінавачаньня ў вымаганьні вялікай сумы грошай — 2,7 мільёна даляраў ад двух бізнэсоўцаў расейскага паходжаньня. На пачатку 1997-га ён атрымаў дзевяць год і сем месяцаў зьняволеньня за вымагальніцтва і фіктыўны шлюб з грамадзянкай ЗША. Пакараньне адбываў у амэрыканскай турме.

Інтэрвію Вячаслава Іванькова (Япончыка) у амэрыканскай турме Allenwood

У 2004-м яго дэпартавалі ў Расею. У 2009-м на яго зрабілі замах. Праз два месяцы ён памёр ад раненьняў.

Валеры Шчукін успамінае:

«У вялікай справе Япончыка — Вячаслава Іванькова — мяне абралі ягоным галоўным перакладчыкам. Гэта быў вялікі гонар для мяне, вялікі камплімэнт, калі ён мне сказаў — з васьмі перакладчыкаў я выбраў цябе. Ён мяне выбраў перакладчыкам абароны. Усё.

Перакладчык абароны ня мае права нават гутарыць зь перакладчыкам абвінавачаньня — як правіла, гэта перакладчыкі ФБР. І часта бываюць „бойкі“, нават суд можа прызначыць асобнае слуханьне, папярэдняе, перад судовым працэсам, цалкам прысьвечанае перакладу той ці іншай фразы альбо слова. І тады судзьдзя выслухоўвае перакладчыка абароны, перакладчыка абвінавачаньня, можа запрасіць трэцяга спэцыяліста. Але толькі так вырашаюцца праблемы».

А якія гэта могуць быць праблемы? Якія канкрэтна бываюць выпадкі?

Шчукін: «Я вам прывяду такі прыклад. У справе з Іваньковым ягоныя адвакаты, іх было два, паехалі ў Маскву дапытваць сьведку, які, як яны лічылі, мог дапамагчы Іванькову — Япончыку. Калі яны прыехалі ў Маскву, яны няправільна склалі ліст. У нас ёсьць такое паняцьце — „добраахвотная дача паказаньняў“. Калі нейкі сьведка можа даць іх добраахвотна, яны могуць запісвацца на відэа. Але перакладчык тут, у Нью-Ёрку, да мяне няправільна пераклаў гэтую фразу — як „добраахвотны допыт“. І калі яны зьвярнуліся ў Маскве ў пракуратуру з просьбай дапамагчы ім арганізаваць у амэрыканскім пасольстве такую дачу паказаньняў, пракурор абурыўся і сказаў: гэта глупства, няма такога „добраахвотнага допыту“. Допыт не бывае добраахвотны, і мы не дазваляем замежнікам дапытваць нашых грамадзянаў. І яны зьехалі, патраціўшы шмат грошай.

І калі яны вярнуліся, было асобнае слуханьне ў Бруклінскім фэдэральным судзе, куды мяне запрасілі. І я сказаў, што гэта няправільны пераклад. Што гэта трэба перакладаць як „добраахвотная дача паказаньняў“. Карацей, мы зьмянілі дакумэнты. Яны зноў паехалі ў Маскву, і тады пракуратура дазволіла ім апытаць аднаго важнага сьведку па справе Іванькова».

Валеры Шчукін

Валеры Шчукін

Вось такія бываюць «бойкі» паміж перакладчыкамі, кажа Валеры Шчукін.

Супраць Іванькова даў паказаньні Леанід Абеліс.

Шчукін: «Ён быў яго правай рукой, сам вінаваты ў чатырох забойствах, падпалах і гэтак далей. Але калі ён стаў „сьпяваць“, стаў „стучаць“ супраць Іванькова, яму даравалі, ніякага тэрміну ён не атрымаў. Ну, можа, толькі сем-восем месяцаў праседзеў, гуляў у баскетбол у турме, і ўсё. Дык вось, мала, што Абеліс гаварыў супраць Іванькова — трэба яшчэ мець пацьверджаньне, мець касэты з запісам гэтай размовы.

Іванькоў — адзін з рэдкіх людзей, хто паводзіў сябе як сапраўдны „злодзей у законе“. Вытрымліваючы гэтую марку да канца, на сто працэнтаў. Біўся з карэспандэнтамі, біўся з ахоўнікамі. Увогуле такі жорсткі чалавек, ад погляду якога мурашкі па сьпіне. Іванькоў, як і ўсе астатнія, пры размове ў турме — калі яны ўсе арыштаваныя, я перакладаю, — ніякай феняй яны не карыстаюцца.

Больш за тое, Іванькоў карыстаўся самым высакамоўным, літаратурным стылем, каб паказаць сваю адукаванасьць. Гэта мне таксама было няпроста перакладаць.

Прыклад: „Вось кароткі мартыралёг усіх забітых маіх сяброў“. Альбо: „Вось чым займаюцца клеўрэты ад КДБ“. Асабліва ягоную апошнюю прамову мне цяжка было перакладаць, такія ён высакамоўныя словы ўжываў, і ён гэтым ганарыўся. Казаў, што скончыў чатыры ўнівэрсытэты. Калі я спытаў: якія чатыры ўнівэрсытэты? — У турме! Так, яго цяжка было перакладаць, і паводзіў ён сябе як сапраўдны „злодзей у законе“: нязломная воля, жалезны чалавек».

На фені яны размаўляюць толькі паміж сабой. І гэта фіксуецца, калі праслухоўваюць тэлефон або нехта побач зь імі робіць запіс. Калі яны яшчэ не былі арыштаваныя. І ў судзе, калі праслухоўваюцца запісы, трэба перакладаць гэты крымінальны жаргон, сказаў у размове са Свабодай Валеры Шчукін.

Пачуўшы, што ў Расеі ў турмах са студзеня забаранілі мат і феню, наш суразмоўца засьмяяўся і сказаў: яму здаецца, што мат нельга выкараніць. Дый навошта? Злачынцы ім пастаянна карыстаюцца. Калі хто абразіў ахоўніка, то гэта караецца. Але ў прынцыпе ён ня ведае, ці рэальна выкараніць мат і феню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG