Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія прадпрыемствы разглядаюць магчымасьць адкрыцьця зборачнай вытворчасьці ў анэксаваным Расеяй Крыме. На думку экспэртаў, гэта можа значна пагоршыць беларуска-ўкраінскія адносіны.

Як паведаміў на мінулым тыдні сайт гарадзкіх уладаў Севастопаля, 26 сакавіка дэлегацыя Рэспублікі Беларусь сустрэлася з прадстаўнікамі ўраду Севастопаля. Падчас сустрэчы ішла гаворка пра прапановы аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Севастопаля зборачнай вытворчасьці беларускіх прадпрыемстваў, у прыватнасьці, ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаваньня» і холдынгу «Гомсельмаш».

Цікава, што гэтая інфармацыя паступіла менавіта з крымскіх крыніц. Дзяржаўныя СМІ Беларусі пра візыт беларускай дэлегацыі ў Крым і адпаведныя пляны прадпрыемстваў нічога не паведамлялі.

Атрымаць камэнтар ад «Гомсельмаша» Радыё Свабода на працягу двух дзён не ўдалося, а вось на «Магілёўліфтмашы» пацьвердзілі факт сустрэчы і перамоваў.

Але, паводле слоў прадстаўніка прадпрыемства, інфармацыя наконт стварэньня вытворчасьці ў Крыме «пайшла лішняя»:

«Было прынята рашэньне аб стварэньні працоўнай групы, якая павінна ацаніць прававую і эканамічную магчымасьць і мэтазгоднасьць стварэньня (зборачнай вытворчасьці. — РС), а не аб арганізацыі зборачнай вытворчасьці як такой — такіх рашэньняў яшчэ няма», — падкрэсьлілі на «Магілёўліфтмашы».

Афіцыйны Кіеў лічыць Аўтаномную Рэспубліку Крым і Севастопаль часова акупаванай тэрыторыяй Украіны і забараняе там камэрцыйную дзейнасьць замежных прадпрыемстваў.

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што стварэньне вытворчасьці беларускіх прадпрыемстваў у Крыме будзе парушэньнем украінскіх законаў і дэ-факта прызнаньнем Беларусьсю анэксіі Крыму Расеяй.

Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

«Я ня ведаю, наколькі Лукашэнка наважыцца гэта рабіць. Але калі ён гэта зробіць, то ён будзе чалавекам, які парушыць міжнародныя санкцыі, якія былі ўведзеныя супраць Крыму, паводле якіх на акупаваных тэрыторыях іншыя краіны ня маюць права весьці прадпрымальніцкую дзейнасьць. Я думаю, што або Лукашэнка гэта робіць пад ціскам Пуціна, або яму вельмі хочацца зарабіць нейкія дадатковыя грошы на сытуацыі, якая склалася ў Крыме, ведаючы пра тое, што ў значнай ступені там стварыўся прадпрымальніцкі вакуўм, таму што дэмакратычныя краіны на такія парушэньні не пайшлі», — кажа палітоляг.

Каспрук адзначае, што гэта можа пагоршыць украінска-беларускія адносіны, а супраць беларускіх прадпрыемстваў, якія вырашаць працаваць у Крыме, будуць уведзеныя санкцыі. Адказ Кіева, магчыма, будзе вельмі жорсткі, лічыць палітоляг.

Я думаю, што або Лукашэнка гэта робіць пад ціскам Пуціна, або яму вельмі хочацца зарабіць нейкія дадатковыя грошы на сытуацыі, якая склалася ў Крыме

«Звычайна мы не атаясамліваем Беларусь з дыктатарам Лукашэнкам, але ў гэтым выпадку Ўкраіна будзе вымушана рабіць адэкватныя захады ў адказ. На жаль, гэтая сытуацыя можа стварыць прэцэдэнт ва ўкраінска-беларускіх стасунках, якога проста не хацелася б бачыць. Я не разумею, чаму Лукашэнка наважыўся на такі крок. Яшчэ раз скажу: хутчэй за ўсё, гэта пад ціскам Пуціна. Але ў такім разе ён паказвае сваё сапраўднае аблічча, аблічча палітычнага Януса, які кажа ў адной сталіцы адно, а ў іншай — дыямэтральна супрацьлеглае», — адзначае экспэрт.

Але нельга выключаць, што Лукашэнка ўсё ж такі вырашыць не працаваць у Крыме.

«Магчыма, што калі Ўкраіна рэзка і хутка адрэагуе, у Лукашэнкі будзе час або перайграць гэтую сытуацыю, або замарозіць разгортваньне там нейкіх супольных структур на пэўны час. У такім выпадку ён зможа Пуціну сказаць, што мы гатовыя, але тэхналягічна, або зь нейкіх іншых прычын, рэалізаваць гэта ня можам, таму давайце адцягнем час выкананьня гэтых плянаў. Мне здаецца, што Лукашэнка, які столькі часу досыць удала манэўраваў паміж Захадам і Расеяй, хутчэй за ўсё, будзе зацягваць сытуацыю з прамымі крымска-беларускімі стасункамі, і яму ўдасца патлумачыць у Кіеве, што ўсе яго дзеяньні былі вымушаныя пад вялікім ціскам з боку Расеі», — лічыць Каспрук.

XS
SM
MD
LG