Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрадыцыя са швэдзкай турмы. Калі Вольга Класкоўская не перадумае


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Асуджаная ў Швэцыі на працяглы турэмны тэрмін за замах на забойства мужа Вольга Класкоўская можа стаць першай, каго экстрадзіруюць з швэдзкай вязьніцы ў беларускую, прычым зь яе ўласнай волі... Аднак пры ўмове, калі падпіша заяву ў Генпракуратуру Беларусі, якая летась распачала гэты працэс на просьбу самой Вольгі і яе маці Людмілы. Пра гэта 20 лютага паведаміў журналістам Генэральны пракурор РБ Аляксандр Канюк.

Цяпер 32-гадовая Вольга ў сваёй трэцяй па ліку швэдзкай турме — Істад. Гэта за 700 км ад Стакгольму, на самым поўдні краіны. Сюды яе перавялі за добрыя паводзіны з жаночай турмы строгага рэжыму Хінсэбэрг. Яшчэ раней, калі Вольга была пад сьледзтвам, яе трымалі ў турме Экэрсбэрг, што зусім побач са швэдзкай сталіцай. У лістах да маці Вольга дае ня самую лепшую ацэнку швэдзкай пэнітэнцыярнай сыстэме. Адну з турмаў увогуле параўноўвае з ГУЛАГам.

Як кажа Людміла Класкоўская, яшчэ ў сакавіку летась яны разам з дачкой «прынялі рашэньне аб тым, каб ўсё-ткі займацца экстрадыцыяй», бо Вольга ў Швэцыі зусім адна. За час зьняволеньня яе пакуль так ніхто і не наведаў. Сама Людміла зьбіралася, але не змагла гэтага зрабіць — па стане здароўя ды з-за іншых абставін. Што да дзяцей, то дачка Міра цяпер у Беларусі, а ў спатканьнях з сынам Адамам, які ў Швэцыі, ёй адмовіў суд.

Паводле Класкоўскай-старэйшай, распачаты беларускай Генпракуратурай яшчэ летась працэс экстрадыцыі марудзіўся дагэтуль з-за бюракратыі швэдзкага боку. Потым справа быццам бы пачала рухацца. Але ж цяпер — новая акалічнасьць. Усё ўпіраецца ў Вользін подпіс аб яе згодзе быць перададзенай Беларусі. Яшчэ не хапае мэдычнай даведкі. Бяз гэтага, — патлумачылі Людміле ў беларускай Генпракуратуры, — яны ня могуць распачаць усё і паехаць па Вольгу ў Швэцыю, каб забраць яе з тамтэйшай турмы.

На пытаньне, ці не магла дачка, якая яшчэ нядаўна вельмі хацела памяняць швэдзкую турму на беларускую, перадумаць і прыняць іншае рашэньне, Людміла Класкоўская адказвае:

«Папярэдне Вольга дала згоду, Ніякіх падстаў лічыць, што яна ў апошні момант перадумала, у нас няма. Яна вельмі хацела дамоў, вельмі сумуе па дачцэ, якая цяпер жыве ў Менску разам з бацькам».

Якім можа быць далейшы турэмны лёс Вольгі ў Беларусі?

Ці ўяўляе сабе Класкоўская-старэйшая, які можа быць далейшы турэмны лёс дачкі? І што Вольгу можа чакаць у Беларусі, пасьля таго як яе даставяць і зьмесьцяць напачатку ў СІЗА?

Класкоўская: «Швэды даслалі Вользе ліст, што па ўмоўна-датэрміновым яна будзе вызваленая ў 2017 годзе. Як мне распавядалі ў нашай пракуратуры, гэта азначае нагляд. Але ж Вольга ня мае ў Швэцыі ні віду на жыхарства, ні месца пастаяннага пражываньня. Вынікае, што яна будзе сядзець за кратамі ўсе сем гадоў».

Людміла Класкоўская кажа, што яна была двойчы на прыёме ў намесьніка старшыні Вярхоўнага суду:

У нас было б зусім іншае, больш мяккае пакараньне за тое дзеяньне, якое яна зрабіла нібыта ў Швэцыі

«Згодна зь міжнароднымі дамовамі, з крымінальнай канвэнцыяй, якую падпісала Беларусь, лёс Вольгі будзе вырашаць адзін з нашых судоў, хутчэй за ўсё, абласны. Зразумела, што загадзя ніхто ня скажа, які тэрмін тут можа быць. Але, як падкрэсьліў мне намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Кулінковіч, гэта будзе адаптацыя швэдзкага прысуду адпаведна зь беларускім заканадаўствам. Я пачытала наш Крымінальны кодэкс: у нас было б зусім іншае, больш мяккае пакараньне за тое дзеяньне, якое яна зрабіла нібыта ў Швэцыі».

Людміла таксама дадае, што запыты Вольгі аб пераглядзе справы адносна сына «цяпер знаходзяцца ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека. Калі Вольга вернецца ў Беларусь, ёй застанецца прававое поле для змаганьня за вяртаньне дзіцяці».

«Усё залежыць ад адаптацыі да беларускіх рэалій»

Перавесьціся ў беларускую турму — выпадак незвычайны. Кожная справа патрабуе пільнага падыходу, кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» з багатай адвакацкай практыкай Павал Сапелка. Пакуль сам ён сутыкаўся выключна зь іншымі прыкладамі — калі людзі хочуць трапіць зь беларускай турмы ў замежную. На яго думку, усе залежыць ад таго, як будзе вэрдыкт швэдзкага суду адаптаваны да беларускіх рэаліяў. Размова ідзе пра тыя ж тэрмін і рэжым адбыцьця пакараньня:

Павал Сапелка

Павал Сапелка

« У маёй практыцы былі выпадкі, калі зьняволеныя, наадварот, зь Беларусі спрабавалі трапіць на радзіму. Таму што розныя зусім умовы адбыцьця пакараньня для грамадзянаў і неграмадзянаў, у прыватнасьці ў Беларусі. Напрыклад, неграмадзянін амаль ня мае шанцаў вызваліцца ўмоўна-датэрмінова або з заменай на іншы від пакараньня. А калі грамадзянін Расеі будзе пераведзены ў Расею, то там да нядаўняга часу ўвогуле было вельмі лёгка ўмоўна вызваліцца. Горш можа быць толькі з умовамі адбыцьця пакараньня. Але магчымасьці ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ў чалавека, які перавядзецца ў Беларусь, калі гэта дзяржава ягонага грамадзянства, цалкам магчыма, што будуць».

Паводле Людмілы Класкоўскай, яе дачку пакаралі за нанясеньне цялесных пашкоджаньняў былому мужу і за выкраданьне сына (так законамі Швэцыі трактуюцца выпадкі, калі, напрыклад, маці-неапякунка бярэ дзіцяці без дазволу бацькі-апекуна). Тым часам швэдзкія СМІ пісалі выключна пра прысуд за замах на забойства экс-сужонца. Што можа чакаць Вольгу пасьля экстрадыцыі ў Беларусь у кожным з выпадкаў? Які прысуд яна можа атрымаць, калі, зразумела, выключыць палітычнае рашэньне?

Сапелка: «У нас яна ня будзе адказваць за выкраданьне, бо яна не пазбаўлялася бацькоўскіх правоў адносна дзіцяці. У тым сэнсе, як гэта было ў Класкоўскай, гэта паводле заканадаўства Беларусі, думаю, ня будзе карацца. Гаворка можа пайсьці толькі пра адказнасьць за прычыненьне цялесных пашкоджаньняў. У якім гэта выглядзе там будзе, зноў жа трэба вывучаць устаноўленыя швэдзкім судом факты. У першую чаргу будзе вырашацца тое, па якім артыкуле беларускага Крымінальнага кодэксу кваліфікаваць. І зыходзячы ўжо з гэтага, будуць глядзець, наколькі прызначанае судом у Швэцыі пакараньне паводле свайго тэрміну адпавядае заканадаўству Беларусі. Яшчэ вызначацца — ва ўмовах якога рэжыму будзе адбывацца гэтае пакараньне».

«Швэдзкі ГУЛАГ»

Турэмная ўстанова Хінсэбэрг, дзе да мінулага году ўтрымлівалася Вольга, — за 200 км ад Стакгольму. Яна мае самы высокі ўзровень бясьпекі сярод жаночых вязьніцаў Швэцыі. Тут сядзяць крымінальніцы, якіх асудзілі за самыя жорсткія злачынствы — наркотыкі, замахі на забойствы. Турэмная ўстанова разьлічаная на 80–85 месцаў. Паводле тэхнічнага аснашчэньня, побытавых умоваў, ідэалёгіі, накіраванай на рэабілітацыю, а не на пакараньне, яна лічыцца адной з найбольш сучасных эўрапейскіх турмаў. Вольга ж у сваіх лістах да маці назвала Хінсэбэрг «адной з самых страшных швэдзкіх турмаў».

«Волечка пісала мне пра гэта і тэлефанавала, — кажа Людміла Класкоўская. — Яна працавала там на фабрыцы, займалася рознымі будаўнічымі рэчамі. Адбываць пакараньне было вельмі цяжка. Гэта было бачна зь лістоў і званкоў, хоць яна старалася ня ўсё мне расказваць. У той вязьніцы ўтрымліваюцца асабліва цяжкія злачынцы, а таксама тыя, хто парушаў дысцыпліну або адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Вольга казала, што турму называюць па-швэдзку словам, якое азначае ГУЛАГ. Праходка — толькі трыццаць хвілін на дзень, і дазвол на дзьве цыгарэты. Вольга ў той час яшчэ курыла, цяпер кінула. Праца была пад пільным наглядам аховы, якая крычала, падганяла, прымушала „ўдарна“ працаваць. Але гэты этап скончыўся, яна вытрымала».

У свой час праз «ГУЛАГ-Хінсэбэрг» прайшла экс-прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай, прафэсар біялёгіі Біляна Плаўшыч. Праўда адседзела яна ў гэтай установе шэсьць гадоў (2003 2009). У Хінсэбэрг трапіла паводле рашэньня Гааскага міжнароднага трыбуналу, на той момант ёй было 73 гады. З улікам узросту Плаўшыч была вызваленая ад удзелу ў абавязковых для асуджаных працах. Аднак у якасьці альтэрнатывы ёй далі магчымасьць вывучаць швэдзкую мову ды пісаць мэмуары. У астатнім яна, як і іншыя зьняволеныя, мусіла падпарадкоўвацца ўсім правілам унутранага распарадку. Наведаўшы спадарыню Плаўшыч у турме ў 2006 годзе, сэрбскі журналіст пачуў ад яе: ніякіх прэтэнзіяў да начальства ня маю. І ані разу не пачуў падчас размовы слова «ГУЛАГ».

Біляна Плаўшыч (Biljana Plavšić)

Біляна Плаўшыч (Biljana Plavšić)

«Памяшканьне нядрэннае, у мяне асобны пакой з тэлевізарам, нядрэнная прырода, побытавыя ўмовы, — сказала тады Біляна Плаўшыч. — Аднак усім быць задаволенай я не магу. І адміністрацыя турмы ў гэтым не вінаватая, Нават нацысцкіх злачынцаў не саджалі ў адну турму разам з крымінальнікамі і прастытуткамі. Нас у блёку 11 жанчын. Пад канец жыцьця я пазнала яго дно. Я прафэсар унівэрсытэту, навуковец... Вакол мяне людзі, якія ведаюць, як выжываць у розных умовах. Я пазнаю гэтыя мэханізмы, але іх цяжка вучыць у маім веку. Мне плявалі ў ежу, на мяне нападалі падчас гадзінных прагулак у двары, мне заступалі дарогу, правакуючы мяне. Што трэба? Каб я змагалася з наркаманкамі і забойцамі, іх крыклівымі пагрозамі, што яны з Аль-Кайды і што яны мяне заб’юць? Яшчэ я не магу тут прычасьціцца. Наш сьвятар ня можа прынесьці і лыжачкі віна. Калі я сюды трапіла, зь мяне сілком сарвалі адзеньне, бо я ня маю права на ўласнае. Законы Швэцыі вельмі строгія, але яны тут для ўсіх».

У 2009 годзе Біляну Плаўшыч вызвалілі за «добрыя паводзіны», на пяць гадоў раней за прызначаны ёй тэрмін пакараньня.

На што скардзяцца асуджаныя швэдзкай турмы?

Юн Фрыдгальм — сябра стакгольмскай Östgruppen, арганізацыі, якая час ад часу арганізуе для грамадзкіх актывістаў з краінаў былога СССР азнаямленчыя экскурсіі ў швэдзкія пэнітэнцыярныя ўстановы:

«Я дапускаю, — адзначае ён, — што ў швэдзкай турме могуць быць несымпатычныя ахоўнікі, што за швэдзкімі кратамі чалавеку можа быць цяжка. Пагуляць на сьвежым паветры там можна толькі гадзіну ў дзень, або два разы па 30 хвілін.Таксама там трэба працаваць, або, у якасьці альтэрнатывы, — вучыцца (пры жаданьні нават і ва ўнівэрсытэце), удзельнічаць у адмысловых рэабілітацыйных праграмах. Іншымі словамі, адпаведна з нашымі законамі, кожнаму абавязкова трэба быць занятым. Але ж... Я ўпэўнены, што працоўны дзень у швэдзкай турме не даўжэйшы, чым на волі, і што працуюць там не бясплатна. Заробкі вязьняў ва ўмовах Швэцыі невялікія, але калі ўлічыць, што асуджаныя ня плацяць за ўтрыманьне ў сваіх пакоях з прыбіральняй ды душам, а таксама за ежу, адзеньне, стандартныя санітарна-гігіенічныя сродкі і г.д., то на такія патрэбы, як цыгарэты, салодкае, тэлефонныя карткі заробленых грошай хапае.

У любым выпадку, паверыць, што там швэдзкі ГУЛАГ — не магу».

Паводле Юна Фрыдгальма, насельнікі швэдзкіх турмаў маюць законнае права скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня і атрымліваць рэакцыю на свае скаргі. Шмат хто піша парлямэнцкаму амбудсмэну юстыцыі — гэтую пасаду займае Элізабэт Фура.

Кожная са скаргаў разглядаецца спадарыняй Фурай і яе інспэктарамі непасрэдна на месцах. Пратаколы наведваньня турмаў, інфармацыю пра размовы з асуджанымі ды супрацоўнікамі, а таксама пра прынятыя меры можна знайсьці ў адкрытым доступе ў інтэрнэце. Вось, напрыклад, адзін з апошніх пратаколаў пра паездку камісіі амбудсмэна ў Хінсэбэрг.

Скаргі — самага рознага кшталту. Напрыклад, пра недастатковую колькасьць тэлефонных размоваў. Шмат хто з асуджаных жанчын — замежніцы, і для іх вельмі важны кантакт з домам, зь дзецьмі. Камісія раіць адміністрацыі пашукаць розныя альтэрнатыўныя спосабы тэлефаніі.

Ёсьць скаргі на непрыемную і прыніжальную працэдуру асабістага агляду, калі вязьні мусяць стаяць перад кантралёрамі доўгі час разьдзетымі і пад іхнімі позіркамі зьбіраюць пробу мачы. Некаторых жанчын аглядаюць пільней з-за таго, што яны носяць станікі з так званымі жалезнымі косткамі. Турэмныя супрацоўнікі тлумачаць такі пільны кантроль барацьбой з наркотыкамі. У пратаколе апісваецца праблема і даюцца рэкамэндацыі, як зрабіць, каб працэс агляду быў не настолькі непрыемны. Ёсьць заявы наконт няроўнага стаўленьня супрацоўнікаў турмы да зьняволеных. Таксама паведамляецца пра выпадкі, калі пэрсанал зьневажаў асуджаных. Камісія характарызуе такія факты як «непрымальныя ды абуральныя».

У турме Істад Вольга займаецца ёгай, ходзіць на трэнажоры і піша кнігу

Турма Істад на самым поўдні Швэцыі, дзе цяпер утрымліваецца беларуска Вольга Класкоўская, разьлічаная на 65 жанчын, то бок на адну пятую менш, чым у Хінсэбэргу.

Тут адбываюць пакараньні тэрмінам ад аднаго месяца да пажыцьцёвага. Сярод зьняволеных — шмат замежніц. Як сьведчаць супрацоўнікі турмы, жанчыны прыбываюць сюды ў стане велізарнага стрэсу. У многіх за мурамі турмы застаюцца дзеці. Многія маюць наркатычную, алькагольную або мэдыкамэнтозную залежнасьць і разумеюць, што прыйдзецца перабівацца бяз гэтага ўсяго. Прадстаўнік пэнітэнцыярнай сыстэмы, крыміноляг Даніэль расказвае пра адмысловыя праграмы ў швэдзкіх турэмных установах, якія дапамагаюць пэрсаналу працаваць са зьняволенымі, а менавіта — матываваць іх да зьменаў у тых сфэрах паводзін, якія і прывялі іх за краты.

Як лічаць швэдзкія крымінолягі, вельмі пазытыўна ўплываюць на псыхалягічны стан вязьня, які пастаянна знаходзіцца ў стрэсавым стане, заняткі ёгай.

Паводле Людмілы Класкоўскай, яе Вольга таксама займаецца ёгай, ходзіць у трэнажорную залю, У турме яна здала дзяржаўны экзамэн па швэдзкай мове, а таксама дзелавую ангельскую. Працягвае працу над кнігай, якую пачала, калі апынулася ў зьняволеньні, — пра сваю «швэдзкую гісторыю».

«Калі казаць пра Істад, дык тут умовы лепшыя, больш спрыяльныя, — адзначае Людміла Класкоўская. — Вольга пражывае ў аднамеснай камэры. У яе ёсьць тэлевізар, яна мае доступ да інфармацыі. Як яна пісала, нават ноччу круцяць дацкія каналы, і яна мае мажлівасьць праглядаць расейскія фільмы. Таксама яна працуе на фабрыцы. Але яна адзначае, што стаўленьне ахоўнікаў на сто працэнтаў лепшае, чым было раней. Шмат жанчын пакараных паводле артыкула за сямейна-бытавыя драмы, у тым ліку за выкраданьне сваіх дзяцей у швэдзкіх мужоў. Яна паведамляе, што, напрыклад, дзяўчына з Гішпаніі скрала ў мужа сваё дзіця, вывезла ў Гішпанію, але праз Інтэрпол яе злавілі, дзіця адабралі зноў. Яе дэпартавалі ў Швэцыю, і яна атрымала за гэта чатыры гады турмы».

Вольга пражывае ў аднамеснай камэры. У яе ёсьць тэлевізар, яна мае доступ да інфармацыі

Лісты ад Вольгі прыходзяць у Менск часта, як і ёй зь Менску. Аб’ём ліставаньня не абмежаваны, — працягвае Людміла Класкоўская:

«Яна таксама мае са мной тэлефонныя кантакты, а таксама з дачушкай Міраславай. Тэлефонныя званкі платныя, яна купляе сабе картку за заробленыя грошы, частку якіх выдаюць на рукі. Але гэта вельмі дорага. Як правіла, яна тэлефануе раз на тыдзень. Я сама ня маю такога права — тэлефанаваць ёй. Інтэрнэту няма. Доступ да кампутара ў агульнай залі ёсьць. Але гэта толькі калі надрукаваць ліст альбо зрабіць паштоўку для нас».

Вольга піша маці са зьняволеньня, што радуецца перамогам Дар’і Домрачавай. Калі тая выйграе, швэды падыходзяць, ляпаюць па плячы, кажуць «Беларусь» і віншуюць. Словам, трымаецца, стараецца настройвацца пазытыўна, Дачцэ трэба вяртацца дадому. У Швэцыі ёй лепш ня будзе, — зазначае Людміла Класкоўская:

«Асабіста я ўпэўненая, што на радзіме ёсьць шляхі, каб змагацца за справядлівасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG