Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Косінец выдзяляўся асаблівай аўтарытарнасьцю»


Аляксандар Косінец
Аляксандар Косінец

З чым зьвязаная адстаўка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі? Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: 5 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які вызваліў ад пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Косінца ў сувязі зь пераходам на іншую працу. Адначасова быў вызвалены ад пасады першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі і Канстанцін Мартынецкі з той самай прычыны. Выканаўцам абавязкаў кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта прызначаны Валер Міцкевіч. Раней ён працаваў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі.

Натуральна, што за гэты час пра падзею ў прэсе зьявілася шмат меркаваньняў, ад самых простых да недарэчных кансьпіралягічных вэрсіяў. Я думаю, тут усё тлумачыцца дастаткова празаічна. Перш за ўсё тым, што Аляксандар Косінец ня справіўся са сваімі абавязкамі. Яшчэ 10 лістапада Аляксандар Лукашэнка даволі рэзка крытыкаваў кіраўніцтва Адміністрацыі за тое, што яно няздольнае вырашыць кадравыя пытаньні, а гэта асноўная яго дзейнасьць, за тое, што многія вакансіі застаюцца пустымі месяцамі, у Адміністрацыі, у кіраўніцтвах прадпрыемстваў, за тое, што яна не зьяўляецца цэнтрам, які прапаноўвае нейкія рашэньні і цікавыя прапановы. Ведаючы характар Аляксандра Косінца і тое, што пра яго кажуць і калегі, і нядобразычліўцы, характар у яго не зусім спрыяльны для працы зь людзьмі. Тое, што ён пэўны час быў кіраўніком Віцебскага аблвыканкаму і на гэтай пасадзе можа нават сярод іншых кіраўнікоў выдзяляўся асаблівай аўтарытарнасьцю, абыякавым стаўленьнем да інтарэсаў іншых, іх асаблівасьцяў.

Ён чалавек даволі жорсткі, і стыль кіраваньня на пасадзе кіраўніка аблвыканкаму, магчыма, падыходзіў, бо мы ведаем, што на пасадах кіраўнікоў абласьцей усё залежыць ад чалавека, але ў прынцыпе яны капіююць стыль Аляксандра Лукашэнкі. Але на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі, магчыма, патрэбныя былі іншыя якасьці. Гэта ўсё ж Менск, тут не заўсёды ўсе, што называецца, «аддаюць пад казырок», можа трэба было прымяняць больш арганізатарскія, дыпляматычныя здольнасьці, магчыма дзе-небудзь ісьці на кампраміс дзеля таго, каб вырашыць справу ў кадравым пытаньні ці арганізацыйным. З таго, што даходзіла, выглядала, што ня быў пасьпяховым Аляксандар Косінец у гэтых намаганьнях. Не атрымлівалася ў яго наладзіць сувязі з рознымі групамі вакол улады і проста працу зь людзьмі.

У розныя гады на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта былі розныя людзі, якраз яны займалі дастаткова высокую ступень у палітычнай герархіі Беларусі. Пра Аляксандра Косінца экспэрты якраз менш за ўсё казалі з такога пункту гледжаньня.

Шматлікія кансьпіралягічныя вэрсіі ўзьніклі таму, што Валер Міцкевіч быў намесьнікам міністра юстыцыі і адпаведна сябрам Цэнтарвыбаркаму ў 2001-2004 гадах. Якраз у 2004 годзе Аляксандар Лукашэнка перамог на рэфэрэндуме, які скасаваў абмежаваньні на вылучэньне на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Таму адразу загаварылі, што гэта зьвязана з палітычнай кампаніяй, з наступным рэфэрэндумам.

Цяпер, калі ёсьць эканамічны крызіс, такі жорсткі і бескампрамісны кіраўнік як Аляксандар Косінец не падыходзіць.

Мне здаецца, такой неабходнасьці ў Лукашэнкі няма, пра гэта казалі і экспэрты ў нядаўняй перадачы «Экспэртыза Свабоды», ну а калі б ён сапраўды хацеў правесьці нейкі рэфэрэндум, то прызначаць юрыста кіраўніком Адміністрацыі для гэтага не трэба. Сыстэма і так працуе, і яна зробіць патрэбны вынік незалежна ад таго, хто знаходзіцца на гэтай пасадзе. Іншая справа, што цяпер, калі ёсьць эканамічны крызіс, такі жорсткі і бескампрамісны кіраўнік як Аляксандар Косінец не падыходзіць. Трэба быць больш дамоваздольным, дыпляматычным. І з таго, што кажуць пра Валера Міцкевіча, выглядае, што менавіта такія якасьці ён мае. Цяпер ня толькі народ непажадана лішні раз злаваць, але і намэнклятуру. І вось Косінец магчыма быў добрым кіраўніком аблвыканкаму, калі было ўсё нармальна, ставіць задачы і пугай прымушаць іх вырашаць.

Гурневіч: Мы кажам пра спадара Міцкевіча пакуль як пра выканаўцу абавязкаў, невядома, ці застанецца ён на гэтай пасадзе пазьней, ці будзе прызначаны Сідорскі — такія ў сацыяльных сетках прынамсі галасы прагучалі. Нядаўняя інфармацыя пра тое, што ён вернецца ва ўладу, можа быць зьвязаная з тым, што ён і зойме гэтую пасаду. Я ня ўпэўнены, што Косінца сьпісалі. Якраз ён і адзначыў сябе як чалавек на цяжкія ўчасткі працы. На Радыё Свабода людзі шмат скардзіліся на яго, што ён прыхільнік аўтарытарных мэтадаў дзеяньня. І гэта вельмі моцна пасуе да сёньняшняй улады, і яна ад такіх людзей не пазбаўляецца. Узгадайма Віктара Шэймана — здавалася б, ён не займае важнай пасады, тым ня менш да гэтай пары лічыцца адным з самых давераных людзей Лукашэнкі. Косінец ня Шэйман, але мы не пабачым, што ён сыдзе з улады. Гэта па мерках беларускай улады даволі малады чалавек і даволі надзейны.

Па вялікім рахунку гэта можа быць звычайнай ратацыяй.

Па вялікім рахунку гэта можа быць звычайнай ратацыяй. Лукашэнка вельмі часта мяняе міністраў ці генэралаў. Гэта, пэўна, у яго такая тэорыя змовы, кансьпіралягічная, што лепей час ад часу іх мяняць, каб яны не заседжваліся. Але сыстэма ад гэтага абсалютна не мяняецца. Колькі людзей кіравала Адміністрацыяй прэзыдэнта, не было ні прарыву, ні новай якасьці працы. Нагадаю былога міністра культуры, цяпер пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушку, які столькі надзеяў разбудзіў у беларускім грамадзтве, маўляў, першы беларускамоўны міністар, а насамрэч няма ніякай розьніцы, ці гэта быў спадар Сьвятлоў, ці Латушка. У культуры тыя самыя рэчы, і ніякага прарыву няма. Магчыма, калі гэта і зьвязана з палітычнымі рашэньнямі ці павевамі, то цяпер, калі паляпшаюцца адносіны з Захадам, трэба ўсё ж чалавек на гэтай пасадзе, які ўмее больш усьміхацца. Бо Косінец быў чалавекам сапраўды савецкіх мэтадаў дзеяньня.

Глод: Ёсьць два падыходы да гэтага рашэньня аб вызваленьні спадара Косінца. Першы — кадравая палітыка Аляксандра Лукашэнкі абсалютна непрадказальная, і ў ёй цяжка шукаць нейкай лёгікі. Калі казаць пра канкрэтныя прозьвішчы, то, магчыма, гэта і так. Але ж давайце сыходзіць зь іншага — з агульнай сытуацыі. Сёньня Лукашэнка вельмі раздражнёны татальнымі няўдачамі. Ні з нафтай, ні з газам пытаньне ня вырашана, МВФ крэдыту не дае. Людзі бяднеюць, і гэта выклікае іхную незадаволенасьць. Пра гэта прэзыдэнту паведамляюць адпаведныя службы. Гэта Лукашэнку раздражняе. І на каго можа выліцца ягоны гнеў?

Сёньня Лукашэнка вельмі раздражнёны татальнымі няўдачамі. Ні з нафтай, ні з газам пытаньне ня вырашана, МВФ крэдыту не дае.

Калі сыходзіць з лёгікі, то найперш на прэм’ера. Але ж Лукашэнка цудоўна ведае абмежаванасьці магчымасьцяў Кабякова. Не ва ўрадзе прымаюцца ключавыя рашэньні, у — адміністрацыі. Давайце згадаем прыклад Снапкова. Быў неблагі з рынкавымі разважаньнямі міністар эканомікі. Куды ён дзеўся? Забралі ў адміністрацыю прэзыдэнта, намесьнікам кіраўніка. Адказвае за тую самую эканоміку. Але ж гэта для Снапкова падвышэньне і прызнаньне таго, што адміністрацыя важнейшая за ўрад.

Другі падыход — Лукашэнка робіць асэнсаваныя пэрсанальныя зьмены. Ён сьвята верыць, што можна дамагчыся істотных зрухаў праз ручное кіраваньне эканомікай. І таму «чыстка» (некаторыя нашы калегі ўжываюць гэтае слова, бо разам з Косінцам звольнены і ягоны першы намесьнік спадар Карчэўскі) адміністрацыі выкліканая незадаволенасьцю яе працай, а таксама неабходнасьцю ўзмацненьня вэртыкалі ўлады. Значыць, трэба шукаць новых людзей. То бок Лукашэнка спадзяецца, што ператасоўкай сваёй калоды ён нечага дасягне, найперш большага эфэкту.

І апошняе пытаньне: хто будзе новым кіраўніком? Кіраўнікі адміністрацыяў заўжды актыўна курыравалі выбарчыя кампаніі. Таму частка экспэртаў лічыць, што з гэтай задачай добра справіцца выканаўца абавязкаў кіраўніка адміністрацыі Ўладзімер Міцкевіч, які, як тут ужо згадваў Віталь Цыганкоў, пэўны час быў намесьнікам старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Але тут ня ўсё так проста. Справа ў тым, што старшыня ЦВК ня мае штатнага намесьніка. Гэта — грамадзкая пасада. І па сёньняшні дзень яе традыцыйна займае дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Сёньня гэта, прынамсі, Вадзім Іпатаў. А Міцкевіч быў намесьнікам Лідзіі Ярмошынай як раз тады, калі кіраваў гэтым цэнтрам.

Другая магчымая кандыдатура — былы прэм’ер Сяргей Сідорскі. На мой погляд, гэта куды цікавейшы варыянт. Сідорскі працуе ў структурах Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Пра яго засталася добрая памяць як пра адказнага і рашучага старшыню Саўміну. У ягонай асобе шмат хто бачыў рэальную альтэрнатыву Лукашэнку на перадапошніх прэзыдэнцкіх выбарах. І тут ёсьць дзьве акалічнасьці. З аднаго боку, Лукашэнка можа забаяцца, што Сідорскі дамовіцца з Пуціным. І тады Крэмль будзе лабіраваць менавіта ягоную фігуру замест Лукашэнкі. Таму ёсьць сэнс вярнуць яго ў Беларусь. Але, як мне падаецца, толькі не на пасаду кіраўніка адміністрацыі. Бо менавіта кіраўнік адміністрацыі стварае ўсю так званую вэртыкаль улады, расстаўляючы на ўсіх важнейшых пасадах сваіх, адданых яму асабіста людзей. Хіба ж Лукашэнку гэта патрэбна?!

Цыганкоў: Але для гэтай задачы якраз Міцкевіч нармальны. Чалавек безь вялікага палітычнага бэкграўнду, безь вялікай вагі. Ён ня будзе такім монстрам, як Сідорскі ці Мясьніковіч на гэтай пасадзе, якраз бы ён выконваў задачы, не набіраючы сабе моцнага палітычнага аўтарытэту. Таму верагоднасьць таго, што ён, выконваючы абавязкі, стане сталым кіраўніком Адміністрацыі, таксама даволі моцная.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG