Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якой ступені можна параўноўваць эканамічныя паказчыкі дзьвюх краінаў? Якія ўрокі беларускія эканамічныя ўлады павінны вынесьці з грэцкага крызісу? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Яўген Прэйгерман і Барыс Жаліба.

Аўдыёзапіс перадачы цалкам

Тэкст перадачы ў скароце:

Цыганкоў: Апошнія гады галоўнай эканамічнай і фінансавай праблемай Эўропы стала Грэцыя. Менавіта сытуацыя ў гэтай краіне ўплывае на курс агульнаэўрапейскай валюты і нават на палітычныя рашэньні ў розных краінах Эўропы. Ці можна параўноўваць Беларусь з Грэцыяй хоць у нейкіх аспэктах? Наколькі сёньня магчыма праводзіць нейкія параўнаньні?

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Жаліба: Параўнаньні ўжо праводзіць можна, толькі маштабы розныя. Калі эўрапейскія чыноўнікі разгледзелі фінансавыя паказчыкі Грэцыі, то ўбачылі, што яны непраўдзівыя шмат у чым. Грэцыя жыла не па сродках. І Беларусь як дзяржава даўно ўжо жыве не па сродках.

Але глыбіня гэтага, вядома, розная. Даўгі Грэцыі — звыш 300 мільярдаў даляраў. Гэта значна больш, чым валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Грэцыі, які складае 22 мільярды даляраў. Беларускі ВУП — каля 70 мільярдаў, хоць насельніцтва прыблізна аднолькавае. У Грэцыі асноўны крэдытор — гэта Нямеччына, а ў нас — Расея.

Аднак узровень жыцьця ў Грэцыі нават і цяпер непараўнальна большы за беларускі. Там сярэдні заробак — каля тысячы эўра, у нас — каля 400. Пакуль грэкі шыкавалі, у іх дальнабойшчык зарабляў да 7 тысяч эўра. Беларусы так ніколі не шыкавалі.

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Прэйгерман: Я згодны з тым, што можна правесьці шмат паралеляў. Пры ўсіх адрознасьцях ёсьць падабенства ў сацыяльнай мадэлі. Вялікая прысутнасьць дзяржавы ў эканоміцы ў пэўны момант перастала адпавядаць прадукцыйнасьці працы, канкурэнтаздольнасьці, эфэктыўнасьці эканомікі.

Хоць гэта тыпова для краінаў, якія знаходзяцца ў структурным крызісе. І ў нас, і ў Грэцыі ёсьць неабходнасьць у структурных рэформах, перабудове эканомікі, каб жыць па сродках. Аднак памеры даўгоў сапраўды розныя: у грэкаў — 180 працэнтаў ад ВУП, у Беларусі — каля 20 працэнтаў ад ВУП.

Таксама прынцыпова розныя сытуацыі ў тым, што такая маленькая краіна, як Грэцыя, зьяўляючыся сябрам ЭЗ і эўразоны, можа выклікаць вельмі істотны эканамічны выбух, ад якога панясуць страты тыя ж немцы.

Цыганкоў: А Беларусь у ЭЗ не ўваходзіць — таму, калі ў нас нешта здарыцца, то нас, акрамя Расеі, ніхто і не падумае ратаваць?

Прэйгерман: Нават Расею гэта будзе хваляваць у першую чаргу толькі з геапалітычных прычынаў. А ў Эўразьвязе, з-за перакрыжаванасьці розных працэсаў, сытуацыя ў Грэцыі — вельмі сур’ёзны выклік для ўсяго Зьвязу, бо там вельмі высокая залежнасьць краін між сабой.

Цыганкоў: Якія ўрокі з грэцкай драмы могуць вынесьці беларускія эканамічныя ўлады?

Гэта ўсё наступствы левай папулісцкай палітыкі — абяцаць народу і ўвесь час падкідаць, не зважаючы на магчымасьці

Жаліба: Можна зразумець, што вялікая шкода для эканомікі і дзяржавы — папулісцкая левая палітыка. Калі павялічваюць заробкі, пэнсіі, а эканоміка ня мае для гэтага крыніцаў. І потым улазіць у даўгі ўсё больш. Небясьпека такой папулісцкай палітыкі характэрная як для Беларусі, гэтак і для Грэцыі. Грэцыя ўвогуле цяпер знаходзіцца пад пагрозай абвясьціць дэфолт і пакінуць эўразону. Гэта ўсё наступствы левай папулісцкай палітыкі — абяцаць народу і ўвесь час падкідаць, не зважаючы на магчымасьці.

Прэйгерман: На прыкладзе Грэцыі мы назіраем, што не апраўдваецца разьлік на тое, што прыйдзе нехта заможны і вырашыць вашы праблемы. Трэба ратаваць сябе самім, праводзячы разумную эканамічную палітыку. У іншым выпадку гэта абмежаваньне ўласнага сувэрэнітэту, калі замежныя сілы будуць дыктаваць пэўныя рэчы краіне. Нам у Беларусі тым больш трэба думаць сваёй галавой і распачынаць унутраныя рэформы, каб зрабіць эканоміку сучаснай, канкурэнтнай, а не арыентавацца на незразумелую сацыяльна-эканамічную мадэль, якая ня мае ніякай будучыні.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG