Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дае станоўчыя вынікі барацьба з карупцыяй у краіне?


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Чаму ў сусьветным рэйтынгу ўспрыняцьця карупцыі Беларусь палепшыла свае пазыцыі? У чым фундамэнтальныя прычыны гэтай зьявы ў краіне? Ці ёсьць беларуская спэцыфіка ў карупцыйных злачынствах?

Удзельнікі: кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і кіраўнік дасьледчага праекту ВIPART Іна Рамашэўская.

Беларусь у сусьветным рэйтынгу карупцыі

Валер Карбалевіч: «У штогадовым індэксе ўспрыняцьця карупцыі, які складае міжнародная арганізацыя Transparency International, Беларусь заняла 79-е месца з 40 баламі. Летась Беларусь займала 107-е месца з 32 баламі. Гэта значна лепш, чым, напрыклад, пазыцыя Расеі ці Ўкраіны, якія маюць 29 балаў і займаюць 131 месца.

Індэкс успрыняцьця карупцыі разьлічаны паводле мэтодыкі, заснаванай на камбінацыі агульнадаступных статыстычных дадзеных і вынікаў апытаньня. Як можна пракамэнтаваць гэты рэйтынг і паляпшэньне пазыцый у ім Беларусі?»

Андрэй Паротнікаў: «Я вельмі скептычна стаўлюся да любых рэйтынгаў. Бо ідэальнай мэтадалёгіі не існуе. А падганяць усе краіны сьвету пад нейкую адну мэтадалёгію памылкова. Бо фактар культуры ніхто не адмяняў.

Безумоўна, у Беларусі сытуацыя з карупцыяй значна лепшая, чым у Расеі ці Ўкраіне. Але я ня ўпэўнены, што яна за год так палепшылася, каб мы пасунуліся з 107 на 79 месца.

Трэба разумець, што карупцыя ў Беларусі — натуральная прыкмета той сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня і эканамічнай сыстэмы, якая тут існуе».

Іна Рамашэўская: «Часткова згодная з маім суразмоўцам, а часткова — не. У гэтым рэйтынгу ёсьць адно вельмі важнае слова — „успрыняцьце“. То бок гэты рэйтынг грунтуецца ня столькі на абʼектыўных дадзеных, кшталту колькасьці карупцыйных злачынстваў, колькі на тым, як успрымаюць гэтую зьяву ключавыя гульцы, то бок людзі, уключаныя ў працэсы, якія патэнцыйна могуць быць карупцыягеннымі. І калі апытваюць прадстаўнікоў міжнародных арганізацый у Беларусі, то простая замена іх пэрсаналу можа ўжо даць іншы рэйтынг.

Зь іншага боку, тое, што гэтая мэтадалёгія сталая, дае падставу лічыць: сытуацыя з карупцыяй у Беларусі мяняецца. Часткова на гэта мог паўплываць прыняты ў канцы 2015 году закон аб барацьбе з карупцыяй. Ён прадугледжвае больш жорсткія меры па барацьбе з гэтым злачынствам. Да таго ж ён быў шырока разрэклямаваны і вынесены на своеасаблівае абмеркаваньне.

Я прапаную гіпотэзу, якую не магу пацьвердзіць нейкімі лічбамі. Лічу, што скарацілася колькасьць „шэрых“ схем атрыманьня даходаў, зьвязаных з атрыманьнем расейскіх нафтавых субсыдыяў. Летась былі заведзены некалькі крымінальных спраў у дачыненьні да буйных бізнэсоўцаў, якія мелі сувязі наверсе. І вось яны раптам ператварыліся з фаварытаў у ізгояў. І гэта таксама паўплывала на ўспрыняцьце карупцыі».

«Адбываецца працэс кансалідацыі „кармавой базы“».

Паротнікаў: «Так, з аднаго боку, павялічылася колькасьць крымінальных спраў. Але тыя буйныя справы, якія трапляюць у мэдыя, складаюць толькі 10% ад рэальнай колькасьці спраў адносна буйнога бізнэсу з інкрымінаванай шкодай у 1 млн даляраў і больш.

Але гэта адбылося не таму, што ўлада раптам заклапацілася праблемай карупцыі. Прычына ў іншым. Уладам проста патрэбныя грошы. Таму адбываецца, умоўна кажучы, працэс кансалідацыі „кармавой базы“. Вышэйшае кіраўніцтва дае зразумець, што ўсе грошы павінны быць у адной кішэні. І хто гэтага не разумее, тыя становяцца ворагамі дзяржавы.

З асновай прычын карупцыі ніхто не змагаецца

То бок гаворка ідзе пра выжываньне цяперашняй палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сыстэмы. Таму кардынальна ў пытаньні карупцыі нічога не зьмянілася. Бо чыньнік рэпрэсій ня можа вырашыць праблему глыбінных прычын карупцыі. З асновай прычын карупцыі ніхто не змагаецца».

Карбалевіч: «Дык, можа, ня важныя матывы — важны вынік?»

Паротнікаў: «З аднаго боку, усіх не перасадзяць. А зь іншага боку, як кажа фальклёр, «каб жыць у радасьці і шчасьці, трэба красьці, красьці і красьці».

Карбалевіч: «Хачу агучыць такія лічбы. Па выніках апытаньня, якое Інстытут прыватызацыі і мэнэджмэнту (ІПМ) правёў сярод прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу ў красавіку-траўні 2016 году, карупцыя па важнасьці займае 9 месца сярод 22 асноўных барʼераў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю бізнэсу ў Беларусі. А ў 2014–2015 гг. карупцыя займала трэцюю-пятую пазыцыю з 20 асноўных праблем для беларускага бізнэсу.

І яшчэ. За апошні год кожны пяты беларус даваў хабар (20%) Толькі 14% грамадзян Беларусі лічаць карупцыю адной з галоўных бед. 45% беларусаў лічаць, што дзяржава недастаткова змагаецца з карупцыяй».

У чым фундамэнтальныя прычыны карупцыі ў краіне?

Карбалевіч: «Ці сапраўды прычыны карупцыі ў Беларусі закладзены ў самую сыстэму, пра што кажа сп. Паротнікаў? Яны неяк адрозьніваюцца ад прычын карупцыі ў іншых краінах? Ці ёсьць беларуская спэцыфіка ў гэтым пытаньні?»

Рамашэўская: «Міжнародныя арганізацыі выдзяляюць два віды карупцыі. Першы від — гэта дробная карупцыя. Гэта калі насельніцтва вымушанае даваць хабар дзяржслужачым ці работнікам бюджэтнай сфэры за штодзённыя паслугі ці за вырашэньне адміністратыўных пытаньняў. Гэта сфэра мэдыцыны, дарожны рух і інш. Менавіта з гэтым відам карупцыі найбольш сутыкаюцца людзі. Узровень гэтага віду карупцыі ў Беларусі сапраўды ніжэйшы ў параўнаньні зь некаторымі суседнімі краінамі.

Другі від карупцыі — гэта сыстэмная карупцыя. Большасьць грамадзян постсавецкіх дзяржаў, якія жылі ва ўмовах дамінаваньня дзяржавы ў эканоміцы, такі від карупцыі не ўспрымаюць як злачынства, ненармальнасьць. Маю на ўвазе сытуацыю, калі дзяржава мае перавагу пры атрыманьні акцыяў прадпрыемстваў, калі дзяржпрадпрыемствы маюць перавагу пры дзяржзакупках і інш. І грамадзяне, і чыноўнікі не ўспрымаюць гэтую зьяву як карупцыю. То бок падтрымка дзяжпрадпрыемства з боку ўлады бачыцца як нешта натуральнае. Да таго ж з такімі зьявамі большая частка насельніцтва непасрэдна не сутыкаецца.

Згодная з тым, што сыстэмных зрухаў у барацьбе з карупцыяй не адбылося. Працягвае існаваць невысокая празрыстасьць дзяржаўных закупак, субсыдыяў дзяржаўным прадпрыемствам».

Паротнікаў: «Пра тое, што карупцыя вынікае з самой прыроды беларускай сацыяльнай мадэлі, сьведчаць такія чыньнікі: непразрыстасьць выпрацоўкі і прыманьня рашэньняў, засільле дзяржавы ў эканоміцы, занадта вялікая і дрэнна кіраваная дзяржаўная ўласнасьць, зьбядненьне насельніцтва».

Як грамадзтва ўспрымае карупцыю?

Карбалевіч: «Яшчэ раз вяртаемся да тэмы ўспрыняцьця карупцыі. Калі, напрыклад, кіраўнік дзяржавы дае сваім распараджэньнем расейскаму бізнэсоўцу Гуцэрыеву права распрацоўваць калійныя радовішчы бяз конкурсу ці аўкцыёну з прычыны асабістых добрых адносін зь ім, то гэта карупцыя ці не? Думаю, беларусы лічаць, што не. Хоць у сьвеце гэта лічыцца карупцыяй».

Бізнэсоўцы настолькі прызвычаіліся „даваць на лапу“, што ўжо не ўспрымаюць гэта як праблему

Паротнікаў: «Наконт таго прыкладу з дасьледаваньня ІПМ, які вы прывялі. Зь яго вынікае, што, на думку прадстаўнікоў бізнэсу, карупцыя стала менш перашкаджаць разьвіцьцю бізнэсу, чым раней. Такая выснова можа сьведчыць ня толькі пра тое, што сытуацыя з карупцыяй палепшылася. Магчымая і такая выснова: бізнэсоўцы настолькі прызвычаіліся „даваць на лапу“, што ўжо не ўспрымаюць гэта як праблему.

І яшчэ наконт успрыняцьця грамадзтвам карупцыі. Калі кампанія бярэ на працу з добрым заробкам сваяка высокага чыноўніка, то гэта не ўспрымаецца ў Беларусі як карупцыя».

Рамашэўская: «Возьмем такі прыклад. Нейкае прадпрыемства выйграе конкурс на пастаўку тавараў ці паслуг для дзяржавы. У такім выпадку ўлады могуць да яго зьвярнуцца з просьбай дапамагчы ў будаўніцтве нейкай сацыяльнай інфраструктуры ў раёне. Здавалася б, гэта не ідзе ў пэрсанальную кішэню нейкага чыноўніка, а дзеля грамадзкага дабрабыту. Але гэта карупцыя, хоць у вачах большасьці грамадзян яна не выглядае такою. Таму варта праводзіць палітычную асьвету грамадзян».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG