Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адродзяць праваслаўныя магілёўскае барока?


Гэтак выглядае Пакроўская царква на праекце Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

Гэтак выглядае Пакроўская царква на праекце Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

У Магілёве ўзяліся за адбудову Пакроўскай царквы. Яе ўзьвялі ў традыцыях магілёўскай школы дойлідзтва пры канцы сямнаццатага стагодзьдзя, а разбурылі за савецкім часам — паміж 1952 і 1956 гадамі. Заказчык адбудовы — праваслаўны Сьвята-Мікольскі манастыр.

У Магілёўскім гарвыканкаме 25 студзеня прэзэнтавалі два праекты адбудовы бажніцы і ўпарадкаваньня прылеглай тэрыторыі. Адзін зь іх прадставіў грамадзкасьці інстытут «Магілёўграмадзянпраект», а другі — Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

На месцы, дзе стаяла сьвятыня, правялі археалягічныя раскопкі. Падмурку царквы ня выявілі, затое адшукалі рэшкі фундамэнту званіцы.

Адзін ад аднаго праекты адрозьніваюцца, як зазначылі прэзэнтанты, асаблівасьцямі дэкору франтонаў, вышынёю канькоў ды формай і колерам купалоў асноўных будынкаў царкоўнага комплексу.

Прэзэнтуючы праект, падрыхтаваны Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, старшыня таварыства Антон Астаповіч адзначыў: праект адраджае ня толькі Пакроўскую царкву, а цэлую культурную зьяву — магілёўскую школу дойлідзтва, гэтак званае магілёўскае барока.

Антон Астаповіч на прэзэнтацыі

Антон Астаповіч на прэзэнтацыі

Паводле Астаповіча, праваслаўнае дойлідзтва ў Магілёве адрозьнівалася ад праваслаўнага дойлідзтва тагачаснай Маскоўскай Русі. Магілёўскія дойліды, казаў выступоўца, выкарыстоўвалі старыя бізантыйскія схемы пабудовы сьвятыняў: крыжова-купальныя канструкцыі, якія лічылася забытымі ў 14 стагодзьдзі. Адна з асаблівасьцяў магілёўскай школы захавалася дагэтуль у Сьвята-Мікольскай царкве:

«Рэнэсансныя ярусныя дэкараваныя нішамі франтоны ўласьцівыя для магілёўскай школы. І гэтыя франтоны ў Магілёве пачалі выконваць дадатковую, дужа важную сакральную функцыю вынаснога іканастасу. Гэта ўнікальная зьява», — казаў Антон Астаповіч.

Гэтак выглядае Пакроўская царква на праекце інстытуту «Магілёўграмадзянпраект»

Гэтак выглядае Пакроўская царква на праекце інстытуту «Магілёўграмадзянпраект»

Цэрквы ў стылі магілёўскага барока, паводле спэцыяліста, узводзілі ў шмат якіх гарадах беларускага Падняпроўя. Такой павінна быць і адбудаваная Пакроўская царква.

Пасьля таго як Магілёў спалілі ў 1708 годзе на загад маскоўскага цара Пятра І, камяніцаў у традыцыях магілёўскай школы дойлідзтва больш ня ўзводзілі. Асобныя элемэнты гэтай школы, казаў Астаповіч, адрадзіліся на ўкраінскіх землях, у гэтак званым мазэпаўскім барока.

Вынасны вулічны іканастас на царкве Сьвятога Мікалая ў Магілёве

Вынасны вулічны іканастас на царкве Сьвятога Мікалая ў Магілёве

​Паводле начальніка архітэктурна-пляніровачнага аддзелу інстытуту «Магілёўграмадзянпраект» Тацяны Бельскай, іхны праект распрацаваны паводле фотаздымкаў і эскізаў Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Месца, дзе раней стаяў храм-званіца Пакроўскай царквы. Зьвезеныя па́лі.

Месца, дзе раней стаяў храм-званіца Пакроўскай царквы. Зьвезеныя па́лі.

Спэцыялістка зазначыла: на месцы падмурку царквы выяўлена моцная бэтонная плятформа, якая супадае з гістарычнымі контурамі сьвятыні і якую скарыстаюць пры адбудове. У той жа час на сваім гістарычным месцы выяўленыя рэшткі падмурка храма-званіцы, якія, паводле Тацяны Бельскай, будуць музэефікаваныя. Ля царквы зьявіцца вуліца Пакроўская. Прылеглую да царкоўнага комплексу тэрыторыю ўпарадкуюць.

Некалі раён, які цяпер у Магілёве называюць Падмікольлем, зваўся Пакроўскім пасадам. Акрамя праваслаўнай сьвятыні, тут былі ўзьведзеныя рыма-каталіцкі касьцёл сьвятога Антонія ды малітоўны дом габрэяў. Мясцовая гістарычная забудова страчаная, аднак, як запэўніваюць спэцыялісты, дасьледчы матэрыял захаваўся. Дамінантай мясьціны была Пакроўская царква.

Адказваючы на пытаньне, ці ўлічаныя інтарэсы каталікоў, якія таксама могуць захацець аднавіць сваю сьвятыню, Антон Астаповіч адказаў: межы, дзе стаяў касьцёл, не парушаныя праектам праваслаўнай сьвятыні.

Ён дадаў, што распрацаваныя тры варыянты праектаў адбудовы касьцёла бэрнардынцаў, аднак казаць пра хуткую адбудову каталіцкай бажніцы не выпадае. Гэта, паводле яго, пытаньне не аднаго году.

Тым часам у Магілёве зьявіліся білборды з заклікам ахвяраваць сродкі на адбудову Пакроўскай царквы.

Білборд з заклікам ахвяраваць грошы на адбудову праваслаўнай царквы

Білборд з заклікам ахвяраваць грошы на адбудову праваслаўнай царквы

На месца, дзе стаяла праваслаўная сьвятыня, зьвезьлі бэтонныя палі.

Сьвята-Мікольскі манастыр

Сьвята-Мікольскі манастыр

Будаўнічай актыўнасьці пакуль няма. Ухвалу праекту адбудовы мае даць Міністэрства культуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG