Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбылася фактычная нацыяналізацыя «Мотавела»?


Праца на Мотавела, архіўнае фота

Праца на Мотавела, архіўнае фота

На прыватнае прадпрыемства «Мотавела» ўлады прызначылі дырэктарам дзяржаўнага чыноўніка Мікалая Ладуцьку. Ці можна лічыць гэта нацыяналізацыяй? Як згаданая падзея характарызуе адносіны паміж уладай і бізнэсам? Як гэты скандал можа паўплываць на інвэстыцыйны клімат Беларусі?

Удзельнікі: юрыст Сяргей Балыкін і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.

Ці нацыяналізавалі «Мотавела»?

Валер Карбалевіч: «Супрацоўнікам „Мотавела“ прадставілі новага дырэктара — былога кіраўніка Менску Мікалая Ладуцьку. Што ўскосна пацьвярджае кулюарную інфармацыю пра арышт гаспадара гэтага прадпрыемства Аляксандра Мураўёва, а таксама іншых партнэраў кампаніі ATEC Holding, у тым ліку двух ягоных братоў.

Невядома, на якіх юрыдычных падставах улады прызначаюць дырэктарам „Мотавела“ свайго чыноўніка. Пра фармальную нацыяналізацыю гэтага прадпрыемства нічога ня чутна. Дык гэта нацыяналізацыя?»

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін: «Пакуль цяжка дакладна сказаць. Можа, гэта нацыяналізацыя, а можа, рэйдэрскі захоп, каб перадаць „Мотавела“ іншаму ўласьніку, а магчыма, разборкі сярод набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў.

Таксама цяжка аналізаваць юрыдычны бок справы. Невядома, ці быў сход акцыянэраў. Калі б „Мотавела“ быў абвешчаны праз суд банкрутам і прызначыў крызіснага мэнэджэра, то мы б пра гэта пачулі. А тут нейкая таямніца».

Карбалевіч: «Мураўёў набываў беларускія прадпрыемствы бяз конкурсу. Ягоны бізнэс у Беларусі — гэта клясычны прыклад індывідуальных ільготаў. Як ацэньваюць замежныя інвэстары такую схему адносін паміж дзяржавай і бізнэсам?»

Балыкін: «Інвэстары розныя. Сур’ёзны бізнэс у Беларусь ня прыйдзе. Сюды прыходзяць бізнэсоўцы, згодныя гуляць паводле беларускіх, не зусім празрыстых правілаў. Калі бізнэсоўцы атрымліваюць ад дзяржавы індывідуальныя льготы, не прадугледжаныя законам, то яны нясуць і адказнасьць, не прадугледжаную законам».

Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў: «У верасьні 2013 году Лукашэнка наведаў завод „Мотавела“. І тагачасныя ягоныя заявы могуць патлумачыць цяперашнія падзеі. Лукашэнка тады казаў: ён прыйшоў да мяне і зрабіў прапанову. Гэта як у тым фільме: „Ён сам да мяне прыйшоў“.

Другая фраза Лукашэнкі: „Завод быў прададзены за капейкі... Мы даем яму апошні шанец“. Гэта тычылася таго, што Мураўёў прасіў тады аб рэструктурызацыі даўгоў. А інвэстыцыйная дамова прадугледжвала, што новы ўласьнік выведзе прадпрыемства з крызісу, зробіць рэнтабэльным і інш. Такіх вынікаў дасягнуць не ўдалося».

Як згаданая падзея характарызуе адносіны паміж уладай і бізнэсам?

Карбалевіч: «Паводле афіцыйна не пацьверджанай інфармацыі, арыштаваных абвінавачваюць у невыкананьні інвэстыцыйнай дамовы, спробе вывесьці капітал зь Беларусі. А ці гэтыя абвінавачваньні — крымінал паводле беларускага заканадаўства?»

Балыкін: «Менавіта гэтыя дзеяньні — не крымінал. Але арыштаваным могуць выставіць абвінавачваньні ў махлярстве, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, ухіленьні ад падаткаў. Зрэшты, мы ня ведаем пакуль, якія абвінавачваньні ім выстаўленыя. Ня ведаем працэсуальнага статусу гэтых людзей, то бок — ці яны абвінавачаныя, ці падазроныя».

Самае цікавае цяпер — не артыкул, паводле якога затрымалі Мураўёва, а сума, выплаціўшы якую, ён выйдзе на волю

Жбанаў: «У савецкія часы плян быў законам, але нават тады за яго невыкананьне ў турму не саджалі. А цяпер у юрыдычным сэнсе пляну няма. І вывад грошай за мяжу не абавязкова крымінальны. Прыбытак можна вывозіць. А вось калі прыбытку няма, а грошы выводзіліся праз абходныя схемы, то гэта іншая справа. Але гэта азначае, што прыбытку не было.

Калі садзяць бізнэсоўца, то мы ведаем далейшую працэдуру. Пра яе казаў калісьці Лукашэнка. Бізнэсоўцу ў камэры даюць тэлефон, і ён тэлефануе, шукае грошы. Самае цікавае цяпер — не артыкул, паводле якога затрымалі Мураўёва, а сума, выплаціўшы якую, ён выйдзе на волю».

Як гэты скандал можа паўплываць на інвэстыцыйны клімат Беларусі?

Карбалевіч: «Найперш, калі арыштоўваюць бізнэсоўца, які блізка знаёмы з Лукашэнкам, быў пад ягонай пэрсанальнай апекай, то чаго можна чакаць іншым прадпрымальнікам, якія ня маюць такой абароны? Апошнім часам аднаго за адным садзяць за краты людзей на вельмі сумнеўных падставах. Узгадаем „справу Мальцава“, „справу Пракапені“, і вось цяпер — „справа братоў Мураўёвых“. А яшчэ ж трэба будзе ствараць на прыватных прадпрыемствах прафсаюзныя арганізацыі. Як гэты скандал можа паўплываць на інвэстыцыйны клімат Беларусі?»

Балыкін: «Ніяк. Інвэстыцыйны клімат у Беларусі такі кепскі, што сапсаваць яго цяжка. І тое, што робіць Лукашэнка з набліжанымі да яго бізнэсоўцамі, фактычна, халопамі, ні на што не ўплывае».

Жбанаў: «Гэта сыгнал не патэнцыйным будучым інвэстарам, а сыгнал набліжаным да Лукашэнкі бізнэсоўцам. Бо чаргі на інвэстыцыі ў Беларусь не назіраецца».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG