Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чураву спадабаўся досьвед беларускага датэрміновага галасаваньня


Старшыня ЦВК Расеі Ўладзімер Чураў

Старшыня ЦВК Расеі Ўладзімер Чураў

Кіраўнік расейскага ЦВК Уладзімер Чураў станоўча выказаўся пра беларускае датэрміновае галасаваньне, скрытыкаванае замежнымі назіральнікамі. Расейскі журналіст Віктар Дзятліковіч распавёў Свабодзе пра расейскі досьвед датэрміновага галасаваньня.

«Трэба арыентавацца на досьвед Беларусі ў датэрміновым галасаваньні», — перадае РИА «Новости» заяву кіраўніка ЦВК Расеі Ўладзімера Чурава. Паводле ягоных словаў, у Расеі ня здолелі дамагчыся таго, што здолелі ў Беларусі: пастаяннай прысутнасьці назіральнікаў на выбарчых участках падчас усіх этапаў датэрміновага галасаваньня. Ён прапанаваў замацаваць абавязковую прысутнасьць заканадаўча, каб «не сачкавалі».

Тым часам міжнародныя назіральнікі засталіся расчараванымі ў беларускіх выбарах. У прыватнасьці, яны казалі пра шматлікія парушэньні падчас датэрміновага галасаваньня. Некаторыя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з галоўных інструмэнтаў фальсыфікацыяў.

Расейскі журналіст Віктар Дзятліковіч распавёў Свабодзе, што датэрміновае галасаваньне ў Расеі на самой справе адрозьніваецца ад беларускага, але наўрад ці яно там важны інструмэнт у руках фальсыфікатараў:

Віктар Дзятліковіч

Віктар Дзятліковіч

«У Расеі датэрміновае галасаваньне пачынаецца за 10 (падчас мясцовых/рэгіянальных выбараў) альбо 15 (фэдэральныя выбары) дзён да афіцыйнай даты. Ня ведаю, што меў на ўвазе Чураў, калі казаў, што трэба дамагчыся «пастаяннай прысутнасьці назіральнікаў» на ўсіх этапах датэрміновага галасаваньня. Закон, які цяпер дзейнічае, і так дазваляе назіральнікам прысутнічаць на выбарчых участках зь першага дня датэрміновага галасаваньня. Іншая справа, што ў палітычных партыяў няма альбо жаданьня, альбо рэсурсаў, каб карыстацца гэтай нормай закону.

Датэрміновае галасаваньне ў Расеі зусім не такое актыўнае, як у Беларусі. Некалькі лічбаў. 2011 год, выбары ў Дзярждуму — датэрмінова прагаласавала 0,26% выбарцаў; 2012 год, выбары прэзыдэнта — 4,77%; 2015 год, мясцовыя выбары, у тым ліку губэрнатараў, абласных ці гарадзкіх заканадаўчых органаў улады — 0,21%. Хоць лічбы адрозьніваюцца ў розных рэгіёнах, а, напрыклад, на апошніх мясцовых выбарах найвялікшы адсотак быў 2,8% — у Ленінградзкай вобласьці.

Улічваючы такія маштабы, цяжка казаць, што датэрміновае галасаваньне — галоўны мэханізм фальсыфікацыяў у Расеі. Хоць назіральнікі і іншыя ўдзельнікі выбараў сьведчаць пра факты парушэньняў. Напрыклад, у верасьні 2015 году былы (цяпер ужо) дэпутат Пскоўскай абласной Думы Леў Шлосбэрг зьвяртаў увагу на тое, што «Галасаваньне шмат у якіх выпадках арганізуецца прымусова, складзены графікі галасаваньня цэлых працоўных калектываў. Самі грамадзяне, якія галасуюць датэрмінова, паведамляюць, што атрымліваюць ад працадаўцаў указаньне ня толькі прагаласаваць датэрмінова і адсправаздачыцца пра гэта, але прагаласаваць менавіта за партыю „Адзіная Расея“ і ейных кандыдатаў. За адмову ад датэрміновага галасаваньня пагражаюць звальненьнем з працы».

Але больш актыўна для незаконнай карэкціроўкі вынікаў галасаваньня выкарыстоўваецца галасаваньне па адмацавальных пасьведчаньнях (у тым ліку для арганізацыі так званых «карусэляў») і па-за межамі выбарчых участкаў. Людзей, якія галасуюць такім чынам, значна больш, чым тых, хто галасуе датэрмінова. Напрыклад, у 2011 г. на выбарах у Дзярждуму па адмацавальных пасьведчаньнях ці па-за межамі ўчасткаў прагаласавала 9,28%".

XS
SM
MD
LG