Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зьневажае памяць героя Майдану


Міхаіл Жызьнеўскі

Міхаіл Жызьнеўскі

«Пад Гомелем невядомыя вандалы апаганьваюць магілу героя ўкраінскага Майдану Міхаіла Жызьнеўскага — зрываюць жоўта-блакітныя сьцяжкі, стужкі зь вянкоў. Чаму гэта адбываецца і хто, на вашу думку, да гэтага датычны?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.


Спадар: «Ня ведаю, хто такі Жызьнеўскі, што за асоба такая. Не разумею, хто такі герой Майдану? Хто яе можа апаганьваць, гэтую магілу? Відаць, той, хто ведае яго, хто ён такі».

Спадарыня: «Гэта нелюдзі, гэта антыхрысты».

Спадар: «Проста неадназначнае стаўленьне людзей, і канкрэтна беларусаў, да гэтага руху на Майдане. Ёсьць людзі, якія адкідваюць гэта ўсё. У сям’і не без выроду. Самі разумееце: адны свае думкі і пачуцьці выяўляюць досыць карэктна, цывілізавана, іншыя — нічога не знаходзяць, апроч як рабіць такое».

Спадарыня: «Я ня думаю, каб наш народ быў супраць і такое дазваляў сабе. Мы толькі за Ўкраіну. Калі хтосьці і зрабіў так, то трэба яго пакараць. Але наш народ, як я разумею, цалкам за Ўкраіну. Усе! Мы — браты!»

Спадарыня: «Гледзячы якія героі Майдану. За каго ён там ваяваў? На Ўкраіне ж розныя ёсьць героі: ёсьць „бандэраўцы“, ёсьць „шушкевічы“. Гледзячы якія героі — каго там пахавалі? Хто народ абараняў — ці тых, што за „Бандэру“ стаялі? Там жа на Майдане забівалі — як іх там? — „беркутаўцаў“. Я глядзела. У мяне муж з Украіны, таму я вельмі сачу за Ўкраінай. Цяпер там, гляджу, Данбас бамбуюць. Калі яны сапраўды героі, то гэта раўназначна таму, як у Польшчы зьневажаюць магілы нашых салдатаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную. Тое ж самае. Разумееце? Калі Жызьнеўскі стаяў за справядлівасьць, то гэта нядобра. Магілы апаганьваць — гэта грэх вялікі, хто б там ні быў. Можа, якія вандалы. І ў нас, у Беларусі, вандалы ёсьць. Гэта, мне падаецца, нейкія вандалы, групоўкі».

Спадар: «Розныя могуць быць людзі — па веравызнаньні, сваім стаўленьні да палітыкі. Але гэта, канечне, непрыгожа, кім бы ён ні быў. Гэта было яго рашэньне — ехаць на Майдан. Адны гэта асуджаюць, іншыя — вітаюць. Ня ведаю, складана сказаць. Вядома, гэта нядобра. А хто датычны — ня ведаю. Гэта, можа, і нармальныя людзі, але якія трохі з галавой не сябруюць. Выйшлі людзі на Майдан — іх справа. Прыехаў чалавек ім дапамагчы — таксама яго справа. Чалавек загінуў — навошта апаганьваць?»

Спадарыня: «Хто датычны, я ня ведаю. Гэта, відаць, бесталковая моладзь. У кожнай краіне багата радыкальных арганізацыяў — нейкія дурні там сядзяць. Любы чалавек, які памёр, якога Божанька паклікаў — магілы іхнія нельга чапаць. Нічые! Колькі нашых магілаў у Нямеччыне — бачылі, як іх даглядаюць?! А калісьці мы былі ворагамі. Цяпер магілы выдатна даглядаюць, могілкі ў нармальным стане. Магіла ёсьць магіла. Хіба ж можна яе чапаць? Хто б там ні быў».

XS
SM
MD
LG