Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 фактаў пра Леаніда Рашэтнікава, вядомага антыбеларускімі заявамі


Леанід Рашэтнікаў
Леанід Рашэтнікаў

Адстаўны генэрал-лейтэнант Рашэтнікаў выступіў з заявай пра тое, што «беларуская мова была створаная пастановай паседжаньня аргбюро ЦК ВКП(б) у 1926 годзе», а Беларусь назваў «гістарычнай часткай Расеі, малой краінай, якая ня можа жыць самастойна». Хто ён такі?

Сувязь зь Беларусьсю

Як паведаміў Свабодзе сам Рашэтнікаў, ягоная маці нарадзілася ў Горадні.

«Я часта наведваю Беларусь, апошнім разам прыяжджаў летась», — сказаў адстаўны генэрал-лейтэнант.

Атрымаў узнагароду ад «прэзыдэнта ПМР»

У 2011 годзе атрымаў мэдаль ад кіраўніка непрызнанай «Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі» за «умацаваньне супрацоўніцтва паміж ПМР і Расеяй». Зьяўляецца ганаровым прафэсарам Прыднястроўскага ўнівэрсытэту, аднак выкладчыцкай дзейнасьцю не займаўся. Таксама мае ўзнагароды ад «Рэспублікі Сербскай».

Выступае за замацаваньне ролі праваслаўя ў Канстытуцыі РФ

Нягледзячы на тое, што Расея зьяўляецца шматнацыянальнай і шматканфэсійнай дзяржавай, Рашэтнікаў лічыць неабходным узгадаць ролю праваслаўя ў канстытуцыі сваёй краіны. З такой заявай генэрал-лейтэнант выступіў у інтэрвію для рэсурсу pravoslavie.ru.

Быў узнагароджаны ордэнам Мужнасьці

Звычайна ў Расеі гэты ордэн даюць за выратаваньне людзей падчас стыхійных бедзтваў, барацьбу з арганізаванай злачыннасьцю, выключную сьмеласьць пры выкананьні службовых абавязкаў, спалучаную з рызыкай для жыцьця. Ордэнам былі ўзнагароджаныя некаторыя ўдзельнікі лякальных канфліктаў, пачынаючы з 1994 году (Чачня, Косава ды інш.)

Нарадзіўся ў Харкаве, але адмаўляе існаваньне Ўкраіны

«Украіна – гэта Расея, акрамя заходняй часткі, дзе шмат асаблівасьцяў», — заявіў Рашэтнікаў летась у інтэрвію «Камсамольскай праўдзе». Паводле Рашэтнікава, ва ўкраінскай літаратуры ніколі не было клясыкаў, а Леся Украінка ці Іван Франко – «пачаткоўцы, якія спрабавалі нешта ствараць на маларасійскай мове».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG