Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьне ў Слоніме актывіста — шанец для старшыні выканкаму ў будучыні стаць мэрам гораду


Віктар Марчык (у цэнтры), затрыманы ў Слоніме пасьля акцыі «Марш недармаедаў» у Слоніме 19 сакавіка
Віктар Марчык (у цэнтры), затрыманы ў Слоніме пасьля акцыі «Марш недармаедаў» у Слоніме 19 сакавіка

— А ты зьдзівісься, калі слонімскага старшыню звольняць з працы? — спытаўся ў мяне знаёмы.

— Не, не зьдзіўлюся, — адказаў я.

Бо, з аднаго боку, старшыня выканкаму Слонімскага раёну Алег Таргонскі старанна выканаў заданьне суцішыць напал жарсьцяў, а з другога — ня даў пераканаўчага пацьверджаньня словаў Аляксандра Лукашэнкі наконт працаўладкаваньня ўсіх да першага траўня і заробку ў канцы году памерам 500 даляраў.

Спадар Таргонскі фактычна адзіны з вэртыкальшчыкаў, хто выйшаў да пратэстоўцаў за апошнія тыдні і размаўляў з абуранымі людзьмі без снабізму і начальніцкіх вокрыкаў.

У эфіры «Свабоды» старшыня выглядаў стомленым і разгубленым. Доўгі час абыходзіўся агульнымі фразамі кшталту «прыходзьце, усе праблемы вырашым разам». Такі свойскі чалавек: хоць і апаратчык, але «ад сахі» і ведае, як размаўляць з сабе падобнымі колішнімі ці цяперашнімі сялянамі.

Ня хлусіў. Калі адна спадарыня запыталася, як да траўня плянуецца ўсіх працаўладкаваць у раёне, сп. Таргонскі пачаў пералічваць магчымасьці. Маўляў, мае на мэце знайсьці дзьвесьце новых працоўных месцаў, напрыклад выправіць рабочых на будаўніцтва Астравецкай АЭС. Відавочна, што дзьвесьце — гэта далёка ня ўсе, хто мае патрэбу ў больш-менш прымальнай працы ў Слонімскім раёне насельніцтвам больш за 67 000 чалавек.

Адно, што на жаданай суме месячнага заробку Алег Таргонскі ўключыў «рэжым Лукашэнкі» і сказаў, што «500 даляраў трэба не атрымаць, а зарабіць».

Тут і пачалася хваля абурэньня з пытаньнямі, дзе зарабіць.

Неўзабаве па заканчэньні акцыі «дармаедаў» міліцыя затрымала слонімскага грамадзкага актывіста Віктара Марчыка, лідэра акцыі. А перад тым старшыня Таргонскі падчас размовы з слонімцамі сказаў, што заступіцца за кожнага, супраць каго будуць ужытыя рэпрэсіі за ўдзел у акцыі 19 сакавіка ў Слоніме.

Міліцыя рэпрэсію зрабіла, чым паставіла адказнага за раён чыноўніка ў няёмкае становішча. «Гібрыдны дыялёг з народам», — як хтосьці пажартаваў у сеціве. Для мяне відавочна, што не старшыня даваў загад свайму райаддзелу міліцыі. Што на акцыях падобнай палітычнай значнасьці працуюць менскія міліцыя і КДБ.

Магчыма, лёгіка цэнтральнай улады ў тым, што загад раённым уладам — «простых не чапаць», а «палітычнымі» Менск займаецца паводле сваёй праграмы. Толькі вось «простыя», у нашым выпадку слонімцы, разьбірацца ў тонкасьцях узаемаадносінаў унутры ўладных структураў ня будуць. Звонку выглядае, што ўлада сказала — і адразу парушыла слова.

Раённыя старшыні доўгі час былі апірышчам Лукашэнкі ў правінцыі. Гэта «крэпкія хазяйсьцьвеньнікі», якія працавалі па наежджаных яшчэ у БССР схемах. Ім спускалі зьверху бюджэтныя грошы і пляны, «хазяйсьцьвеньнікі» сачылі за тым, каб пляны з «вобласьці» і «рэспублікі» выконваліся.

«Старшыня выканкаму» — гэта асобная прафэсія, асобная філязофія. Гэтыя людзі не палітыкі і не бізнэсу. Гэта хутчэй дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў.

І вось цяпер у новых рэаліях старшыням даводзіцца выконваць не ўласьцівую для сябе функцыю: размаўляць з «падведамным насельніцтвам» не з дапамогай папер, а тэт-а-тэт. І пры гэтым несьці адказнасьць за ўсю ўладу: і за менскую міліцыю, і за Лукашэнку.

Лукашэнка выбудоўваў Беларусь як дзяржпрадпрыемства. «Зьверху», звыкла ад часоў БССР з Масквы, даставаў грошы і разьмяркоўваў іх далей па «цэхах» і «аддзелах». І вось схема забуксавала. Грошы «зьверху» скончыліся. Цэлая армія старшынь-разьмеркавальнікаў грошай сталася недзеяздольнай.

Да першага траўня мала каго працаўладкуюць. Нават калі цяпер дзе-нідзе ёсьць вакансіі за ўмоўныя тры капейкі, на гэтыя месцы людзі не ідуць. Дык чаму ж мусяць пайсьці? Справа не ў фармальным месцы працы, а ў прымальным мінімуме заробку. Улетку на грыбах і ягадах можна зарабіць болей, чым на іншым дзяржаўным прадпрыемстве за год.

Самы горшы варыянт, калі пачнуць заганяць сілком: альбо ідзеш на дэ-факта прымусовыя работы з капеечным заробкам, альбо плаціш «дармаедзкі» штраф, альбо ідзеш на дэ-юрэ прымусовыя работы, але ўжо не з заробкам, а з аплатай утрыманьня. Лічы — аплаты паслуг міліцыі.

У такой сытуацыі «скрыпач не патрэбен» — старшыні пазбаўляюцца намінальнай улады. Краіна пераходзіць пад наўпроставае падпарадкаваньне «органам», у першую чаргу МУС зь ягонымі ўнутранымі войскамі. Гэта крайні варыянт.

Больш верагодна, што сытуацыя будзе ісьці самацёкам. Старшыні райвыканкамаў будуць гаспадарыць з тым, што ёсьць, а менскія органы надалей адсочваць «палітычных».

Лукашэнка ў тэлевізары паказальна насварыцца на некалькіх старшынь за невыкананьне распараджэньня ў татальным працаўладкаваньні. Кагосьці звольніць з працы і панізіць да начальніка базы ці перавядзе ў суседні раён.

Людзі будуць шалець ад безграшоўя і беспэрспэктыўнасьці, асабліва актыўных будуць нэўтралізоўваць.

Сытуацыя з рэпрэсіямі зьменіцца толькі тады, калі ў «органаў» фізычна ня будзе магчымасьці кантраляваць усе пратэсты і ўсіх актыўных. Калі пратэсты ня будуць спыняцца па ўсёй Беларусі, вабячы да сябе ўсё новых людзей.

Калі ў выніку зьменіцца сыстэма і ў краіне зьявіцца самакіраваньне, Алег Таргонскі зможа на мясцовых выбарах балятавацца ў мэры гораду. Магчыма, нават пераможа, калі цяпер заваюе павагу слонімцаў прынцыповай пазыцыяй. У тым ліку ў справе затрыманага Віктара Марчыка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG