Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто перамог у дэбатах Ромні і Абамы па вэрсіі беларусаў


Сьветавіт Сокалаў і Валер Кавалеўскі

Сьветавіт Сокалаў і Валер Кавалеўскі

Абама ці Ромні – пытаньне, якое вырашыць 6 лістапада амэрыканскі народ. Гэтае пытаньне задаюць сабе і беларусы, якія жывуць у ЗША. Яны – частка двух народаў, на выбары ў Амэрыцы глядзяць амэрыканскімі, але і беларускімі вачыма. Як выступілі ў дэбатах --> http://www.youtube.com/watch?v=aYKKsRxhcro&feature=player_embedded кандыдаты на прэзыдэнта, хто трымаўся больш годна і заваяваў сымпатыі гледачоў – пра гэта разважаюць прыхільнік рэспубліканцаў Сьветавіт Сокалаў і сымпатызант дэмакратаў Валер Кавалеўскі.

Сокалаў Сьветавіт Анатоль нарадзіўся ў 1992 годзе ў Нью-Ёрку. Пачатковую адукацыю атрымаў у Празе (Чэхія). Па вяртаньні ў ЗША далучыўся да беларускага маладзёвага руху. Бярэ актыўны ўдзел у бальшыні грамадзка-палітычных і культурніцках імпрэзаў беларускай дыяспары. Пад час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў (2008) працаваў добраахвотнікам у рэгіянальным выбарчым штабе кандыдата ад рэспубліканцаў Джона Макейна. У 2010 годзе скончыў школу ў Іст-Брансьвіку й паступіў ва ўнівэрсытэт Ратгэрс. Вывучае палітычныя навукі й эканоміку. Займаецца спортам (хакей, веславаньне).

Сокалаў Сьветавіт Анатоль нарадзіўся ў 1992 годзе ў Нью-Ёрку. Пачатковую адукацыю атрымаў у Празе (Чэхія). Па вяртаньні ў ЗША далучыўся да беларускага маладзёвага руху. Бярэ актыўны ўдзел у бальшыні грамадзка-палітычных і культурніцках імпрэзаў беларускай дыяспары. Пад час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў (2008) працаваў добраахвотнікам у рэгіянальным выбарчым штабе кандыдата ад рэспубліканцаў Джона Макейна. У 2010 годзе скончыў школу ў Іст-Брансьвіку й паступіў ва ўнівэрсытэт Ратгэрс. Вывучае палітычныя навукі й эканоміку. Займаецца спортам (хакей, веславаньне).

Дэбаты як размова прафэсара са студэнтам


Сьвятавіт Сокалаў


Аўторкавыя дэбаты кандыдатаў на прэзыдэнта ЗША нагадвалі размову прафэсара са студэнтам. Складалася ўражаньне, што пры адказе на кожнае эканамічнае пытаньне Абама патрабаваў або дарадніка, або суфлёра. Спадзеючыся, што эканамічныя пытаньні скончацца, ён пазіраў на вядучага, урэшце ня вытрымаў і папрасіў зьмяніць тэму. Усё, што казаў Ромні, было словамі чалавека дасьведчанага, чалавека-эканаміста, ня толькі тэарэтыка, але й практыка. У той час як Абама больш нагадваў таго, хто ведае эканоміку зь нейчых словаў або падручнікаў. Вось пара характэрных прыкладаў:

Першы:
— Я не разумею, чаму пры цяперашняй сыстэме, — сказаў Абама, — калі амэрыканская фірма часткова перанесла свой бізнэс за мяжу яна атрымлівае падаткавы крэдыт.
— Я займаюся бізнэсам больш за 25 гадоў, — адказаў яму Ромні, — і я ўпершыню пра такое чую.

Другі:
Абама сказаў, што два мільярды даляраў даюцца нафтавым кампаніям як субсідыі: «Але па-мойму нафтавыя кампаніі даволі добра маюцца й так».

На гэта Ромні адказаў: «Ты даў зялёным кампаніям 90 мільярдаў даляраў. Гэта тое, што даецца нафтавым кампаніям за 50 гадоў. Нафтавыя кампаніі працуюць, а вашыя зялёныя разваліліся».

Патлумачу, што пад зялёнымі кампаніямі меліся на ўвазе тыя, якія распрацоўваюць альтэрнатыўныя гатункі энэргіі ў выглядзе, напрыклад, сонечных батарэяў ці ветракоў.

Цікава выглядалі й паводзіны кандыдатаў. Абама больш пазіраў уніз або ўбок, не глядзеў у вочы апанэнта. Упершыню за чатыры гады прэзыдэнцтва нехта прыцягнуў яго да адказнасьці за зробленыя памылкі.

Ромні ж, зьвяртаючыся да Абамы, паварочваўся да яго й глядзеў у вочы.

— Тое што было — тое было. Трэба глядзець у будучыню, — у гэтых словах Абамы я пачуў просьбу забыцца пра неапраўданы крэдыт даверу й просьбу пра новы крэдыт. Такая пастаноўка пытаньня, калі казаць шчыра, мяне раззлавала. Ну і, вядома, не абыйлося без традыцыйнага для Абамы плачу пра тое, што, стаўшы прэзыдэнтам, ён атрымаў краіну зь дзржаўным дэфіцытам і гатовым крызісам. Я лічу, што прэзыдэнт краіны на тое й прэзыдэнт, каб браць на сябе адказнасьць за ўсе праблемы, а не перакладаць яе на плечы папярэднікаў.

Гэта той падыход, які зьбіраецца ўжываць Ромні. Ён мае прапановы на змаганьне з дэфіцытам, ён мае плян, як адолець наступствы рэцэсіі, зыходзячы з таго, што яна скончылася толькі на паперах Абамы. Рэальна ж людзі працягваюць губляць працу, а бізнэсы зачыняцца.

Цікавая зьява… Беларусы, якія апынуліся ў Злучаных Штатах у выніку Другой усясьветнай вайны, збольшага былі рэспубліканцамі. Многія зь іх прыехалі ў краіну беднымі, але яны спадзяваліся на свае сілы, на сваю працавітасьць. Яны спадзяваліся праз свае здольнасьці вырвацца зь беднасьці, увайсьці ў сярэднюю клясу й дасягнуць прыстойнага ўзроўню жыцьця. Я ня ведаю нікога са старой эміграцыі, хто быў бы бедным, хто памёр бы на вуліцы… Цікава таксама, што тыя хто найбольш цьвёрда й пасьлядоўна трымаліся рэспублікнскіх прынцыпаў, жылі найлепш… Дарэчы, нянька маёй маці баба Чэрак, якая прыехала ў ЗША зь Менску пасьля Першай усясьветнай, заўсёды казала, што Беларусы ніколі ня бралі пазыкі ў дзяржавы. Яны заўсёды жылі, выжывалі й выходзілі на прыстойны ўзровень самі.
Можа, таму мяне зьдзівіла, што сярод цяперашніх эмігрантаў ёсьць дэмараты… дэмакраты, якія ў якасьці аргумэнтаў сваёй прыхільнасьці да Абамы кажуць:

«Мне падабаецца дэмакратыя, калі краіна кіруецца воляй ейных грамадзянаў, калі ў краіне кожны роўны перад законам. Мне падабаецца справядлівы рынак, калі кожны мае магчымасьць прабіцца ў іншую сацыяльную групу, дзякуючы сваім талентам і здольнасьцям, не зважаючы на тое, у якім атачэньні нарадзіўся. Мне падабаецца, калі кожны роўны перад дзяржавай і калі грамадзтва дапамагае слабым, будзь то галоднае дзіцё, інвалід ці бедны студэнт. Мне падабаецца капіталізм».

Пачуўшы такое з вуснаў дэмакрата, неабазнаны чытач можа падумаць, што рэспубліканцы заклікаюць да адваротнага…

Так, у ЗША ёсьць вялікая дыстанцыя паміж беднымі й багатымі. Але ЗША — краіна роўных магчымасьцяў. Ніхто не перашкаджае беднаму стаць багатым, апрача яго самога.

Некалі бацька распавёў мне гісторыю, калі падчас развалу Савецкага Саюзу ў краіне як грыбы пачалі расьці бізнэсы, а стасункі паміж Захадам і краінамі былога Саюзу былі больш адкрытыя, чым цяпер. Вось тады, у нейкім немастацкім фільме, або тэлеперадачы прагучала пытаньне некалі савецкага, а цяпер ужо антыкамуністычнага журналіста да сярэдняга заходняга бізнэсмэна:

— У чым розьніца паміж табой і бізнэсоўцамі на постсавецкіх тэрыторыях?
— Усё вельмі проста, — быў адказ — калі ў мяне ёсьць праблема, я стараюся яе вырашыць і вырашаю. Калі ў бізнэсоўцаў з вашых краінаў ёсьць праблема — яны, замест зрабіць што трэба, найчасьцей шукаюць тлумачэньняў, што ім перашкаджае, чаму вырашыць сваю праблему яны ня ў стане». Вось жа пазыцыя гэтага бізнэсоўца — выразна рэспубліканская, а пазыцыя ягоных тагачасных віз-а-ві няйначай як дэмакратычная…

Галасуем за Ромні.


Вось відэазапіс 1 туру дэбатаў. Ацаніце самі!


Валер Кавалеўскі нарадзіўся ў вёсцы Беражное Столінскага раёна Брэсцкай вобласьці. У 1998 годзе скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Працаваў у міністэрстве замежных спраў, у тым ліку, у амбасадзе Беларусі ў ЗША. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года сышоў з дыпляматычнай службы. Зараз атрымлівае ступень магістра міжнародных адносінаў у Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне.

Валер Кавалеўскі нарадзіўся ў вёсцы Беражное Столінскага раёна Брэсцкай вобласьці. У 1998 годзе скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Працаваў у міністэрстве замежных спраў, у тым ліку, у амбасадзе Беларусі ў ЗША. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года сышоў з дыпляматычнай службы. Зараз атрымлівае ступень магістра міжнародных адносінаў у Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне.

Ромні даў мала канкрэтных прапановаў


Валер Кавалеўскі


Традыцыйныя дэбаты кандыдатаў на прэзыдэнта ў Злучаных Штатах выклікаюць значную цікавасьць грамадзкасьці. Многія амэрыканцы нават зьбіраюцца, каб разам паслухаць кандыдатаў.

Некаторыя колы, асабліва студэнцкія, маюць традыцыю зьбірацца і выпіваць за свайго кандыдата кожны раз, калі той вымавіць нейкае чаканае слова. Напрыклад, калі Ромні скажа «беспрацоўе» ці Абама ўзгадае палітычную мэгазорку Клінтана. Па сьвечаньнях знаёмых удзельнікаў такіх сходаў, гэтае выпрабаваньне не для слабакоў.

Насамрэч, выбарцы разумеюць, што наўрадці ім пашчасьціць пачуць падчас дэбатаў нешта новае, сэнсацыйнае, што зьменіць іх стаўленьне да кандыдатаў. Аднак дэбаты — гэта першая магчымасьць параўнаць прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы ўжывую. Палітыкі нават такога рангу — перш за ўсё людзі, якія ў такіх экстрэмальных абставінах могуць праявіць сябе вельмі па-рознаму. Выбарцаў прыцягвае напружаньне, выразная «мова целаў» знакамітасьцяў, надзвычайна высокі ўзровень ставак дэбатаў.

Здаўна сымпатызую амэрыканскім дэмакратам, і Барак Абама — не выключэньне. Але ж удзел дзейнага прэзыдэнта ў першых дэбатах выклікаў расчараваньне. Гаворка прэзыдэнта ЗША была змушаная, зь недарэчнымі паўзамі, часам ён таптаўся на месцы ў сваіх думках, падчас прамоваў Ромні часта і доўга трымаў вочы долу. Здавалася, Абаму проста не ставала засяроджанасьці на гутарцы. Міт Ромні ж быў напорысты, не выпускаў Абаму з поля зроку.

Мяркую, што такая пасьпяховая агрэсія рэспубліканца — вынік даволі слабай і невыразнай перадвыбарчай кампаніі Ромні. Іншымі словамі, у такіх безнадзейных варунках Ромні не было іншага варыянту як ісьці напралом, браць не якасьцю аргумэнтацыі, але ўпэўненасьцю.

Дарэчы, палітолягі і раней заяўлялі, што ўдзел у дэбатах — ня самы моцны бок Абамы. Гэта істотны недахоп, калі ўлічыць, што гледачы ў першую чаргу ўспрымаюць кандыдатаў менавіта невэрбальна, ацэньваюць іх упэўненасьць і выразнасьць.

Аднак дэбаты — адзін з многіх кампанэнтаў перадвыбарчай кампаніі і ня маюць вызначальнага ўплыву на вынікі выбараў. І ўсё ж, каб захаваць заўважную перавагу, дзейнаму прэзыдэнту неабходна засяродзіцца, узнавіць у сабе самім цікавасьць да пытаньняў, якія хвалююць краіну.

Пасьля дэбатаў экспэрты адзначалі, што насамрэч Ромні даў вельмі мала сапраўдных канкрэтных прапановаў. Абама неаднаразова заклікаў яго канкрэтызаваць свае пляны па бюджэтным дэфіцыце, падаткаабкладаньні і Ромні ці ўхіляўся ад дакладных адказаў ці выдаваў напаўпраўду, якая насамрэч раўняецца няпраўдзе.

Адзін з прыкладаў відавочных недакладнасьцяў ад Ромні — яго крытыка дзяржаўных субсыдыяў кампаніям у галіне экалягічна чыстых відаў энэргіі. Па яго словах «палова гэтых кампаніяў абанкруцілася». Аднак насамрэч з 26 такіх кампаній 23 апынуліся досыць пасьпяховымі і зараз актыўна ствараюць працоўныя месцы у гэтай высокатэхналягічнай галіне. Астатнія падобныя прыклады наўмысных недакладнасьцяў ад Ромні тычыліся бюджэтнага дэфіцыту, мэдычнага абслугоўваньня, падаткаў, вываду працоўных месцаў у іншыя краіны.

Калі падсумаваць, то для мяне відавочна, што на гэтым мерапрыемстве Ромні атрымалася быць не самім сабой, у той час як Абаму не атрымалася быць самім сабой.
Некаторы ўздым, які адчулі прыхільнікі Ромні пасьля першых дэбатаў, быў адразу ж зьнівеляваны справаздачай аб 114 тысячах наваствораных працоўных месцах у верасьні.

Увогуле ж для беларускага вока было асабліва заўважна, што кандыдаты паказалі высокі ўзровень узаемнай павагі, як адлюстраваньне палітычнай культуры, дзе пазьбягаюць наўпроставых супрацьстаяньняў. Натуральна, кандыдаты нястомна прыцягвалі ўвагу да слабых бакоў у перадвыбарных плятформах апанэнта, перакручвалі факты, кпілі адзін з аднаго.

Аднак напачатку Абама і Ромні паважліва павіталіся, а пасьля сканчэньня падзякавалі адзін аднаму за «выдатныя дэбаты» і некаторы час нязмушана пагутарылі двума сямейнымі коламі — на дэбатах прысутнічалі жонкі кандыдатаў, а таксама дзеці і ўнукі Міта Ромні. Дарэчы, прыемна ўражвае прысутнасьць на дэбатах сем’яў кандыдатаў, як дэманстрацыя фундамэнтальных каштоўнасьцяў Злучаных Штатаў. Нельга сказаць, што ў Беларусі каштоўнасьці іншыя, аднак дэманструецца дыяметральна супрацьлеглае.

Безумоўна, такая разьняволеная міжасабовая атмасфэра — няхай і вонкава — кантрастуе з нашай краінай. Такое немагчыма назіраць падчас кантактаў паміж беларускай уладай і апазыцыяй. Нават горш, некаторыя прадстаўнікі апазыцыйнага лягеру, якія ўжо шмат гадоў разам «у адных акопах», могуць публічна паставіцца варожа адзін да аднаго ці нават абразіць.

Дэбаты кандыдатаў на прэзыдэнта з удзелам дзейнага кіраўніка краіны ў Беларусі — справа нечуваная. Між тым, такое выпрабаваньне для палітыкаў — перш за ўсё, павага да выбарцаў, якія маюць права ацаніць жывыя, сапраўдныя рэакцыі кандыдата, а не толькі яго партрэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG