Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто, як і калі будзе плаціць падатак з пазыкаў — Міністэрства па падатках і зборах адказала на ўсе пытаньні


Начальнік аддзелу інфармацыйна-тлумачальнай працы Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут адказаў на пытаньні Радыё Свабода наконт зьменаў у падатковым заканадаўстве.

1. Ці патрабуецца выплата падаходнага падатку з сумаў атрыманых пазыкаў? Якім дакумэнтам гэта прадугледжана?

З 1 студзеня 2015 г. уступілі ў сілу зьмены ў артыкул 178 Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей — Падатковы кодэкс), якія прадугледжваюць у пэўных выпадках падаткаабкладаньне падаходным падаткам пазыкаў, крэдытаў, атрыманых грамадзянамі ад іншых фізычных асобаў, якія не зьяўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, замежных арганізацыяў, якія не ажыцьцяўляюць дзейнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва, замежных індывідуальных прадпрымальнікаў у выпадках, калі такія пазыкі, крэдыты:

— падлягаюць указаньню ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, прадстаўленай фізычнай асобай на патрабаваньне падатковага органа;

— пазначаныя ў тлумачэньнях аб крыніцах даходаў, прадстаўленых на патрабаваньне падатковага органа ў рамках праверкі выпатрабаваных дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці.

2. Якіх асобаў закранаюць такія патрабаваньні Падатковага кодэксу?

Падаходны падатак выплачваецца, калі такія пазыкі, крэдыты падлягаюць указаньню альбо ўказаныя фiзычнай асобай у дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, прадстаўленай на пісьмовае патрабаваньне падатковага органа, альбо ў тлумачэньнях аб крыніцах даходаў, што прадстаўляюцца таксама на пісьмовае патрабаваньне падатковага органа ў рамках праверкі выпатрабаванай дэклярацыі.

У адпаведнасьці з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 г. № 174-З «Аб дэкляраваньні фізычнымі асобамі даходаў і маёмасьці» (далей — Закон), дэкляраваньне даходаў і маёмасьці ажыцьцяўляецца шляхам прадстаўленьня фізычнымі асобамі дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці на пісьмовае патрабаваньне падатковых органаў.

Для мэтаў дэкляраваньня да фізычных асобаў, згодна з артыкулам 1 Закона, адносяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія атрымалі ў парадку, устаноўленым актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, дазвол на пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь.

Важна: дэклярацыя аб даходах і маёмасьці прадстаўляецца толькі тымі фізычнымі асобамі, якім накіравана пісьмовае патрабаваньне падатковага органа аб яе прадстаўленьні.

3. Ці азначае гэта, што падатак неабходна выплачваць зь любой атрыманай пазыкі?

Падаткаабкладаньне тычыцца толькі тых грамадзян, якія на патрабаваньне падатковых органаў павінны прадставіць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці. Напрыклад, грамадзянін зьдзяйсьняў дарагія пакупкі (нерухомасьць, аўтамабіль і гэтак далей), але пры гэтым атрымліваў невялікую заработную плату або зусім ня меў даходаў. Калі ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці ён пакажа, што рабіў гэтыя пакупкі за кошт пазыкі ў іншай фізычнай асобы, то з гэтай сумы яму трэба будзе сплаціць падаходны падатак.

4. У каго падатковыя органы выпатрабуюць дэклярацыі аб даходах і маёмасьці?

Падатковымі органамі на пастаяннай аснове ажыцьцяўляецца кантроль за дэкляраваньнем грамадзянамі даходаў і маёмасьці, у тым ліку за адпаведнасьцю іх расходаў і даходаў.

Кантрольныя мерапрыемствы праводзяцца падатковымі органамі ў першую чаргу ў дачыненьні да грамадзян, якія жывуць «не па сродках»: не атрымліваюць даходаў з афіцыйных крыніц альбо атрымліваюць іх у нязначных памерах, але пры гэтым набываюць дарагую нерухомую маёмасьць, транспартныя сродкі, а таксама зьдзяйсьняюць іншыя фінансавыя апэрацыі.

5. Кім і ў якім выглядзе будзе ажыцьцяўляцца кантроль?

У адпаведнасьці з артыкулам 15 Закона падатковыя органы на падставе выпатрабаваных дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці ажыцьцяўляюць кантроль за выкананьнем фізычнымі асобамі парадку дэкляраваньня, а таксама кантроль за адпаведнасьцю расходаў фiзычнай асобы атрыманым ёю даходам.

У гэтых мэтах падатковым органам на падставе выпатрабаванай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці выконваецца супастаўленьне даходаў і расходаў з улікам зьвестак аб усіх атрыманых фiзычнай асобай даходах і зьдзейсьненых ёю расходах на працягу пэрыяду, які правяраецца.

Пры ўстанаўленьні перавышэньня расходаў над даходамі фізычная асоба, у якой выпатрабаваная дэклярацыя аб даходах і маёмасьці, абавязаная на пісьмовае патрабаваньне падатковага органа на працягу трыццаці каляндарных дзён з дня яго атрыманьня прадставіць тлумачэньні аб крыніцах даходаў, за кошт якіх панесены такія расходы.

6. Якім чынам выплачваецца падатак і па якой стаўцы?

Падаходны падатак падлягае выплаце на падставе паведамленьня падатковага органа ў трыццацiдзённы тэрмін з дня яго ўручэньня. Стаўка падатку складае 13 працэнтаў.

7. Пазыковыя сродкі па сваёй сутнасьці не зьяўляюцца даходам (прыбыткам), колькі атрымана, столькі і неабходна вярнуць. Чаму абкладаецца падаткам тое, што не зьяўляецца прыбыткам?

Грошы, атрыманыя на зваротнай аснове, падлягаюць вяртаньню.

У сувязі з чым Падатковым кодэксам таксама прадугледжана, што пры поўным пагашэньні (вяртаньні) пазык, крэдытаў сплачаны падаходны падатак падлягае заліку ці вяртаньню асобе, якая сплаціла падатак. Залік (вяртаньне) падаходнага падатку робіцца падатковым органам па месцы пастаноўкі на ўлік фiзычнай асобы на падставе яе заявы і дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць поўнае пагашэньне (вяртаньне) пазык, крэдытаў, на працягу аднаго месяца з дня падачы заявы аб заліку, вяртаньні.

Разам з тым пры пагашэньні (вяртаньні) пазык, крэдытаў за кошт грашовых сродкаў, атрыманых на зваротнай ці ўмоўна зваротнай аснове ад асобаў, пераразьлік падаходнага падатку не адбываецца і падатак вяртаньню (заліку) не падлягае.

8. Ці абкладаецца падаткам пазыка, указаная ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, прадстаўленай на патрабаваньне падатковага органа, калі яна атрыманая ад блізкага сваяка?

Падаходны падатак не вылічаецца з даходаў у выглядзе пазыкаў, крэдытаў, калі такія пазыкі, крэдыты:

— атрыманыя ад асобаў, якія знаходзяцца ў адносінах блізкага сваяцтва: муж і жонка, бацькі (усынавіцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, прадзед, прабабка, праўнукі;

— атрыманыя ад асобаў, якія знаходзяцца ў адносінах сваяцтва: блізкія сваякі іншага сужонца, у тым ліку памерлага.

9. А калі ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці адлюстраваны крэдыт банка?

Падаходны падатак ва ўказаным парадку не вылічаецца з сумаў пазыкаў, атрыманых ад беларускіх арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама крэдытаў, атрыманых у беларускіх банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых установах.

10. Такім чынам падатковыя органы ўдзельнічаюць у барацьбе зь непрацоўнымі даходамі, калі чалавек ня мае афіцыйных даходаў, а купляе дарагую маёмасьць нібыта на пазычаныя грошы?

Новаўвядзеньні ў падатковым заканадаўстве накіраваныя ў першую чаргу на спыненьне фактаў атрыманьня «ценявых» даходаў, заработнай платы «ў канвэртах» і іншых парушэньняў падатковага заканадаўства, калі асобы, якія ня маюць легальных даходаў і ня сплачваюць падаткаў, набываюць маёмасьць, у тым ліку дарагую, маскіруючы «ценевыя» даходы фіктыўнымі дамовамі пазыкі.

11. Ці ёсьць аналягічныя нормы ў іншых краінах, ці ўлічваўся сусьветны вопыт пры ўнясеньні зьменаў у Падатковы кодэкс?

Падатковыя службы большасьці краін Заходняй Эўропы ажыцьцяўляюць штогадовы кантроль за адпаведнасьцю прыросту маёмасьці і капіталу сваіх грамадзян даходам, якія тыя атрымліваюць, з ужываньнем уласных формаў і мэтадаў кантролю і падаткаабкладаньня.

Напрыклад, калі грамадзянін ня можа патлумачыць крыніц паходжаньня даходаў, якія дазвалялі палепшыць маёмаснае становішча, падатковыя органы такіх краін даналічваюць падаходны падатак.

XS
SM
MD
LG