Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як звычайная пчала стала Богавай істотай?


Хтосьці зь людзей пчол любіць: яны даюць мёд, прыгожа выглядаюць, супакойваюць сваім гудзеньнем. Хтосьці пчол баіцца, хоць і паважае за працавітасьць. У кожным выпадку пчалу людзі не ўспрымаюць толькі як асобную істоту. У традыцыйным успрыманьні, сьцьвярджаюць этнакультуролягі, пчала — гэта нібыта ўвесь сьвет. Яна — жывая Богава істота, якая ня мае ніякіх больш аналягаў сярод жывога сьвету. Яшчэ сто гадоў таму пчала была паўсюль, яе шанавалі і як сакральную, і як карысную істоту. Адкуль пчала прыляцела ў беларускі край і як стала тутэйшай? Чаму яе беларусы лічаць Богавай істотай?

Гутарка з сучасным бортнікам Іванам Восіпавым.

Іван Восіпаў і Вячаслаў Ракіцкі
Іван Восіпаў і Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі: Іван, дык адкуль пчолы ўзяліся ў беларускіх лясах? Што пра гэта казалі раней? Перадусім, якую думку на гэты конт маюць бортнікі — традыцыйныя пчаляры?

Іван Восіпаў: Вядома, сёньня навукоўцы і прафэсійныя пчаляры могуць дакладна сказаць, адкуль і як пчолы трапілі ў нашыя лясы, аднак традыцыйныя пчаляры ведалі дакладней! Хочаце верце, хочаце не, аднак пчолы — не тутэйшыя. На Палесьсі раней хадзілі такія паданьні, што нібыта пчолы зьявіліся з галавы льва, а чмялі — з ноздраў мядзьведзя. Таму мядзьведзь разьюшана дзярэ пчол, калі трапляе на іх дупло, бо адчувае канкурэнцыю льва. Але і гэта ня ўсё, бо традыцыйны беларус нават ведаў, адкуль дакладна пчолы ўзяліся, і заўсёды расказваў, што пчолы на скалах раяцца і да нас прылятаюць, ды ў борці і калоды сядаюць.

Фрагмэнт мапы, вядомай пад назвай Carta marina. Загаловак у перакладзе з лаціны: Марская мапа і апісаньне паўночных зямель і дзівосных рэчаў, якія ў іх зьмяшчаюцца, як найстараньней вырабленая ў Вэнэцыі ў 1539 годзе дзякуючы шчодрасьці найясьнейшага пана Гераніма Квірына, патрыярха Вэнэцыі
Фрагмэнт мапы, вядомай пад назвай Carta marina. Загаловак у перакладзе з лаціны: Марская мапа і апісаньне паўночных зямель і дзівосных рэчаў, якія ў іх зьмяшчаюцца, як найстараньней вырабленая ў Вэнэцыі ў 1539 годзе дзякуючы шчодрасьці найясьнейшага пана Гераніма Квірына, патрыярха Вэнэцыі

Ракіцкі: Калі ж пчала — іншаземка, дык чаму ж беларусы так яе шануюць? Чаму часам можна сустрэць у крыніцах згадкі, што «пчала — гэта Богава істота»?

Восіпаў: А тут ізноў мы трапляем у сьвет традыцыйнага сьветаўспрыманьня кожнага элемэнта сусьвету. Так, пчалу заўсёды бачылі ў палёце: ці то ад борці (дупла), ці па лясах, ці па лугах. Да таго ж сяліліся пчолы высока на дрэвах — а гэтая прастора традыцыйна лічылася сакральнай, Богавай (то бок бліжэйшай да неба). Таму сярод старых бортнікаў можна было пачуць вось такія касмаганічныя аповеды пра пчол:

«Стварыў чорт пчол, а Бог у яго папрасіў тры (ці то адну), якая ад яго подыху стала маткай. Усе пчолы ад чорта і пераляцелі да Бога».

Пчала ў тутэйшым успрыманьні бліжэй за ўсё была да Бога, бо зь ім непасрэдна гаварыла і нават спрачалася. Так, кажуць: прасіла аднойчы пчала ў Бога, каб ад яе ўкусу паміраў чалавек. Бог падумаў трошкі і кажа, што так шмат людзей загіне, і сказаў, што лепш ты, пчала, памрэш, як чалавека джгнеш. Акрамя таго, калі пчолы пералічвалі ўсе кветкі перад Богам, дык наўмысна не назвалі жыта, вось таму і сёньня пчолы не апыляюць жыта.

Калоднае бортніцтва ў Слуцкім павеце. Пачатак ХХ стагодзьдзя
Калоднае бортніцтва ў Слуцкім павеце. Пачатак ХХ стагодзьдзя

Ракіцкі: Дарэчы, а чаму пчаляры, бортнікі ніколі ня кажуць, што пчала здохла, а кажуць «памерла»?

Восіпаў: Вы абсалютна маеце рацыю. Гэта тлумачыцца тым, што бортнікі ўяўлялі душы продкаў у вобразе пчалы. Таксама яны ніколі ня кажуць, што пчала джаліць, а кажуць, што яна цалуе. Вось вам і адносіны да такой маленькай істоты. А забойства пчол лічылася такім жа грахом, як забойства чалавека. Ці ня самае горшае пакараньне было ў старасьвецкіх статутах ВКЛ за зьнішчэньне пчол — можна было на шыбеніцу трапіць.

Ракіцкі: Кажучы «пчала», мы адразу ж уяўляем сабе працавітых інсэктаў на кветках і дрэвах. Але ж, напэўна, ня ўсе пчолы аднолькава працуюць. Напэўна ж, як і людзі, адны працуюць, а іншыя — ці імітуюць працу, ці нават адпачываюць. Увогуле — ці існуе нейкая герархія, падзел абавязкаў у пчаліным вульлі ці раі?

Восіпаў: Ізноў у гэта цяжка паверыць, аднак тутэйшыя нашы бортнікі ведалі розных пчол. Пачнём з самага простага: акрамя пчол, былі яшчэ і сьвепет (сьлепет) — гэтае дзікія пчолы, якія жывуць у дуплах пасярод пушчаў. Як толькі яны пасяляліся (пасьля раеньня, напрыклад) у борці, або калодзе, — то станавіліся пчоламі. Як вам такое? А калі казаць пра ўвесь рой цалкам, то, канечне, былі працоўныя пчолы (тыя, што прыносяць нэктар і пылок), трутні (тыя, што цягнуць вашчыну і носяць ваду ў вулей), скальля, называлі іх таксама іск, паходкі, пошук (галоўныя пчаліныя разьведчыкі, што шукаюць новы кут перад раеньнем). Часам ужо лінгвісты кажуць, што назва іх паходзіць нібыта ад слова «скала», і гэта суадносіцца з аповедамі, што пчолы раяцца ў скалах. Былі стражы (а гэта якраз тыя пчолы, якія джаляць), таксама вароўкі (пчолы, якія кралі мёд з другіх вульляў), але самае галоўнае, самае пачэснае месца займала пчаліная матка (часам яе называлі каралева).

Ракіцкі: Пчолы заўсёды былі побач з чалавекам? Якімі вартасьцямі яны валодаюць, акрамя таго, што прадукуюць мёд? Як людзі ў мінулым цанілі і шанавалі пчол?

Восіпаў: Раней пчолы не ўспрымаліся як проста істота, гэта быў таксама зборны, абагульняючы вобраз. І больш за тое, гэта быў сапраўдны капітал старых часоў. Нават мне сёньня вельмі цяжка ўявіць некаторыя ролі пчалы, дый у сучасным грамадзтве наўрад ці яны ўспрымуцца.

Раней людзі ня толькі грашыма, але і пчоламі разьлічваліся, ці то на вясельле дарылі пчол маладым, ці заносілі вульлі ў хату пры ад’езьдзе маладой, або дарылі як капітал на хрэсьбіны малому дзіцяці. Ды што казаць, у часы ВКЛ пчолы былі ня проста багацьцем, а сапраўдным сродкам абароту (за пчол можна было набыць і каня, і вала, і нават пабудову).

Пчолы заўсёды былі побач у снах, таму народныя соньнікі маюць вялікае мноства тлумачэньняў: калі пчолы сьняцца, дык будзе пажар, або будзе дождж, сьнег, град. Калі прысьнілася кабеце, што яе «пацалавала» пчала — значыць, зацяжарыць тая кабета.

На начным небе пчол бачылі ў выглядзе мноства зорак. Так, на Каляды варажылі: калі на небе шмат зорак, дык і шмат пчол будзе летам.

Асноўнай і найбольш вядомай вартасьцю пчалы была працавітасьць, руплівасьць. Нездарма сёньня, калі кажуць «працавіты», дык дадаюць: «як пчала».

Раней пчолы былі адзінай крыніцай воску, зь якога сукалі сьвечкі ў храмы, таму пчала асацыявалася са сьвятасьцю.

Не адну байку можна было пачуць пра тое, як маленькая істота з адвагаю праганяла мядзьведзя або чалавека ад свайго вульля.

Чалавек з пчалой так зрасталіся разам, што пчолы да апошняга былі адданыя свайму гаспадару, асабліва калі той ня зьдзекаваўся зь іх і ня крыўдзіў. Пчолы да добрых людзей ставіліся па-добраму, а праца іх была ўпарадкаваная, бо яны надта дысцыплінаваныя. Ну, як сапраўдныя беларусы!

Пра адданасьць гаспадару прывяду невялікі аповед адной бабулі з Палесься: калі хавалі яе дзеда, які быў бортнікам, дык калі яго везьлі на могілкі, тады і пчолы за ім ляцелі, а потым селі на труну, так іх разам і засыпалі.

Ракіцкі: Мы ведаем, як паводзіць сябе, калі бачым нейкую небясьпеку, напрыклад, зьвера, або калі моцная навальніца ідзе — гэтаму мы навучыліся. А як нам паводзіць сябе, калі мы пчалу сустрэлі? Хавацца куды, ці бегчы? У мяне такое ўражаньне, што ад пчалы асабліва нікуды і не схаваесься...

Восіпаў: Калі пчала ўжо вас пабачыла, а вы, як мядзьведзь, па мёд лезеце — дык літасьці не прасіце, атрымаеце сваё! Як сябе паводзіць, не скажу, а вось як традыцыйнае грамадзтва бачыла паводзіны пчалы, дык калі ласка.

Пчала, як і сабака, адчувае, калі чалавек яе баіцца, і тады ўжо ўсім сваім войскам нападае на яго, каб, вядома, абараніць рой або вулей. Пчолы таксама ня вельмі любяць людзей нападпітку, таму джаляць іх і гоняць як мага далей.

Таму лепш не ўжываць моцных напояў і не падыходзіць да вульлёў блізка. Ну, а самае галоўнае — ня бегаць, не крычаць і не махаць рукамі, бо ад гэтага людзі падобныя да мядзьведзяў.

Яшчэ пчолы ня любяць злых людзей. Гэта яшчэ раз паказвае, што трэба быць добрымі.

Ракіцкі: Як пчолы з чалавекам зьвязаныя? Што пра гэта можна было пачуць раней? Ці сапраўды раней разумелі, што без пчалы ня будзе сьвету?

Восіпаў: Вельмі правільнае пытаньне, бо мы сёньня ведаем вялікую праблему памору пчол у сьвеце, і добра ведаем, што галоўная роля пчалы — гэта апыленьне. Ужо сёньня расьлінаводзтва немагчымае бяз пчол, улічваючы паступовы прырост попыту на расьлінную прадукцыю.

Раней людзі добра ўсьведамлялі, што без пчалы сьвету ня будзе, і можна было пачуць вось такія аповеды: стварыў Бог пчол і сказаў, што пакуль будуць існаваць пчолы — будзе стаяць сьвет. З этнаграфічных крыніцаў Віцебшчыны вядома такое паданьне, што нібыта пчолы ператварыліся з «рагатых людзей» — гэта ўжо зусім фантастыка.

Чалавек, які займаўся пчоламі, абавязкова ў грамадзтве ўспрымаўся як знахар або чараўнік, таму да яго прыходзілі параіцца і яго заўсёды баяліся.

Пчолы нават маглі паяднаць добрых людзей і цэлыя роды — такія пчолы былі супольнымі (або сябэрнымі) і лічыліся дадзенымі ад самога Бога. Такое здаралася, калі пчолы аднаго бортніка раіліся і прыляталі да другога, або калі на вясельле дзялілі пчол паміж сабой (ядналі роды).

Ракіцкі: Ці не зьнікаюць сёньня пчолы, як многія віды флёры і фаўны? Як зьберагчы іх у сучасным сьвеце, засыпаным хімікатамі, калі зьмяняецца клімат, калі розныя небясьпекі чакаюць іх? Якая пэрспэктыва ў гэтых працалюбных Богавых істотаў?

Восіпаў: Сусьвет пчол занадта вялікі, каб яго спазнаць за кароткі час. Цяпер галоўнае, каб у нас хапіла часу на захаваньне гэтай істоты ў звычайным асяродзьдзі, у традыцыйнай для яе прасторы.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG