Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Поўная лухта» — рэакцыя ў Хойніках на публікацыю Аssociated Press пра радыеактыўнае малако


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Свабода ўзяла камэнтар у прадстаўніка ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках наконт публікацыі агенцтва АР аб перавышэньні радыяцыйных нормаў у малацэ, якое паступае ім на перапрацоўку.

Начальнік Палескага вытворчага ўчастку ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках Альберт Дравіла назваў «поўнай лухтой» паведамленьне агенцтва Аssociated Press пра дзесяцікротнае перавышэньне дапушчальнага ўзроўню радыеактыўнага стронцыю-90 у малацэ, якое фэрмэр Мікалай Чубянок вырабляе на ўскрайку чарнобыльскай зоны адчужэньня і прадае ўчастку для вытворчасьці сыру «Пармэзан».

«Я б яшчэ выказаўся мацней, калі б сакратаркі побач не было», — дадаў Альберт Дравіла падчас тэлефоннай размовы.

«А наагул фэрмэр Чубянок малако на ваш участак пастаўляе?»

«Канечне. Ёсьць такі фэрмэр, пастаўляе».

«Добра, а фэрма яго дзе знаходзіцца? Пішуць, у Губарэвічах?»

«Вось гэтага я ня ведаю, не магу сказаць, дзе ён разьмешчаны».

Кіраўнік участку кажа, што ў іх на вытворчасьці існуе радыелягічны кантроль, і малако зь перавышэньнем утрыманьня стронцыю ў дзесяць разоў прайсьці яго ня можа.

Сыравінная зона ўчастку АТТ «Мілкавіта» — калгасы і саўгасы, якія мяжуюць з Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведнікам. Ён утвораны на землях, куды выпала найбольш радыеізатопаў, у тым ліку й доўгажывучых. Карэспандэнт Свабоды спытаў у кіраўніка, якія самыя высокія ўзроўні стронцыю фіксуе вытворчая лябараторыя.

«Сказаць не магу. Падавайце пісьмовы запыт, адкажам. Перавышэньняў дапушчальных узроўняў утрыманьня радыенуклідаў ні па стронцыі, ні па цэзіі ў нас не бывае. Мы кіруемся нашымі беларускімі нарматывамі і нарматывамі, закладзенымі ў Тэхрэглямэнце Мытнага саюзу. Нарматывы Мытнага саюзу больш лагодныя, але мы прытрымліваемся сваіх, беларускіх. Але ўся інфармацыя — на запыт, а то сказаў нешта фэрмэр, а панапісвалі чорт ведае чаго.

Ужо тая лябараторыя, у якую карэспандэнты здавалі малако, дасылае нам абвяржэньні».

Карэспандэнты Аssociated Press узялі з сабою з фэрмы Мікалая Чубянка бутэльку малака й перадалі яго на дасьледаваньне ў Менскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Падчас праверкі выявілася, што актыўнасьць стронцыю-90 у малацэ складае 37,5 Бк/кг, хоць паводле дзяржаўных санітарных нормаў яна ў малочных прадуктах не павінна перавышаць 3,7 бэкерэля на кіляграм.

Кіраўніцтва АТТ «Мілкавіта», як паведамляюць журналісты Аssociated Press, палічыла вынікі дасьледаваньня «немагчымымі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG