Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З 23 чэрвеня ў шасьці краінах «Усходняга партнэрства» — Азэрбайджане, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне — пачне дзейнічаць адзіная Візавая інфармацыйная сыстэма. Ад гэтай даты пры першай падачы хадайніцтва на атрыманьне візы ўсе заяўнікі, якія дасягнулі ўзросту 12 гадоў, павінны будуць зьявіцца асабіста, каб здаць біямэтрычныя дадзеныя — адбіткі пальцаў і фатаграфію.

ВІС была створана ў 2011 годзе дзеля абмену дадзенымі пра выдадзеныя шэнгенскія візы паміж краінамі, якія ўваходзяць у шэнгенскую зону. Сыстэма ўжо дзейнічае ў 16 рэгіёнах з кастрычніка 2011 году — у краінах Афрыкі, Блізкага Ўсходу, у Цэнтральнай Азіі, Паўднёвай Амэрыцы. Да канца лістапада 2015 году ВІС будзе пасьлядоўна ўведзеная ва ўсіх консульскіх установах дзяржаваў Шэнгенскага пагадненьня па ўсім сьвеце. Асноўныя мэты сыстэмы — забесьпячэньне кантролю на межах і павышэньне бясьпекі заяўнікаў.

Кіраўнік аддзелу палітыкі і прэсы прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь Рудольф Рышар тлумачыць: тое, што ВІС укараняецца ў Беларусі, не азначае нейкага адмысловага стаўленьня для нашай краіны:

Рудольф Рышар

Рудольф Рышар

«Заяўнікі на атрыманьне візы павінны наведваць консульскія ўстановы для здачы адбіткаў пальцаў кожныя 59 месяцаў. Працэдура здачы біямэтрычных дадзеных праходзіць хутка, проста, неабцяжарна. Цягам такога тэрміну — 59 месяцаў — адбіткі пальцаў будуць капіявацца зь першай заявы. Таму тыя, хто падарожнічае часта, будуць праходзіць такую працэдуру раз на амаль што 5 гадоў».

Лічбавы фатаздымак і 10 адсканаваных адбіткаў пальцаў чалавека, які падае заяву на шэнгенскую візу, будуць уведзеныя ў адзіную базу дадзеных ВІС.

Біямэтрычныя дадзеныя будуць захоўвацца ў агульнай базе ВІС на працягу 59 месяцаў і могуць паўторна выкарыстоўвацца пры падачы новых заявак на візу. Прычым адбіткі пальцаў заяўніка будуць даступныя пры падачы ў любым з пасольстваў або консульстваў краін Шэнгену. Ня мае значэньня, у якой амбасадзе шэнгенскага пагадненьня чалавек здаў біямэтрычныя дадзеныя, яны захоўваюцца ў агульнай базе дадзеных.

Візы, выдадзеныя да 23 чэрвеня, застаюцца дзейнымі.

Ад абавязку прадстаўляць адбіткі пальцаў вызваленыя асобы, якія фізычна ня ў стане гэта зрабіць — напрыклад, ня маюць пальцаў. Калі маюць, але менш за 10, то здымаюцца адбіткі тых пальцаў, якія ёсьць.

Таксама вызваленыя ад прадстаўленьня адбіткаў пальцаў манархі, чальцы каралеўскай сям’і, а таксама кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, чальцы афіцыйных дэлегацыяў і іх сужонкі ў службовых паездках. А вось уладальнікі дыпляматычных пашпартоў не вызваляюцца ад абавязку прадстаўляць у гэты сваім статусе адбіткі пальцаў.

Дарэчы, амбасада Францыі ў Беларусі мае ўжо багаты досьвед выдачы біямэтрычных візаў. І гэта зусім не ўскладніла працу консульскай службы і не падоўжыла тэрміны прыманьня заяваў на атрыманьне візаў і іх разгляду, запэўніў консул Францыі ў Беларусі Крыстоф Брамуле:

Крыстоф Брамуле

Крыстоф Брамуле

«Калі ў 2004 годзе Эўрапейская камісія прыняла рашэньне аб пераходзе на біямэтрычныя візы, амбасада Францыі была, так бы мовіць, піянэрам. І з 2005 году мы выдаём біямэтрычныя візы. То бок у нас ужо 10 гадоў досьведу, які сьведчыць, што з чатырох хвілін, якія даюцца на разгляд заявы, адна хвіліна ідзе на адбіткі пальцаў і сканаваньне фатаграфіі».

Цэнтральная база дадзеных цалкам абароненая, гарантуе кіраўнік аддзелу палітыкі і прэсы прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь Рудольф Рышар:

«Нават Інтэрпол ня будзе мець доступу да яе. У будучыні, магчыма, Эўрапол (не Інтэрпол, а менавіта гэтая эўрапейская арганізацыя) будзе мець доступ да інфармацыі, але для выяўленьня і расьсьледаваньня тэрарыстычных актаў ды іншых цяжкіх крымінальных злачынстваў. Не для расьсьледаваньня крадзяжу яблыка, а для расьсьледаваньня сур’ёзных злачынстваў».

Консул амбасады Літвы ў Беларусі Угнюс Лабуціс запэўніў, што адбіткі пальцаў, узятыя ў заяўніка на атрыманьне шэнгенскай візы, ня могуць быць выкарыстаныя для выяўленьня іх крымінальнага мінулага ў Беларусі, бо эўрапейцы ня маюць доступу да базы дактыляскапічных дадзеных МУС Беларусі.

Не абышлося без пытаньня пра спрашчэньне візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Кіраўнік аддзелу палітыкі і прэсы прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь Рудольф Рышар на яго адказаў так:

«Добрае пытаньне, на якое ў мяне няма адказу. Гэта залежыць ад абодвух бакоў. Я ня думаю, што падпішуць. Калі што — парафіраваць будуць, але пра гэта казаць пакуль што рана. Але вельмі б хацелася. Ёсьць жаданьне абодвух бакоў па гэтым пытаньні. Таму можна спадзявацца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG