Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хочаш лічыць бюлетэні — уступай у «Белую Русь»


Так выглядае падлік галасоў на выбарчым участку

Так выглядае падлік галасоў на выбарчым участку

Лічыць бюлетэні на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі будуць амаль 67 тысяч чалавек. Усе яны ўваходзяць у склад участковых камісіяў. А вось ад апазыцыі да падліку дапусьцяць толькі 32 асобы. Усе спробы апазыцыі праз суд павялічыць колькасьць лічыльнікаў плёну, як высьветлілася, не далі.

Судзіцца з уладай найперш спрабавала партыя БНФ: яна найбольш пацярпела пры фармаваньні ўчастковых камісіяў. Разам з грамадзкай арганізацыяй БНФ «Адраджэньне» партыя аформіла дакумэнты на 147 чалавек. Зь іх да падліку бюлетэняў дапусьцілі толькі трох. Партыйныя актывісты напісалі скаргі ў суды пяці раёнаў Менску, Менскага раёну, Салігорску, Слуцку, Бярозы...

Судовы працэс дае магчымасьць пабачыць некаторыя дакумэнты, кажа сябра сойму БНФ Юрась Чавусаў:

Юрась Чавусаў

Юрась Чавусаў

«Бачна, што кандыдатаў, якіх вылучалі нават з парушэньнямі ляяльныя да ўлады партыі, уключалі ў склад камісіяў. А вось вылучэнцаў БНФ, на якіх усе дакумэнты былі аформленыя правільна, не ўключалі. Яскравы прыклад — мой асабісты. Я судзіўся ў судзе Фрунзенскага раёну Менску, у гэтым раёне мяне і не ўключылі ў камісію. Высьветлілася, што прадстаўнікі „Белай Русі“ не паказалі ў сваім пратаколе партыйнасьць. А гэты рэквізыт, паводле Выбарчага кодэксу, абавязковы. Тым ня менш усіх прадстаўнікоў „Белай Русі“ ў камісіі ўключылі. Суд да гэтага аргумэнту не прыслухаўся. І мы пабачылі чарговым разам, што гэтая працэдура цалкам кантралюецца ўладай.

Гэтае ды іншыя рашэньні мы накіравалі ў місію назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ. Па іх бачна, наколькі кіраваныя разгляды выбарчых спраў у судах».

Ніхто з экспэртаў, якія займаюцца выбарамі, ня можа ўзгадаць хоць адзін выпадак, каб склад камісіяў быў праз суды зьменены. «Менавіта гэта і стрымлівае нашых актывістаў у іх зьвяртаньні ў суды», — кажа намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Мы ведаем, чым заканчваюцца гэтыя скаргі. Нам патрэбная статыстыка. А яна наступная — вылучылі 172 чалавекі, уключылі 4, дый тых у рэгіёнах. Там, дзе ёсьць моцныя праваабаронцы, яны падштурхоўваюць: давайце абскарджваць. Там, дзе няма — не абскарджваюць. Шкада губляць час».

Алесь Сілкоў

Алесь Сілкоў

Адзін з каардынатараў кампаніі па назіраньні за выбарамі «Права выбару — 2015» Алесь Сілкоў кажа, што актывісты кампаніі зь Віцебскай і Менскай абласьцей зьвярталіся ў суды. Аднак скаргі іхнія не задаволілі:

«Заўжды адзін і той жа адказ: не ўключылі ў камісіі, таму што няма досьведу працы ў камісіях. А адкуль яму ўзяцца? Такое адчуваньне, што намякаюць: чакайце, хлопцы, пакуль нехта з правераных ня выпадзе натуральным шляхам. Тады, можа, і трапіце».

Валер Ухналёў

Валер Ухналёў

Намесьнік кіраўніка партыі «Справядлівы сьвет» Валер Ухналёў кажа, што партыйныя актывісты, якіх не дапусьцілі лічыць галасы выбарцаў, у суд гэтым разам не зьвярталіся:

«Гэта бессэнсоўная справа. Таму скардзіліся толькі ў Цэнтравыбаркам. Пісалі, што ў Баранавічах уключылі ў камісіі абсалютна ўсіх, акрамя прадстаўнікоў нашай партыі. А ў Магілёве адмовілі на той падставе, што вылучэнцы не зьяўляюцца чальцамі ініцыятыўнай групы Калякіна. Менавіта з-за гэтай матывіроўкі нашы актывісты спрабавалі калашмаціць мясцовыя ўлады. Але і тут безвынікова».

Дарэчы, на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2010 годзе апазыцыя была прадстаўленая сярод лічыльнікаў бюлетэняў 183 асобамі. Тым часам цяпер амаль палову з агульнай колькасьці лічыльнікаў складаюць сябры «Белай Русі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG