Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На бясьпеку Чарнобыльскай АЭС сканчаюцца грошы


Будаўніцтва новага сховішча для ЧАЭС

Будаўніцтва новага сховішча для ЧАЭС

Украіна павінна пачаць перамовы з заходнімі інвэстарамі аб стварэньні новага фонду для фінансаваньня работ па выманьні ядзернага паліва з чацьвёртага блёка Чарнобыльскай АЭС, разбуранага падчас аварыі 29 гадоў таму. Будаўніцтва новай ахоўнай абалонкі над ім скончыцца ў 2017 годзе.

Пра гэта ва ўкраінскім парлямэнце заявіў генэральны дырэктар Чарнобыльскай АЭС Ігар Граматкін. «Неабходна ўжо цяпер пачаць працу з нашымі заходнімі калегамі, з інвэстарамі па стварэньні новага фонду, які б дазволіў нам працягнуць працы наступнага этапу — па выманьні мас, якія ўтрымліваюць паліва, і дэмантажы нестабільных канструкцый ўнутры аб’екта „Сховішча“. Працаваць трэба ўжо зараз, заўтра будзе позна», — цытуе гендырэктара УНІАН.

Гендырэктар Чарнобыльскай АЭС адзначыў, што ў 2017 годзе францускі канцэрн Novarka скончыць будаўніцтва новага бясьпечнага канфайнмэнта над аб’ектам «Сховішча», які быў пабудаваны ў першы год пасьля чарнобыльскай катастрофы, каб спыніць уцечкі ў навакольнае асяродзьдзе радыеактыўных элемэнтаў.

Аднак фінансаваньне эксплюатацыі новай ахоўнай абалонкі, працы ўнутры якой могуць працягнуцца больш за 50 гадоў, паводле Граматкіна, будзе ажыцьцяўляцца за кошт Украіны:

«У 2017 годзе, калі мы скончым новы бясьпечны канфайнмэнт, эксплюатацыя гэтага аб’екта ляжа на плечы Украіны. Гэта многія мільёны даляраў. Пры сёньняшнім фінансаваньні пляцоўкі Чарнобыльскай АЭС для нас гэта стане непасільнай задачай».

У верасьні 2007 году Чарнобыльская АЭС і францускі канцэрн Novarka падпісалі кантракт на будаўніцтва новага бясьпечнага конфайнмэнта над аб’ектам «Сховішча» Чарнобыльскай АЭС. Першапачатковы кошт збудаваньня ацэньваўся ў 980 мільёнаў эўра. Аднак праз 6 гадоў ацэнка кошту будаўніцтва аб’екта павялічылася на 500 млн эўра.

Летам 2014 году Асамблея донараў Чарнобыльскага фонду «Сховішча» прыняла рашэньне павялічыць да 650 млн эўра дадатковы ўзнос краін-донараў.

XS
SM
MD
LG