Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Украіне бульба ў пяць разоў таньней, чым у Беларусі


Замест афіцыйнага лёзунгу «Купляйце беларускае!» жыхары паўднёвых раёнаў Беларусі апошнім часам нярэдка кіруюцца іншым: «Ва Ўкраіну на закупы!» Жыхары сумежных з Украінай раёнаў едуць на прыватным і грамадзкім транспарце да суседзяў, каб абуцца, адзецца, купіць гародніны, садавіны і нават туалетнай паперы.

На рынках і ў крамах украінскага Чарнігава нават у будні поўна пакупнікоў зь Беларусі. Легкавікамі зь беларускімі нумарамі застаўлена ўся плошча каля аптовых складоў і крамаў на вуліцы Шчорса. З Добруша, Гомеля, Брагіна і нават Мазыра едуць сюды на закупы беларусы.

Спадар Мікалай, жыхар палескага Мазыра, спэцыяльна садзіцца ў свой легкавік, паварочвае ключ запальваньня, каб паказаць, што ён са сваякамі адмахаў ад дому 206 кілямэтраў. Але гэта яго не турбуе. Выдаткі на паліва з выгадай перакрываюцца, варта купіць адны толькі жаночыя боцікі:

«Тут заўсёды таньней. Дапусьцім, жонцы ўзялі боты: 1100 грыўняў — гэта 50 даляраў. А ў нас самыя танныя — 1 мільён 700 тысяч. Нават дзеля ботаў. Мне абышлася дарога: 6 даляраў страхоўка плюс 350 тысяч на бэнзін. Лічы, 450 тысяч. Дык я ўжо з прыбыткам — 650 тысяч беларускіх. І гэта на адных толькі ботах».

Як і любы кіроўца, Мікалай параўноўвае і кошты на паліва. Выснова ў яго такая: агулам прапанаваныя віды паліва ва Ўкраіне каштуюць адсоткаў на дваццаць вышэй, хоць сустракаюцца й нечаканыя прыемнасьці:

«Бэнзін тут даражэйшы адсоткаў на дваццаць. Але глядзі, вось тут побач запраўка. У нас літар АІ-92 каштуе 11 тысяч 100. А тут нейкі АІ-95 плюс — 15,9 грыўняў, лічы 16. Гэта таксама на нашы грошы — 11 тысяч 100. Дык у нас гэта 92-гі, а тут — 95-ты».

Аднак больш за ўсё мазырчука зьдзівіла параўнаньне коштаў на садавіну й гародніну, якую беларусы таксама купляюць вёдрамі ды скрынкамі, нават калі едуць аўтобусам, ня кажучы ўжо пра прыватны транспарт. Купляюць і сьвежую бульбу, якая — на дзіва! — ва Ўкраіне таньнейшая ў пяць разоў.

«Пытаўся на мытні ў нашых: „Што можна правозіць з садавіны ды гародніны?“ Адказваюць: „Усё можна, апроч мясной прадукцыі“. Пайшоў на рыначак, узяў 19 кіляграмаў бульбы. У нас сьвежая бульба 16 тысяч, а тут на нашы грошы — 3 тысячы 150. У пяць разоў! Дык гэта парадокс: Бульбашыя — і ў пяць разоў бульба даражэйшая, чым ва Ўкраіне. Хочам яшчэ чарэшні ўзяць — яна тут па 20 грыўняў, а таксама клубніц — яны ў нас, наколькі ведаю, па 50 тысяч, а тут 25 грыўняў — у два зь лішнім разы таньней. Чаму так? Дорага ў нас, усё вельмі дорага. Нават — глядзіце, парадокс — беларусы туалетную паперу бяруць пакункамі, бо тут нашмат таньней».

Вулічны гандаль у Чарнігаве

Вулічны гандаль у Чарнігаве

Пра шырокі выбар ва Ўкраіне самых розных тавараў і значна меншыя кошты на іх разважаюць і дзьве жыхаркі Гомеля:

«Тут нашмат большы выбар. Харчы таньнейшыя і прамысловыя вырабы таньнейшыя».

На думку гамяльчанак, прычына вялікай розьніцы, найхутчэй, крыецца ў той цэнавай палітыцы, якую праводзяць беларускія ўлады, ды ўвогуле ў агульнанацыянальнай эканамічнай сытуацыі:

«Гэта вялікае пытаньне. Усё залежыць ад ураду, усё пачынаецца зьверху».

Украіна цяпер, вядома, перажывае ня лепшыя часіны. Разьвязаная сэпаратыстамі вайна на паўднёвым усходзе пры падтрымцы Расеі вымагае значных высілкаў ды рэсурсаў. Выглядае, што праз кошты на харчы ды прамысловыя вырабы ўкраінскія ўлады імкнуцца не дапусьціць рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця сваіх грамадзянаў.

І беларусы едуць у памежныя гарады Ўкраіны, каб адзецца ды абуцца па прымальных коштах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG