Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мода на шоп-туры ва Ўкраіну дабралася да Магілёва. Едуць цэлымі сем’ямі


Усьлед за жыхарамі памежных беларускіх абласьцей на закупы ва Ўкраіну часта едуць цяпер і жыхары Магілёўшчыны. Ня толькі з абласнога цэнтру ды Бабруйску, але і з райцэнтраў. Украінскія рынкі вабяць даступнымі цэнамі ды якасьцю тавару. Выпраўляюцца сем’ямі, каб болей прывезьці.

Па горадзе нямала абвестак з запрашэньнем наведаць рынкі ва Ўкраіне. Едуць у Чарнігаў, Харкаў, Хмяльніцкі. Ахвотных, як кажуць арганізатары такіх шоп-тураў, пасьля амаль гадавога перапынку становіцца ўсё болей.

«Зразумела — гэта паездкі эканом-клясы. Едуць людзі ў асноўным небагатыя, якія хочуць купіць нейкую адзежыну, — тлумачыць супрацоўніца адной такой арганізацыі.

«Цэны ў Магілёве вы ж ведаеце якія. Усё тут даражэйшае. Калі тут адзяваць сям’ю ці падрыхтаваць да школы, да садку, то, напрыклад, у Хмяльніцкім гэта напалову таньней, нават цяпер, нягледзячы на вайну. Адзежа, гаспадарчыя тавары, дужа вялікі выбар цюлю, бялізны, дывановыя вырабы — там усё таньнейшае. Людзям гэта падабаецца. Ну, як падабаецца? Жыцьцё прымушае».

Паводле суразмоўніцы, удзельнікі шоп-тураў пераважна набываюць тавар самім сабе.

«Ну, можа, хто і прыгандлёўвае. Па вёсках езьдзяць, — заўважае суразмоўніца. — Але ў асноўным людзі для сябе езьдзяць. Шматдзетных багата езьдзіць, каб адзецца, абуцца».

«Ніякіх там ваенных дзеяньняў няма. Людзі жывуць абсалютна спакойна. І ў Львове ўсё добра. І ў Харкаве — больш-менш спакойна. З Кіева нашы экскурсаводы тэлефануюць, пішуць: прыяжджайце, усё тут ціха, спакойна. На мяжы ўсё ветліва ды карэктна. Людзі як там гандлявалі, гэтак і гандлююць. Курс ніжэйшы, вышэйшы. Людзям выгадна, яны там усё падлічваюць».

Тыя, хто рэгулярна наведвае рынкі ўкраінскіх гарадоў, таксама адзначаюць, што там «ціха і спакойна».

«Там ня страшна», — даводзіць сталая ўдзельніца шоп-тураў ва Ўкраіну:

«Хто кажа, што там танкі езьдзяць ды страляюць, дык гэта ўсё няпраўда. Страляюць жа на Данбасе, там, дзе Данецк. Яны просяць прыяжджаць і не баяцца. Што іншым разам паведамляюць у СМІ пра падрыў павільёнаў, то яны з гэтага сьмяюцца. Кажуць, ня слухайце гэтага».

Суразмоўніца, аднак, дадае, што ў гутарках украінцаў тэма вайны дамінуе.

«У іх прасочваецца нотка страху. Клянуць Расею. Усе на Пуціна, што ён заняў тэрыторыі, акупаваў іх».

Езьдзіць я магу туды кожны дзень, але везьці што-небудзь адтуль — то не. Я магу прывезьці тавар толькі раз на тры месяцы

«Стаўленьне да беларусаў, — працягвае суразмоўніца, — выдатнае. Яны сустракаюць беларусаў як сваіх блізкіх людзей. Гэта са мной такое адбывалася. Не па чутках кажу. Адзначаюць, што мы дапамагаем усталяваць мір ва Ўкраіне, што з дабром да іх, а не з вайной».

«На мяжы, на беларускім баку, мытнікі іншым разам падоўгу аглядаюць багаж», — наракае жанчына.

«Мо ў іх такі негалосны загад, а мо засумавалі па працы, — разважае яна. — Людзі, аднак, з разуменьнем ставяцца да гэткага ператрусу. Кажуць, што ў мытнікаў такая праца».

Незадаволена суразмоўніца абмежаваньнямі для тых, хто выпраўляецца ва Ўкраіну на закупы.

«Езьдзіць я магу туды кожны дзень, але везьці што-небудзь адтуль — то не. Я магу прывезьці тавар толькі раз на тры месяцы. Таму выпраўляецца ў паездку сям’я, каб нешта прывезьці. Ужо, напрыклад, шпалеры я магу прывезьці толькі адзін раз. Нас цяпер абмежавалі, што можна толькі адзін вазок дзіцячы правезьці за год, адзін унітаз, адну ванну. Усё там такое ў тры разы таньнейшае атрымліваецца.

«У Маскве ня возьмеш тавар ураздроб па той жа цане, што і гуртам. Калі бярэш паасобку, то цана будзе ў тры разы даражэйшая, чым у нас. Ва Ўкраіне ж іначай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG