Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мархотка: Забудзем мову — прыедзе Пуцін на танку


Леанід Мархотка
Леанід Мархотка

Салігорскі раённы Савет дэпутатаў лічыць, што ў раёне не парушаюцца правы беларускамоўных грамадзянаў.

Як паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна», адміністрацыя Салігорскага раёну разгледзела сумесны даклад мясцовых прадстаўнікоў Беларускага Хэльсынскага камітэту і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны аб выкананьні правоў беларускамоўных грамадзянаў у рэгіёне.

Ніякай дыскрымінацыі і парушэньняў моўнага заканадаўства ў выкладзеных прадстаўнікамі грамадзкасьці фактах не пабачыў:

«Салігорскі Савет дэпутатаў у асобе старшыні Лідзіі Клішэвіч адрэагаваў на наш даклад проста нахабнай адпіскай літаральна ў адзін сказ — парушэньняў Канстытуцыі і Закону „Аб мовах“ ня выяўлена. На нашы рэкамэндацыі і прапановы „народныя абраньнікі“ таксама ніяк не адрэагавалі. Калі дэпутаты даюць гэткія адпіскі на грунтоўны маніторынг такіх буйных грамадзкіх арганізацыяў, як БХК і ТБМ, дык цяжка нават уявіць, на што варта разьлічваць звычайным грамадзянам, зьвяртаючыся ў свой прадстаўнічы раённы орган», — кажа Свабодзе каардынатар працы над дакладам Леанід Мархотка.

Актывіст лічыць, што беларуская мова — тое, што дае беларусам пачуцьцё нацыянальнай адметнасьці, таму трэба прыкладаць усе намаганьні, каб яна паважалася і выкарыстоўвалася:

«У Салігорску няма ніводнай шыльды ў памяшканьні райвыканкаму на беларускай мове. Тое самае ў судзе, у шпіталі, у банку, у садках і школах. Беларускамоўных гэта абражае. Таму трэба змагацца за беларускую мову як за сродак абароны нашай незалежнасьці. Трэба, каб гэта разумелі і ўлады. Бо вайна на ўсходзе Ўкраіны таксама пачыналася з панаваньня там расейскай мовы, а скончылася тым, што Пуцін прыехаў туды на танку», — сказаў Леанід Мархотка.

Канчатковыя высновы пра атрыманыя вынікі прадстаўнікі БХК і ТБМ абяцаюць прадставіць грамадзкасьці, як атрымаюць рэакцыю на даклад з Адміністрацыі прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG