Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я адчуў асалоду гаварыць па-беларуску» — актывіст праз тры гады эміграцыі вярнуўся ў Беларусь


Алег Мяцеліца
Алег Мяцеліца

Алег Мяцеліца зь Бялынічаў пасьля падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў мінулыя прэзыдэнцкія выбары прабыў у вымушанай эміграцыі тры гады. У Вільні разам з паплечнікамі ён стварыў Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве і ўзначаліў яго. Арганізацыя працавала з тамтэйшымі беларусамі ды дапамагала партыям і грамадзкім арганізацыям у Беларусі.

Што вымусіла актывіста зьехаць зь Беларусі, як ён ацэньвае сваю дзейнасьць у эміграцыі, якім убачыў у Вільні беларускае жыцьцё?

Нам здавалася, што ўсіх арыштуюць

Алег Мяцеліца зазначае, што падчас разгону Плошчы ў 2010 годзе пазьбег затрыманьня. На наступны дзень вырашыў зьехаць зь Беларусі, каб, як тлумачыць, стаць голасам тых, хто апынуўся за кратамі і хто не пагадзіўся з вынікамі выбараў.

Вырашылі зьехаць, каб нешта пачаць рабіць за мяжой. Думалася, што зьедзем на тыдзень ці два.

— Нам тады падалося, што ўсіх нязгодных затрымаюць. Мы выходзілі ў інтэрнэт і бачылі, што адбываюцца арышты. Вырашылі зьехаць, каб нешта пачаць рабіць за мяжой. Думалася, што зьедзем на тыдзень ці два. Абралі Вільню, бо там было беларускае жыцьцё. Яна недалёка ад Беларусі, і ў ёй прасьцей, як нам падавалася, было наладзіць дзейнасьць.

У Вільні прабыў тры гады. Я не зжываўся з думкай, што там і застануся. Некалькі разоў зьбіраўся вярнуцца. Падчас парлямэнцкіх выбараў меркаваў, што, як і ў прэзыдэнцкія, адбудзецца лібэралізацыя і тады прасьцей будзе вярнуцца. Але ня выпала. Ды наагул, ніхто не гарантуе, што будзе, калі вернесься: арыштуюць ці не.

У Беларусь неадольна цягнула. Іншым разам пад’яжджаеш да беларускай мяжы каго сустрэць — і разумееш, што табе ў Беларусь нельга. І жаданьне вярнуцца такая сытуацыя ўзмацняла.

Мае дзяды і бацькі пражылі жыцьцё ў радыюсе мо дзесяці кілямэтраў, у сваіх вёсках. У Беларусі я і ня мог уявіць, што не змагу жыць не ў сваім мястэчку. Напрыклад, пераеду ў Менск. І гэта спрацоўвала ў Вільні. Я ня мог уявіць, што застануся там на стала.

Калі вярнуўся, адчуў вялізную асалоду, што магу гаварыць па-беларуску зноў.

Калі вярнуўся, адчуў вялізную асалоду, што магу гаварыць па-беларуску зноў. Гэта асабліва першы час дужа натхняла. У Вільні такая магчымасьць была абмежаваная. Гэта трэба пажыць там, каб зразумець, якое гэта задавальненьне. Хаця ў Беларусі многія не гавораць па-беларуску — адказваюць часьцей па-расейску, але ты зьвяртаесься да іх на беларускай мове.

На другі ці трэці дзень мяне выклікалі ў Менск і пыталі пра санкцыі

— А калі прыехаў пасьля трох гадоў на радзіму, у свае Бялынічы, як людзі ўспрынялі тваё вяртаньне? Зласловілі?

— Я магу пахваліцца, што не адчуў на сабе, што людзі зь мяне кпілі ці пасьміхаліся за сьпінаю, што вярнуўся. Некаторыя, можа, успрынялі маё вяртаньне з-за мяжы, што прывёз шмат грошай. Такі ў нас стэрэатып: маўляў, з Эўропы прыехаў, дык багацьця прывёз.

— Калі вярнуліся, ці была пільная ўвага з боку праваахоўных органаў?

— На другія ці трэція суткі мяне выклікалі ў Менск на гутарку. Адно з асноўных пытаньняў: ці разумеюць у Эўразьвязе, што санкцыі — гэта памылковы шлях? У мяне пыталіся такім тонам, нібы чакалі, што я мусіў адказаць: «Гэта сапраўды памылковы шлях, і трэба весьці дыялёг». Вядома ж, яны ведалі, чым я займаўся ў Літве і што я не такі ўжо і важны чалавек у эўрапейскай палітыцы. Але ведалі і тое, што я сустракаўся з замежнымі палітыкамі.

Пыталі таксама пра дзейнасьць нашай арганізацыі «Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве». Пыталіся, чым я зьбіраюся займацца ў Беларусі. На гэта адказаў, што грамадзкай дзейнасьці ня кіну і застануся апанэнтам дзейнага рэжыму. Мне паабяцалі, што са мной яшчэ зьвяжуцца, але больш не было званкоў.

— А як сам ацэньваеш сваю дзейнасьць і дзейнасьць сваёй арганізацыі ў Вільні?

Мы прагнулі дзейнасьці. У нас было такое адчуваньне... не віны, а хутчэй адказнасьці.

— Напачатку мы дзеялі больш эмацыйна. Мы не ўяўлялі, якая сытуацыя ў Літве, што там за беларуская супольнасьць. Мы прагнулі дзейнасьці. У нас было такое адчуваньне... не віны, а хутчэй адказнасьці: калі мы тут, а на радзіме сядзяць актывісты, і многія пад моцным псыхалягічным ціскам, то нам хацелася быць карыснымі.

Калі параўноўваць нас з падобнай арганізацыяй — «Польскім домам» у Вільні, то сваю такую ж нішу мы ня здолелі заняць з розных прычын. Адна зь іх, відаць, — недастатковая кампэтэнтнасьць нас саміх у шмат якіх пытаньнях.

Нам пазьней стала зразумела, што стварыць «Беларускі дом» у Вільні — гэта пакуль толькі мара. Гэта можа адбыцца толькі тады, калі ёсьць моцная падтрымка беларускай дзяржавы, а гэта немагчыма ў сёньняшняй сытуацыі. Альбо калі такое памкненьне ёсьць у моцнай дыяспары.

У Вільні ж беларуская дыяспара жыве сваім жыцьцём. Яна разьяднаная. Беларускай супольнасьці няма. Такая ніша занятая палякамі.

Але, нягледзячы на адсутнасьць скансалідаванай беларускай супольнасьці ў Літве, ёсьць людзі, іх няшмат, якія не забываюць пра сваю беларускасьць, пра беларускую Вільню і саму Беларусь. Яны сваімі высілкамі ўвесь час спрабуюць дзеля гэтага нешта зрабіць. І дзякуючы ім беларускае жыцьцё ў Вільні цепліцца.

Тыя ж памятныя і мэмарыяльныя шыльды пра вядомых беларусаў. Вось прыяжджаюць беларусы і натыкаюцца на гэтыя шыльды. Хто гэта рабіў? Зразумела, не літоўцы і не беларуская дзяржава, а мясцовыя рупліўцы беларушчыны. І гэтым людзям мы павінны быць удзячныя. Іхныя імёны не павінны забывацца.

Літоўскія беларусы кажуць: «Мы палякі»

— Што азначае фраза «занятая палякамі ніша»? Беларуская ў тым ліку?

— Я маю на ўвазе працу з тамтэйшым карэнных насельніцтвам. Тамтэйшыя беларусы сябе далучаюць да польскай нацыянальнай меншасьці. Кажуць: «Мы палякі. Так мы іхнай мовы не разумеем, але ўсё адно мы палякі». Яны гуртуюцца праз «Польскі дом» ці польскую амбасаду. Беларускага ж такога Дому няма. А беларуская амбасада гэтым не займаецца, то бок беларусам няма як прасоўваць свае інтарэсы. Літоўскія беларусы глядзяць беларускае тэлебачаньне, маюць сваякоў у Беларусі, але ўсё ж хіляцца да польскай меншасьці ў Літве.

Зразумела, тых беларусаў, якія заяўляюць пра сваю польскасьць, літоўцы ўспрымаюць праз прызму сваіх стасункаў з палякамі — не заўжды добрых, варта заўважыць.

— А чым вы займаліся ў Вільні? Як ставіліся да вашай дзейнасьці літоўскія палітыкі і простыя літоўскія грамадзяне?

Для нас было важна, каб і літоўскае грамадзтва было інфармаванае пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

— Калі ў нас зьявілася памяшканьне, мы пачалі яго прэзэнтаваць як месца, даступнае любому беларусу. Мы праводзілі публічныя акцыі, пачынаючы зь Дзён салідарнасьці. Для нас было важна, каб і літоўскае грамадзтва было інфармаванае пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы дапамагалі беларускім арганізацыям ды ладзілі культурніцкія мерапрыемствы.

Усё, што маглі для нас зрабіць літоўскія палітыкі і актывісты няўрадавых арганізацыяў, асабліва тыя, якія ведалі беларускую спэцыфіку, — яны зрабілі. У нас было памяшканьне, была рэгістрацыя, было першаснае фінансаваньне. Нараканьняў у нас не было.

Калі б мы разьвіліся моцна, то маглі быць цяжкасьці. Літоўцы маглі б успрыняць нас як тых, хто спрабуе пазбавіць іх спадчыны ВКЛ. Гэтае пытаньне я бачу актуальным для літоўцаў, калі беларусы адчуюць сябе сапраўднай нацыяй са сваёй гісторыяй.

Былі сытуацыі, калі простыя літоўцы падыходзілі і выбачаліся за Алеся Бяляцкага.

Што да простых літоўцаў, то на маёй машыне былі беларускія нумары і бел-чырвона-белы сьцяг. І многія зь іх, асабліва першыя два гады, выказвалі салідарнасьць — сыгналілі з машын альбо дэманстравалі сваю прыхільнасьць іншым спосабам. Гэта было дужа прыемна. Іншай рэакцыі я не заўважаў. Былі сытуацыі, калі простыя літоўцы падыходзілі і выбачаліся за Алеся Бяляцкага.

Але, зразумела, зь цягам часу беларуская тэма пасьля разгону Плошчы 2010 году пачала губляць сваю актуальнасьць. Паволі яна згасала. Нехта ад беларускай тэмы проста стаміўся.

Што да карэннага беларускага насельніцтва ў Літве, то іхная пазыцыя да нас была такой жа, як і ў Беларусі. Яны там таксама падзеленыя дужа. Як і ў самой Беларусі, так і ў Літве мясцовая беларусы ведаюць Беларусь празь дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне. Яны бачаць карцінку пра захаваныя калгасы ды прадпрыемствы, пра моцнага і непрадажнага палітыка, дык такія ўспрымалі, я мяркую, нас нэгатыўна.

Апроч нас ніхто пра нас дбаць ня будзе

— Ці хацелася б яшчэ раз паўтарыць досьвед сваёй эміграцыі? Чаму навучыла яна цябе?

— Калі б я хацеў гэтага, то я адтуль не зьяжджаў бы. Адсюль іншым разам здаецца, што Беларусь павінна быць заўжды на першым месцы, усё нібыта мае круціцца вакол яе. Што, маўляў, палітыкі ў Брусэлі мусяць сядзець і абмяркоўваць толькі беларускія праблемы. Аднак сьвет жа вялікі. Акрамя беларускіх, ёсьць іншыя вялікія праблемы.

Калі ты сам ня будзеш дбаць і нешта рабіць у Беларусі для Беларусі, то ніхто, акрамя цябе, гэтым у замежжы займацца ня будзе.

Калі ты сам ня будзеш дбаць і нешта рабіць у Беларусі для Беларусі, то ніхто, акрамя цябе, гэтым у замежжы займацца ня будзе. Гэта не ад таго, што нібыта эўрапейская палітыка несумленная і ў ёй падвойныя стандарты. Проста ў кожнага свае праблемы. І чым больш мы аддаляемся ад той жа Літвы, тым цяжэй там разумеюць Беларусь. Адсюль і выснова: акрамя нас саміх ніхто пра нас асабліва дбаць ня будзе...

Алег Мяцеліца — актыўны ўдзельнік усіх прэзыдэнцкіх выбарчых кампаніяў. Да 2010 году ў яго было блізу сямідзесяці сутак адміністрацыйнага арышту. Раней, прызнаецца ён, калі-нікалі ганарыўся гэтым сваім дасягненьнем. Але пасьля 2010 году, калі многія палітыкі прайшлі праз арышты паводле Крымінальнага кодэксу, а некаторыя, як Мікола Статкевіч, яшчэ за кратамі, зьмяніў свой погляд. Цяпер, кажа, яго 70 сутак выглядаюць сьмешнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG