Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве рэабілітаваў змагароў з савецкай уладай


Акцыя памяці ў Халодным Яры, 2013 год

Акцыя памяці ў Халодным Яры, 2013 год

Апэляцыйны суд Кіеўскай вобласьці рэабілітаваў атаманаў Халоднага Яру і Чорнага Лесу, якія змагаліся супраць бальшавікоў.

Пра гэта паведаміў 18 кастрычніка на старонцы ў Facebook генэральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка.

«Рэабілітаваныя атаманы Халоднага Яру і Чорнага Лесу Іларыён Заўгародні, Мяфодзій Голік-Залізьняк, Юры Драбаткоўскі, камандзер 2-га Сіняга палка 1-й Сіняй дывізіі Канстанцін Здабудзь-Воля, Іван Ляшэнка і іншыя, хто браў удзел у вызваленчай барацьбе пачатку ХХ стагодзьдзя», — паведаміў Луцэнка.

Паводле яго слоў, асуджэньне лідэраў украінскага вызвольнага руху да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасьці суд прызнаў беспадстаўным.
«Пры вывучэньні архіўнай крымінальнай справы ўстаноўлена, што вінаватасьць названых асобаў ва ўчыненьні злачынства пацьвярджаецца толькі часткова прызнальнымі паказаньнямі асуджаных. Іншыя доказы, якія пацьвярджаюць іх вінаватасьць ва ўчыненьні злачынства, якое ім інкрымінуецца, у матэрыялах крымінальнай справы адсутнічаюць», — дадаў Луцэнка.

У жніўні гэтага году апэляцыйны суд Кіеўскай вобласьці адкрыў вытворчасьць па справе аб рэабілітацыі вышэйшага вайсковага кіраўніцтва Халоднага Яру, атаманаў, якія загінулі ў Лук’янаўскай турме.
Упершыню пытаньне пра рэабілітацыю імёнаў паўстала ў пачатку 1990-х. Тады пракуратура прызнала прысуд «рэвалюцыйнага трыбуналу» легітымным, а атаманаў — вінаватымі.

У лютым 1923 году ў Лук’янаўскай турме Кіева паўсталі зьняволеныя і асуджаныя да сьмяротнага пакараньня казакі і атаманы Халоднага Яру. Тады загінула каля 40 чалавек.

Халаднаярская рэспубліка (1919-1922 гг.) — гэта непрызнанае дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыі Ўкраіны, у Чыгірынскім раёне Чаркаскай вобласьці, у раёне ляснога ўрочышча Халодны Яр. Яго байцы вялі ўзброеную барацьбу супраць бальшавіцкай улады ў складзе паўстанцкіх атрадаў, арганізаваных паводле казацкага прынцыпу.


Украінскі пісьменьнік Васіль Шкляр напісаў пра гэтыя падзеі раман «Чорны крумкач».

XS
SM
MD
LG