Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады абвясьцілі негалосны мараторый на рост коштаў. Але экспэрты перакананыя: пасьля абнародаваньня вынікаў галасаваньня, якое пры цяперашнім адміністрацыйным рэсурсе наўрад ці прывядзе да зьмены рэжыму, беларусаў зноў чакае цэнавая гонка.

Найперш, на думку эканамістаў, падскочаць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі і праезд у грамадзкім транспарце. Згодна з прэзыдэнцкім указам, штоквартальна кошты павінны індэксавацца ў адпаведнасьці з тэмпамі росту намінальнага заробку. Аднак сёлета зроблена ўсё дзеля таго, каб замарозіць прыбыткі — і, адпаведна, да пэўнага часу ўтрымаць цэньнік на «камуналку».

Між тым у галіновых ведамствах яшчэ раней агучвалася, што кампэнсацыю насельніцтвам камунальных выдаткаў паступова выведуць на 100-працэнтны ўзровень замест цяперашніх 30–40%. Гэтага, дарэчы, патрабуюць і міжнародныя фінансавыя структуры, у якіх Менск просіць новых крэдытаў.

Аналягічная сытуацыя і з праездам у грамадзкім транспарце. Адказныя за галіну даўно наракаюць на стратныя пасажырскія перавозкі, кажучы, што іх кошт павінен быць удвая вышэйшы за цяперашні. На думку аналітыкаў, наўрад ці ўлады адважацца на радыкальныя крокі, абмежаваўшыся ростам на 20–30%. Зрэшты, нават такая карэкцыя наўрад ці стане паратункам — інфляцыя хутка зьядае дробныя надбаўкі.

Былы начальнік упраўленьня жыльлёвай гаспадаркі Менгарвыканкаму, экс-старшыня рады Рэспубліканскага саюзу ЖКГ, эканаміст Іван Анташкевіч перакананы, што іншых варыянтаў, як паставіць на «лічыльнік» уласных грамадзянаў, папросту няма:

Іван Анташкевіч

Іван Анташкевіч

«Складана гаварыць за ўрад, ён арыентуецца ў адпаведнасьці са сваімі задачамі. Але ў любым выпадку курсы бягуць. У Расеі, дзе асноўны наш экспарт, усё дрэнна. Сабекошт пры гэтым прывязаны да даляра, далярызацыя краіны вялізная. Адпаведна, моцна зьмяншаецца заробак як у жыльлёва-камунальнай, так і ў іншых сфэрах гарадзкой гаспадаркі. Таму грошы неяк і дзесьці трэба здабываць. За кошт эканомікі — доўга, хоць трэба падцягваць і такім чынам. Таму я ўсё ж схіляюся да таго, што крок за крокам кошты будуць уздымаць. Тым больш пасьля выбараў ужо будуць новыя аргумэнты: можна прыкрыцца зімовым пэрыядам, можна нагаварыць пра маразы і г.д. Асабіста я больш схільны думаць, што тарыфы непазьбежна падымуцца, чым — што яны застануцца на цяперашнім узроўні. Калі ўжо прывязвацца да 11 кастрычніка, усё як бы зразумела: урад вытрымаў, прэзыдэнт вытрымаў. Але далей эканоміку стрымліваць нельга, інакш яна задыхнецца».

Нягледзячы на прагнозы рэзкага пасьлявыбарнага абвалу рубля, нават незалежныя экспэрты ня бачаць для гэтага аб’ектыўных падставаў. Беларускія грошы шчыльна завязаныя на працэсы ў Расеі, аднак кошт нафты, якая мае стратэгічнае значэньне для сыравіназалежнай расейскай эканомікі, прыкметна вагаецца, пакідаючы поле для манэўру на фінансавым рынку.

Тым ня меней аналітыкі мала сумняюцца ў тым, што плаўная дэвальвацыя — непазьбежнасьць. Да канца году пры адсутнасьці эканамічных шокаў і захаваньні цяперашняга адмоўнага сальда па бягучых рахунках курс рубля можа адкаціцца да 18 тысяч за даляр. Пры больш адчувальных працэсах, выкліканых наступствамі ўдзелу Расеі ў сырыйскай авантуры, — да 19 тысяч.

Яшчэ адно актуальнае пытаньне — ці абясцэньваньне нацыянальнай валюты пацягне за сабой рост коштаў на аўтамабільнае паліва? Дзякуючы зьнешнім працэсам нафтапрадукты на АЗС не даражэюць ужо некалькі месяцаў. Але нават у «замарожаным» стане беларускі цэньнік істотна вышэйшы за расейскі, і залежыць ён хутчэй не ад ваганьняў на сыравінным рынку, а ад маржы нафтаперапрацоўчых заводаў, якую зьядае інфляцыя. Як кажа эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка, ва ўмовах, калі цэны на прадукцыю дыктуюцца не абставінамі, а дзяржавай, кіравацца рынкавымі законамі не выпадае:

Алесь Герасіменка

Алесь Герасіменка

«У нас ёсьць прадаўцы, ёсьць манапалісты — якую цану захочуць, такую і паставяць. І куды падзенуцца людзі? Будуць купляць. Увогуле, атрымліваецца пэўны парадокс: тэарэтычна мы ня можам сказаць, што ў нас дзяржава — манапаліст, бо ёсьць і прыватныя запраўкі. Але рынак гэты ўсё роўна зарэгуляваны, у нас няма свабоднага цэнаўтварэньня. Калі б яно было свабоднае, калі б, зноў жа, былі свабоднымі пастаўкі нафтапрадуктаў, на нашы АЗС „палілося“ б паліва з той жа Расеі, дзе яно на 30–40% таньнейшае. Расейцам выгадна было прадаваць яго нам. І з Эўропы, і ад іншых вытворцаў сюды пайшла б гэтая прадукцыя. Але, паўтаруся, рынак наш зарэгуляваны, заманапалізаваны, таму тут і ня дзейнічаюць рынкавыя законы. Значыць, кошт не фармуецца ў адпаведнасьці з умовамі канкурэнцыі. Іншымі словамі, маем сваю спэцыфіку, пры якой цэны на гэты від прадукцыі цалкам рэгулююцца дзяржавай».

Прадказваюць экспэрты і «паўзучы рост» цэнаў на прадукты харчаваньня — у такой ступені, каб новыя цэньнікі асабліва ня мулялі вока пакупнікам. Ва ўмовах зьніжэньня заробкаў кожнае, нават нязначнае падвышэньне спараджае ў электарату нэрвовую рэакцыю. Тым ня меней, лічаць аналітыкі, імпартаваныя тавары з-за дэвальвацыі рубля будуць даражэць. Іначай давядзецца папросту адмовіцца ад замежнай прадукцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG