Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «бунту» кітайскія рабочыя зноў ня выйшлі на працу


Кітайцы ў Добрушы

Кітайцы ў Добрушы

6 ліпеня, пасьля бунту з прычыны нявыплаты заробку і пешага маршу з Добруша ў Гомель, кітайскія будаўнікі вярнуліся ў райцэнтар, каб працягваць будаваць на Добрускай папяровай фабрыцы вытворчасьць кардону. Але да працы прыступілі ня ўсе. У першай палове дня надзвычай багата кітайцаў былі на пляжы на Іпуці, іншыя гулялі па горадзе. Яны заходзілі ў крамы, куплялі ваду, спрайт, марозіва і, наколькі можна было зразумець, скардзіліся на адсутнасьць працы.

Блізу паўдня купка кітайцаў бавіла час на прыпынку грамадзкага транспарту побач з дырэкцыяй Добрускай папяровай фабрыкі «Герой працы», якая цяпер мае статус філіялу холдынгу «Беларускія шпалеры». На прапанову сфатаграфавацца некаторыя азіяцкія гастарбайтэры адразу пагаджаюцца, прымаюць адпаведную паставу. Іншыя ж адварочваюцца.

Адзін з рабочых, наколькі ўдаецца зразумець, заяўляе: у Беларусі яны таму, што ў Кітаі няма працы: «Кітай работы нету — нету работы».

Пасьля «бунту» і 30-кілямэтровага «вялікага паходу» па заробак з Добруша ў напрамку Менску наймальнік — кітайская карпарацыя XY Group — нібыта разьлічыўся з будаўнікамі аж за тры месяцы, выплаціўшы ім па 9–10 тысяч юаняў. На беларускія грошы — гэта ад 22 да амаль 25 мільёнаў, альбо ў сярэднім 7,4–8,3 мільёна ў месяц.

Аднак афіцыйнай інфармацыі пра поўныя разьлікі ад кітайскага наймальніка няма. Некаторыя крыніцы паведамляюць, што разьлічыліся ня поўнасьцю. Гэта можа патлумачыць, чаму кітайцы гуляюць па горадзе.

Беларускі спэцыяліст Рыгор, наняты кітайскай фірмай на будоўлю кардоннай вытворчасьці, кажа, што з прыездам будаўнікоў з Паднябеснай Добруш прыкметна ажывіўся:

«Я сёньня праехаў па горадзе. Калі б не было кітайцаў, быў бы мёртвы горад. Яны хоць нейкі рух ствараюць у горадзе».

Зрэшты, рух у Добрушы сёньня стваралі ня толькі кітайцы, але й міліцэйскія аўтапатрулі. Разьяжджалі па горадзе на джыпе й гомельскія АМАПаўцы, спыняючыся на плошчы каля папяровай фабрыкі.

Добруская папяровая фабрыка «Герой працы»

Добруская папяровая фабрыка «Герой працы»

Беларускі будаўнік апавядае, што пасьля «бунту» кітайская карпарацыя адпраўляе на радзіму 700 рабочых, каб замяніць іх новымі. Так гэта ці не, з пэўнасьцю не вядома. Але пагалоска такая на будоўлі пайшла:

«Сямсот чалавек, сказалі, дадому адправяць — сямсот чалавек. Высяляюць і прывязуць іншых. Сямсот іншых прышлюць адразу — з-за гэтага маршу».

Бальшыня кітайцаў, за выключэньнем некаторых спэцыялістаў, жыве ў бараках на тэрыторыі новабудоўлі. Гэта акурат тая тэрыторыя за папяровай фабрыкай, дзе гадоў дзесяць таму меліся паставіць комплекс па вытворчасьці газэтнай паперы. Але пасьля вырашылі комплекс будаваць у Шклове, бліжэй да радзімы Аляксандра Лукашэнкі. Тым часам папяровая фабрыка ў Добрушы гібела. Цяпер тэрыторыя прыдалася пад кардонную вытворчасьць. Будуюць на крэдыт Дзяржаўнага банку разьвіцьця Кітаю. Працоўныя рукі — таксама з Кітаю.

Фабрыка па вырабе кардону, якую будуюць кітайцы

Фабрыка па вырабе кардону, якую будуюць кітайцы

Цікавімся ў мінакоў, ці не ствараюць кітайцы якіх праблемаў у іхнім невялічкім горадзе. Усё-ткі каля тысячы замежнікаў на 18-тысячны Добруш.

Гараджанка Валянціна расказвае:

«Яны ходзяць спакойна, накупляюць сабе ў крамах смачненькага — і пайшлі».

Беларускае марозіва ў сьпёку кітайцам даспадобы

Беларускае марозіва ў сьпёку кітайцам даспадобы

Дабрушанін у рабочым адзеньні, які не схацеў назваць сябе, апавёў, што нейкіх праблемаў у горадзе з-за кітайцаў пакуль не ўзьнікала. Хутчэй, гэта ім стварылі праблемы, калі яны ўчынілі марш пратэсту. Нават і сёньня яны бадзяюцца па горадзе:

«Ім, пэўна, ствараюць. Бачыце, нешта ж ня хочуць працаваць — бадзяюцца абы-дзе. Я бачу, што і цяпер яны не працуюць. Гляньце, вунь краны стаяць, не варушацца. Значыць, не працуюць. Іншая нацыя, іншае стаўленьне. Людзі па-іншаму думаюць. Па-іншаму ўсё ўладкавана ў іхняй краіне. У нашай — па-свойму».

Гараджанін крыху шкадуе, што кардонны камбінат будуюць не беларусы:

«Як на мяне, то было б лацьвей, каб нашы працавалі. Гэта ж столькі працоўных месцаў — 900 чалавек! Гэта ж 900 чалавек працавалі б з нашага Добруша».

Пашпарт будоўлі

Пашпарт будоўлі

На заробкі, якія плацяць кітайцам, дабрушане толькі дзівяцца. Уладзімер, рабочы парцалянавага заводу, выказаўся гэтак:

«Казачны заробак — пра такі я толькі мару. Але ў нас на заводзе такога няма. Праблема ў тым, што мадэрнізавалі вытворчасьць, цяпер сплачваюць крэдыты, а людзям на падвышэньне заробкаў грошай бракуе. Выходзіць дзесьці 3 мільёны. У нас заробак даюць пры канцы месяца, а ў людзей у саміх крэдыты, і яны ня могуць своечасова разьлічвацца па крэдытах».

На пытаньне, а ці выйшлі б рабочыя на марш пратэсту — гэтак, як кітайцы — калі б зь імі не разьлічваліся тры месяцы, Уладзімер толькі паціскае плячыма.

Ягоны калега па парцалянавым заводзе аж фыркае ад сьмеху: «Не, наўрад ці. Я да гэтага працаваў у калгасе, дык мне й даўжэй не плацілі. Лічы, працаваў бясплатна. Куды ж падзецца людзям? Грошай наагул ня бачыў, толькі прадукты браў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG