Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчукі пра «бунт» у Добрушы: Кітайцы — ня нашы рабочыя, маўчаць ня будуць


Кітайцы ідуць на Менск
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:37 0:00

Кітайцы ідуць на Менск

Прадстаўнікі дыпляматычнай місіі Кітаю ў Беларусі, якія прыехалі ў Гомель, знайшлі паразуменьне са сваімі суграмадзянамі, удзельнікамі пешага маршу пратэсту з Добрушу ў Менск. На рагу вуліц Барыкіна і Чарнаморскай апошнія пратэстоўцы ўрэшце селі ў аўтобусы, каб вярнуцца на працу ў Добруш. Іх суправаджалі супрацоўнікі ДАІ, АМАПу.

Падчас перамоваў, якія адбыліся ў сквэры імя Т. Шаўчэнкі, многія кітайцы здолелі запасьціся ў навакольных крамах вадой, кока-колай і некаторым харчам. Ішлі з пакункамі і на вітаньне падымалі ўгару сьціснуты кулак.

На якіх умовах удалося ўгаварыць кітайскіх рабочых, дакладна невядома. Маладая кітаянка, відаць, перакладніца, якая суправаджала суайчыньнікаў, адмовілася нешта камэнтаваць, а рабочыя размаўлялі толькі па-кітайску.

«Мані, мані» — і разводзілі рукамі. Невядома таксама, ці абсалютна ўсе кітайцы, што выправіліся ў паход у сваю амбасаду ў Менску, селі ў аўтобусы — у трыццацікілямэтровым маршы ад Добрушу да вуліцы Барыкіна ў абласным цэнтры бралі ўдзел каля двухсот замежнікаў.

У Добрушы урад Беларусі распачаў тэхнічнае пераабсталяваньне філіялу «Добруская папяровая фабрыка «Герой працы» ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры» з узьвядзеньнем вытворчасьці мелаванага й звычайнага кардону.

Агульныя выдаткі на рэалізацыю праекту складуць 509,9 мільёна даляраў. Крэдыт на 348 мільёнаў дае Дзяржаўны банк разьвіцьця Кітаю на 13-гадовы тэрмін, а праект мае акупіцца за дзевяць з паловай гадоў — такія лічбы падавала ў свой час прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Будуюць новую вытворчасць кітайцы — іх крэдыт, іх рабочыя рукі. Усіх кітайцаў у Добрушы — каля 900. Увесну 2016 год яны мусяць закончыць будоўлю.

Бунт на новабудоўлі ўзьнік 2 ліпеня на тле працяглых затрымак заробку, і ўранку яны і выправіліся пешшу ў паход, каб дайсьці да Менску і асабіста сустрэцца з амбасадарам Кітаю.

Паводле кіраўнікоў папяровай фабрыкі «Герой працы», з прычыны затрымак заробку і распачаўся канфлікт паміж кітайскімі рабочымі і наймальнікам — XY Group. Са свайго боку, фабрыка з крэдытных рэсурсаў нібыта своечасова разьлічваецца з карпарацыяй паводле актаў зробленай працы.

У Гомель кітайцы прыйшлі каля 13 гадзіны. Яшчэ каля дзьвюх гадзінаў ім спатрэбілася, каб дайсьці да сквэру імя Т. Шаўчэнкі, дзе ў іх і адбылася гутарка з прадстаўнікамі амбасады і наймальнікам.

Некаторыя гамельчукі, бачачы арганізаваны паход, выказвалі меркаваньне, ці не на вайну кіруюцца кітайцы. Рабіліся й нечаканыя высновы: «Кітайцы — ня нашы рабочыя, маўчаць ня будуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG